Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сапраўднае вясельле ў Докшыцкім раёне колісь доўжылася 5 дзён


Колькі дзён павінна цягнуцца сапраўднае беларускае вясельле? Колькі за дзень можна зарабіць у былым калгасе? І навошта саветы забралі ў вёскі Яблонцы імя? Пра гэта ў чарговым «Падарожжы Свабоды» са Зьмітром Бартосікам. Мы едзем у Докшыцкі раён. У вёску Гарадзішча.

Калі я ў старой вясковай напаленай хаце чую ад гаспадыні старадаўнюю абрадавую песьню, душу агортвае такое пачуцьцё, якое ня ў кожным храме адчуеш. Бо гэтая песьня гучыць не са сцэны, яна ня вывучаная з фальклёрных зборнікаў, яна перададзеная праз многія пакаленьні да апошняй сьпявачкі, якая яе ведае. Песьня гучыць, нібы рэха з часоў Вялікага Княства. Вясельная, але невясёлая песьня пра тое, як нябожчыца-маці просіць у Бога пусьціць яе паглядзець на вясельле дачкі-сіраты. Песьню мне пяе Юзэфа Матошка ў вёсцы Гарадзішча, што ў Докшыцкім раёне. Юзэфа, паводле яе, апошняя, каму ладзілі вясельле па-сапраўднаму.

— А вясельлі ж якія былі! Пяць дзён! Субота, нядзеля, панядзелак, аўторак і серада. Пілі, елі. Нічога ня трэба было рабіць. А песьні якія сьпяваліся! У суботу садзіліся дзяўчаты і хлопцы за стол да маладой, да нявесты. І сьпявалі песьні. Называўся гэты вечар «істужкі». А ў хлопца свая радня дома ў гэты дзень. На стол ставілі трохі закускі, трошкі сыру, трошкі сухарыкаў нейкіх, трэба было ўсё зьесьці — каб дзяўчаты ўсе вышлі замуж. Стол павінен застацца пусты, каб дзеўкі ўсе замуж павыходзілі. Дзяўчаты за сталом сядзяць, а жаніх прывозіць бутэльку самагонкі. Трэба паклікаць нявесту, каб яна падышла да стала. І пяюць.

Ой, падыдзі, млода Манечка, да столу.
Падай жа нам ты, дзевачкам, ганору.
І выпі ж ты хоць чарачку гарэлкі.
Аддай сваю дзявошчыну на дзеўкі.

І толькі гэтай літроўкай дзяліліся. А як ужо багаты мужык быў, дык два літры прывязець.

За акном ідзе іншае жыцьцё. І сёньняшнім гарадзішчанцам, тым, хто ў самым росквіце сіл, не да старых песень. Вось каля крамы два гаспадары сярэдняга веку гутараць пра самае важнае. Пра адсутнасьць працы. Адзін ахвотна пагадзіўся пагутарыць.

— Бяда. Няма дзе працаваць. На фэрме два падвозчыкі і чатыры даяркі. Малака даюць, можа, бітон на дзень. І гэта ўсё, дзе можна працаваць. Я на фэрме рабіў месяц, за мной наступны ідзець. Гэтак і мяргуем.

— Зь якім пачуцьцём вы сустрэлі вестку пра 500 даляраў сярэдняга заробку?

— Гэта сьмешна. Мы ледзь на мінімалку сьцягваем. І тое не выпадаець. А вы гаворыце.

— Гэта ня я гавару.

— Можа, дзе ён сядзіць там, і палучаюць. А ў нашым саўгасе па жыцьці ніхто такіх грошай ня бачыў. Гэта насьмешка нейкая.

Нармальныя, працалюбныя людзі ў абсалютна ненармальных абставінах. Да пэнсіі яшчэ далёка. Але век такі, што ўжо немалады, за мяжу не паедзеш...

— Тут дзьве тысячы гектараў ворыва. Ніхто нават і плуга не заклаў. Толькі што каровы пасьвяцца летам. І ўсё.

А вось яшчэ адзін беспрацоўны — саракапяцігадовы Іван. Калі я слухаю разважаньні нашых беспрацоўных вяскоўцаў, у мяне такое адчуваньне, што бяры любога, садзі ў Міністэрства сельскай гаспадаркі, і горш дакладна ня будзе. Іван лічыць, што ўзбуйненьне гаспадарак, калі слабыя саўгасы далучаюць да мацнейшага, — гэта не складаньне актываў, а складаньне даўгоў і праблем.

— Лепш бы зрабілі гаспадаркі меншыя, толькі было б больш. А тое, што яны злучаюць тых, якія ледзь дыхаюць, ад гэтага развалу яшчэ больш. Яны гэтым злучэньнем калгасы развальваюць. Толькі даўгі зьбіраюць, ад чаго калгас не падымецца. З гэтага толку ня будзець.

Сам Іван з той часткі Гарадзішча, якая да 60-х гадоў была асобнай вёскай і называлася Яблонцамі. Але савецкім уладам тая назва не спадабалася. Не адчулі камуністы яблычнага водару. Пачулася ім у гэтым слове нешта сваё, роднае, «некультурнае».

— Гэтая назва яшчэ жыве ў народзе?

— Яблонцы людзі яшчэ помняць. Калісьці Яблонцы на Гарадзішча ішлі, а Гарадзішча на Яблонцы. Махаліся кулакамі. Цяпер ужо ня тое.

— Пануе мір і спакой.

— Але ёсьць што ўспомніць.

Аднак вернемся ва ўтульную хату Юзэфы Матошкі.

— Ці былі пʼянкі на гэтых вясельлях?

— Не. Рэдкі выпадак быў, калі пабʼюцца. Рэдкі. Тады ня будзець у маладых жыцьця. Бядуюць тады цёткі, бабулі. «Ай-я-яй. Ня будзець жыцьця». Жартавалі, сьпявалі, весяліліся, танчылі.

— Жаніліся людзі па каханьні?

— У асноўным ішлі так. Вось сына трэба жаніць. Зямлі няма. А там за дзяўчынай кавалак зямлі дадуць. Было і па каханьні, але ў асноўным вось так было. Не ў маіх гадах. А вось як мама расказвала, старэйшыя жанчыны: прыяжджаюць у сваты, а жаніх нявесту ня знаець. Кавалак зямлі дадуць, карову дадуць, кабана. Ужо можна пачынаць жыць. Толькі ў сватах і пазнаёмяцца. Па каханьні было мала.

— А калі муж бʼе жонку?

— Было. І ты нікому не пажалісься. Прыйдзеш да бацькоў, а цябе ўпрочкі. Ты ж зганьбіш усю радзіну. А калі яшчэ сястра ёсьць незамужняя... «Ты прысягала? У касьцёле рукі табе зьвязаў ксёндз. Усё». Білі. Але ж ніякіх разводаў не было. Нельга! Грэх. Цярпелі.

Ніколі так не цягнула закурыць, як пасьля ўспамінаў Уладка Матошкі пра сапраўдную табаку. Бо тытунёвы дым калісьці быў неадʼемнай часткай жыцьця. Зрэшты, гэта быў не зусім той дым, што ідзе ад сёньняшніх цыгарэт. Бо курцы вырошчвалі і курылі сваю табаку. Па сваіх рэцэптах высушаную.

— На кожны дзень быў свой абрад. Як у той опэры адпяваліся! А цяпер усё за адну мінуту. А на конях як ехалі? Да кожнага каня шархуны. Дваццаць фурманак едзець. З Ваўкалаты выяжджаюць, а мы ў Гарадзішчы чуем. Цяпер добрае жыцьцё, але тады было нешта народнае, сваё. Усё перадавалася ад бабуляў.

Я зусім не зьдзіўлюся, калі за модай на вышыванкі прыйдзе мода на старыя абрады. І найвышэйшым шыкам стане зладзіць вясельле, як трыста гадоў таму. Але ўжо па каханьні.

XS
SM
MD
LG