Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз заўтра мае прыпыніць «беларускія санкцыі». Чацьвёра застануцца невыязнымі


29 кастрычніка Эўразьвяз мае прыняць рашэньне прыпыніць на чатыры месяцы санкцыі ў датычнасьці да беларускіх дзяржаўных службоўцаў, бізнэсоўцаў і кампаній, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода ў Брусэлі.

Рашэньне набудзе моц пасьля публікацыі ў афіцыйным выданьні Эўразьвязу, што мае адбыцца ў пятніцу ранкам.

Чакаецца, што санкцыі прыпыняць у адносінах да 171 з 175 чалавек і да ўсіх 14 кампаній з гэтак званага «чорнага сьпісу» Эўразьвязу.

Чатыры асобы, супраць якіх застануцца санкцыі, гэта тыя, каго Брусэль падазрае ў дачыненьні да зьнікненьняў былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, палітыка Віктара Ганчара, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага і журналіста Зьмітра Завадзкага.

Гаворка ідзе пра колішняга міністра ўнутраных справаў Беларусі Ўладзімера Навумава, колішняга кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Віктара Шэймана, былога камандзіра брыгады спэцыяльнага прызначэньня Зьмітра Паўлічэнку і былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Сівакова. Рашэньне пра забарону на ўезд гэтых асобаў у краіны Эўразьвязу было прынятае 24 верасьня 2004 году на падставе рэзалюцыі Парлямэнцкай асамблеі Радыі Эўропы па справаздачы кіпрскага дэпутата Хрыстаса Пургурыдэса аб палітычна матываваных зьнікненьнях людзей у Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG