Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Лябедзька: Суд пацьвердзіў, што санкцыі адмяняць рана


Анатоль Лябедзька камэнтуе прысуд судзьдзі Вікторыі Шабуні
Анатоль Лябедзька камэнтуе прысуд судзьдзі Вікторыі Шабуні

Цэнтральны раённы суд Менску аштрафаваў старшыню АГП Анатоля Лябедзьку на 9 мільёнаў рублёў за ўдзел у Шэсьці нацыянальнага сьцяга, якое прайшло ў Менску 10 кастрычніка. Судзіла палітыка судзьдзя Вікторыя Шабуня, якая знаходзіцца ў сьпісе неўязных у Эўразьвяз за ўдзел у перасьледзе палітычных актывістаў. Для Анатоля Лябедзькі за апошні месяц гэта быў трэці адміністрацыйны працэс.

Пасьля суду Анатоль Лябедзька гэтак пракамэнтаваў рашэньне судзьдзі Вікторыі Шабуні:

«На пачатку судовага працэсу я зрабіў прагноз, што будзе, і ён збыўся на 100%. Я казаў, што вэрдыкт ужо ёсьць, бо працэс палітычны, і ў адпаведнасьці з гэтым рашэньнем я, канечне ж, буду прызнаны вінаватым. Таму што маё прозьвішча не Лукашэнка, а Лябедзька. Яму парушаць заканадаўства можна, а ягоным апанэнтам нельга. То бок у адным выпадку Канстытуцыя дзейнічае, у другім — не. Тое, што рана вырашаць пытаньне аб „замарозцы“ сьпісу асобаў, у адносінах да якіх ужываюцца кропкавыя абмежаваньні, што гэта яшчэ не сасьпела, пацьвярджае сёньняшні судовы працэс. Спадарыня Шабуня, на мой погляд, проста сфальшавала гэтую справу. Усе апытаныя сьведкі пацьвердзілі толькі факт майго знаходжаньня на пляцы Свабоды, а пратакол складзены гэтак, што быццам сьведкі сьведчылі аб маёй арганізацыі шэсьця. Абсалютна розныя рэчы, і ўжо па гэтым можна было адправіць справу на дапрацоўку. Але я задаволены. Спадзяюся, што калісьці ўнук ці ўнучка спадарыні Шабуні паступіць на юрыдычны факультэт і іх адправяць на практыку ў суд Цэнтральнага раёну. Яны будуць працаваць у архівах і пабачаць, якая ў іх была бабуля, якой няма чым ганарыцца. Гэта я сёньня зрабіў. Архівы не гараць, ня тонуць, усё гэта яшчэ будзе вывучацца і будзе дадзеная прававая ацэнка і гэтак званым судзьдзям, якіх я называю палітычнымі кілерамі, і таму, што адбывалася ў Беларусі падчас Лукашэнкі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG