Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст не дамогся звальненьня кіраўніка магілёўскай друкарні за цэнзуру


Уладзімер Шанцаў
Уладзімер Шанцаў

Старшыня абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў не дамогся звальненьня кіраўніка магілёўскай друкарні. Паводле партыйца, кіраўнік гэтага прадпрыемства ўвёў цэнзуру на друк агітацыйных матэрыялаў апазыцыйных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Шанцаў настойваў: па віне друкарні ён і ягоны аднапартыец Сяргей Смалякоў змарнавалі шэсьць агітацыйных дзён перадвыбарчай кампаніі, бо адразу не памножылі ўлётак. Партыйны актывіст паскардзіўся старшыні аблвыканкаму Ўладзімеру Даманеўскаму, каб той звольніў кіраўніка друкарні.

«Кіраўнік друкарні стварыў у калектыве атмасфэру страху. Цэнзуры не павінна быць у друкарні», — казаў Уладзімер Шанцаў, дасылаючы скаргу ў аблвыканкам.

Нагодай для канфлікту партыйнага актывіста з друкарняй сталася заява супрацоўніцы, якая прымала замову ад яго на памнажэньне ўлётак, што гэтую паслугу выканаюць пасьля ўзгадненьня агітацыйнага тэксту з акруговай выбарчай камісіяй.

«Мы ня першы раз праходзім перадвыбарчую кампанію, таму ведаем, хто і што піша», — тлумачылі сваю пазыцыю супрацоўнікі прадпрыемства.

Такую пазыцыю партыйны актывіст расцаніў як цэнзуру.

У лісьце з аблвыканкаму не згадалі кіраўніка друкарні, але далі зразумець Шанцаву, што яго прэтэнзіі беспадстаўныя.

«Вы і Смалякоў пісьмова зьвярнуліся з заявай у друкарню, каб вам надрукавалі агітацыйныя ўлёткі... Па аплаце заяўкі іх выдрукавалі і перадалі вам і Смалякову. Такім чынам, умовы ў адпаведнасьці з дамоваю па аказаньні паслуг па друку агітацыйных улётак друкарняй былі выкананыя», — адпісаў Шанцаву намесьнік старшыні аблвыканкаму Валеры Малашка.

У лісьце партыйца паінфармавалі, што замова выконваецца на працягу пяці дзён ад моманту яе падачы.

«Такія адказы раней публікавалі ў сатырычных часопісах. Чыноўнікі зрабілі выгляд, што нічога не адбылося, — камэнтуе адказ з аблвыканкаму Ўладзімер Шанцаў.

«Гэта дужа цяжка камэнтаваць, бо такая адпіска з рубрыкі „Знарок не прыдумаеш!“, — дадае актывіст. — Адказ не па сутнасьці. Я ім пра адно, а яны мне пра другое. Маўляў выпіце валяр’янкі і супакойцеся».

Ва ўлётках, паводле Шанцава, самая крамольная фраза была — «Уладу трэба мяняць, як падгузьнікі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG