Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторык, якога не жадалі ў Менску


Фрагмэнт вокладкі кнігі ўспамінаў Мікалая Ўлашчыка
Фрагмэнт вокладкі кнігі ўспамінаў Мікалая Ўлашчыка

М. Улашчык, «Даць народу гісторыю. Успаміны, лісты», 560 старонак. Сэрыя «Беларуская мэмуарная бібліятэка», Мінск, «Лімарыус», 2016.

Мікалай Улашчык дбаў пра беларушчыну з Масквы. Ён надрукаваў летапісы часоў Вялікага княства Літоўскага. Гэта яго асноўны даробак. Калі ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце вырашылі ўшанаваць памяць аб першым рэктары «Пічэтаўскімі чытаньнямі», Улашчыка не запрасілі: такі ўдзельнік непатрэбны. 1984 год. Хаця ён асабіста ведаў і напісаў пра Пічэту ўспаміны.

Будучы гісторык вучыўся ў пачатковай школе ў Самахвалавічах пад Менскам. Я пайшоў у школу ў суседніх Мачулішчах. Самахвалавічы бацька мой успамінаў да сьмерці. Гэтая акалічнасьць зрабіла для мяне дадаткова цікавай Улашчыкаву кнігу «Даць народу гісторыю. Успаміны, лісты». Яна выйшла ў грунтоўнай «Беларускай мэмуарнай бібліятэцы».

Калі мы вучыліся ў Белдзяржунівэрсытэце ў першай палове 1980-х, мы ведалі, што ў Маскве жыве выдатны гісторык Улашчык, які выдае беларускія летапісы, але якога не друкуюць у Менску. За што не друкуюць? Занадта разумны, «абэцэдаршчыны» не пераносіць. І потым: з тых, хто пры Сталіне сядзеў «за нацыяналізм». Кіраўнік Акадэміі навук Барысевіч пагадзіўся на пераезд Улашчыка з Масквы, але дырэктар інстытуту гісторыі Ігнаценка браць яго адмовіўся. Улашчык памёр у Маскве.

У сваіх мэмуарах ён перадае сьвядомасьць вяскоўцаў, што жылі блізка Менску. Гісторыкі нават сёньня любяць паўтараць, што горад стаў беларускай сталіцай зусім выпадкова. Але чытаючы Ўлашчыка, лішні раз усьведамляеш іншае. Так, у часы ВКЛ Менск безумоўна прайграваў Вільні. Аднак у новы час ён ня толькі знаходзіўся пасярэдзіне беларускіх зямель, але таксама рабіўся даволі важным цэнтрам, стаяў на скрыжаваньні чыгуначных шляхоў з Бэрліна і Варшавы на Маскву, зь Вільні, з Прыбалтыкі на Кіеў. Калі некалі Напалеон наступаў на Маскву празь Вільню, то ў ХХ стагодзьдзі маршрут зьмяніўся: наступалі цераз Менск, усе шляхі вялі празь яго.

З 1914-га да 1920-га церазь Менск, цераз цэнтральную Беларусь некалькі разоў праходзілі хвалямі арміі. Наступаючы або пакідаючы тэрыторыю. Гэта адна з тэмаў, на якіх засяроджаны мэмуарыст.

Праз жыцьцё сям’і Улашчыкаў, роднай вёскі, гісторык імкнуўся адлюстраваць лад жыцьця беларусаў у першай палове ХХ стагодзьдзя.

Асноўны твор у кнізе — «Віцкаўшчына. Ад маленства да юнацтва». Праз жыцьцё сям’і Улашчыкаў, роднай вёскі, гісторык імкнуўся адлюстраваць лад жыцьця беларусаў у першай палове ХХ стагодзьдзя. Зафіксаваць: чым стала Першая сусьветная вайна. Бежанства. Прыход бальшавікоў, немцаў, палякаў. Якой была царская армія. Як стала нараджацца нацыянальная сьвядомасьць. Як ён сам пачаў рабіцца беларусам з непаўнацэннага рускага былой царскай імпэрыі.

Улашчык б’е ў званы: трэба занатаваць падзеі бежанства, гэта важны кавалак гісторыі беларусаў. Яшчэ пакуль жывыя сьведкі. Але ў Менску яго ня слухаюць. Глухім застаўся нават Максім Танк. Але ж як паехалі ў тую Расею, у выгнаньні толькі сталі ўсьведамляць сябе беларусамі!

Ніхто ня хоча друкаваць мэмуары пра вёску. Улашчык расказвае пра жыцьцё пры цары, у час сусьветнай вайны, у час вайны бальшавіцка-польскай. Расказвае аб тым, сьведкам чаго быў. Але для афіцыёзу БССР няма «галоўнага»: калгасных дзеяў цяперашняга часу. Больш, бадай, ня знойдзеш такога каштоўнага матэрыялу, які пакінуў Улашчык: мы ня ведаем такіх падрабязнасьцяў пра народнае жыцьцё ў іншых мясьцінах. Аднак гісторыю рэзка «абмежавалі». Цікавым цяпер было толькі іншае: крэпасьць-герой у Берасьці, партызанскі рух, апэрацыя «Багратыён», калгасы, пабудова камунізму, няхай і на паперы. Альбо рэвалюцыя, клясавая барацьба, раскулачваньне.

А гісторык тым часам стараецца захаваць памяць аб рэчах матэрыяльнай культуры. Піша ў лісьце ў Гудзевіцкі музэй, зьвяртаючыся да школьнікаў, пра пугі і бізуны. Чым адрозьніваліся і як іх выраблялі, уручную. Каб такі ліст трапіў у орган ЦК КПБ, цалкам маглі б зрабіць памфлет. Камунізм не за гарамі, а ён пра бізуны! Можна сказаць, гісторык Улашчык крочыў не ў нагу.

Бацька, Мікалай Фэліцыянавіч, быў заможным селянінам. Сям’я вялікая, усе працавалі, усе чыталі кнігі, дзеці вучыліся звычайна ў Менску, таксама ў гімназіі. Першым правілам у сям’і было працаваць цэлы дзень, піша гісторык. У гаспадарцы заўсёды было некалькі кароў і коней. За гэта бальшавікі назвалі бацьку кулаком і саслалі ў Котлас. Наогул суседзі ў Віцкаўшчыне жылі добра, жыцьцё навокал у вёсках таксама было заможным, Улашчык гаворыць на мове фактаў. А гэта разыходзілася з афіцыйнай пазыцыяй: насельніцтва было ў значнай ступені непісьменным, гібела, патрэбная была рэвалюцыя.

Калі пачалася Першая сусьветная вайна, найперш забаранілі прадаваць гарэлку.

Калі пачалася Першая сусьветная вайна, найперш забаранілі прадаваць гарэлку. Надта напіваліся навабранцы. Салдаты ехалі на фронт як на сьвята — зь песьнямі. Усе адразу зрабіліся «расейскімі патрыётамі», прагнулі перамогі над немцамі. Попыт на харчы павялічыўся, сяляне «пачалі налівацца грашыма». Амаль ва ўсіх паявіліся ашчадныя кніжкі. Але пабойваліся трымаць у банку, залатыя царскія чырвонцы абменьвалі на купюры і ў гаршчках хавалі ў хаце. Тады яшчэ папяровыя былі падмацаваныя золатам. Але неўзабаве сталі імкліва таньнець. Усё даражэла. Вайна!

Паявіліся бежанцы. Ішлі, ехалі па ўсіх дарогах. Калі спыняліся на начлег, поле зіхацела агнямі. Першымі пайшлі на ўсход жыхары Польшчы. І адкрыцьцё: аказалася, што мясцовыя, хто хадзіў у касьцёл, ніякія не палякі, палякаў сапраўдных не разумеюць і польскай не валодаюць.

Да Улашчыкаў прыбылі родзічы з-пад Наваградку. Сабраўшыся, хлопцы сталі выхваляцца, хто лепей умее па-руску.

Раней ня ведалі пра крадзяжы, плугі пакідалі ў полі, цяпер маёмасьць трэба было пільнаваць.

Прайшоў час патрыятычнай эўфарыі, руская армія не адступала, а уцякала перад немцамі. Скрозь па вёсках стаялі салдаты. Пад Менскам быў тыл, прыфрантавая паласа. Зброя амаль нічога не каштуе, паўсюдна пакіданая. У кожнай хаце стрэльбы і наганы.

Калі пазьней узімку прыйшлі немцы, у Віцкаўшчыне «гэта было сьвята мудрэй, чым Вялікдзень».

А потым лютаўская рэвалюцыя, «Свабоды! Свабоды!» Сталі вяртацца з вайны мужчыны. Калі пазьней узімку прыйшлі немцы, у Віцкаўшчыне «гэта было сьвята мудрэй, чым Вялікдзень». Якраз было чым адзначыць: у вёсках паявілася гарэлка, самі сталі гнаць.

Немцы прыехалі ў Менск цягніком, у вясковай мясцовасьці ішлі па ўсіх дарогах невялікімі групкамі. Бацька забраў сваіх школьнікаў і павёз з Менску дахаты. Насустрач ішлі два немцы ў сталёвых шлемах, моўчкі саступілі дарогу. Бацька даў ім «добры дзень», яны адказалі.

Заняўшы мясцовасьць, немцы перапісалі ўсю маёмасьць і абклалі падаткамі. Зьбіралі яйкі, сала, харчы, але «бяз гвалту, бяз кпін, не паказваючы, што яны вышэйшыя істоты». «Бяз глуму», удакладняе Ўлашчык і дадае — «чым выгодна адрозьніваліся ад палякаў, якія прыйшлі пазьней». Нямецкія салдаты былі пераважна пажылыя людзі, паказвалі гаспадарлівасьць і карысталіся пашанай. Дзе спыняўся нямецкі атрад, «там пракладаліся дарогі, водаправод, рабілася чыста». На малых рэчках сталі ставіць электрастанцыі, яблыкі-паданку зьбіраць і вырабляць павідла.

Калі немец зазірнуў да Ўлашчыкаў на Вялікдзень і ўбачыў смажанае парася, шынкі, каўбасы, паляндвіцу, пірагі і гэтак далей, ён толькі выгукнуў ад зьдзіўленьня па-польску: «І гэта чатыры гады вайны!» Немца шчодра пачаставалі.

Калі паявіліся бальшавікі, абклалі кантрыбуцыяй. Начальства бальшавіцкае піла самагонку «зьверскі» і вызначалася прадажнасьцю. Калі падмасьліць, вызваліць ад кантрыбуцыі. А бралі на вока, колькі заманецца. Пачаўся бандытызм. На рабунках трапіліся нават начальнік Самахвалавіцкай міліцыі з кіраўніком мясцовай улады.

Калі ў жніўні 1919-га бальшавікі кінуліся наўцёкі, уся вёска схапілася за коней і ў лес. Чацьвёрты раз за чатыры гады адступала то адна, то другая армія. Усе патрабавалі коней. Бальшавікі пачалі адкрыта рабаваць і па хатах.

Прыйшлі палякі, якім рады нават поп. Першыя дні нікога не чапаюць. А затым пачынаюць патрабаваць харчы: яйкі дзясяткамі, курэй, сала, масла. У хаце паяўляецца сваяк Іваноўскі з хутара Востраў, які мае мянушку Астравец. Ён вымае з кішэні беларускую газэту «Звон» з загадам нейкага генэрала, які забараніў войску паборы з насельніцтва і зачытвае палякам. Схапіўшы карабіны, яны кідаюцца вонкі. Дзядзька сьвяткуе перамогу: «Во як трэба з палякамі!» Але не бывае так, «каб армія акупантаў» не спаганяла з насельніцтва, піша Улашчык. Зьяўляецца падмацаваньне — польскія жандары.

Новая часовая ўлада стала ўчыняць публічнае пакараньне бізунамі.

Новая часовая ўлада стала ўчыняць публічнае пакараньне бізунамі: «Палякі нібы хочуць ададраць увесь беларускі народ». Ні бальшавікі, ні палякі не стараліся сабе стварыць прыхільнікаў. Але ў Віцкаўшчыне, забыўшыся на былую нянавісьць да бальшавікоў, пачынаюць ненавідзець палякаў, пісаў Улашчык. Яны зьневажаюць, ставяцца да насельніцтва як да ніжэйшага ад сябе. Каталікоў вельмі мала, але «польскі бог стаўся панам сярод іншых багоў». Гісторык дадае: «Уся польская палітыка ідзе к таму, каб выклікаць нянавісьць да сябе». Калі ўлетку 1920-га палякі адыходзілі, іх не любілі амаль усе. Апроч «кучкі багацейшых». І тое толькі таму, «што бальшавікі былі яшчэ горш».

Адступаюць чырвоныя, адступаюць палякі, людзі кідаюцца да лесу, хаваць перш коней. На цэлыя кілямэтры лес забіты коньмі і каровамі, іх некалькі тысяч. І свая ахова — са стрэльбамі. І так паўтаралася пастаянна. Але ўсё роўна коней рэквізавалі і самых лепшых найперш. Было шкада да сьлёз. Калі франтавая абстаноўка мянялася, з коньмі хаваліся ў лесе тыднямі. Наступіла восень, зрабілася холадна.

Палякі вярнуліся. У хаце паявіўся здаровы жаўнер, «ні з кім не вітаючыся, з выглядам гаспадара сеў у крэсла» і пачаў даводзіць, «што мы без палякаў загінем». Калі малы Міколка запярэчыў, той сказаў: «Маўчы, бо дам па мордзе»... Людзі прагнулі, каб не было ні бальшавікоў, ні палякаў, каб вярнулася жыцьцё, што было да вайны, пры цары.

Не, вы палякі, вы па-руску правільна ня ўмееце...

Калі зноў вярнуліся чырвонаармейцы, запыталі ў Віцкаўшчыне: вы хто? Мы рускія, адказалі ім. Не, вы палякі, вы па-руску правільна ня ўмееце... Улашчык зафіксаваў адвечную хваробу беларусаў: калі ехаў на вучобу ў Менск, маці загадала, каб добра навучыўся гаварыць па-руску. І ў Менску ўсе навыперадкі стараліся пазбыцца акцэнту, не ўжываць беларускіх слоў. Тое ж самае было потым у 1960-70-80-я. І нават кароткі час адраджэньня пры Шушкевічы не пахаваў рабскую звычку.

У першае адраджэньне, у 1920-х, Мікалай Улашчык стаў сьвядомым беларусам. За гэта й пацярпеў. Быў арыштаваны па сфабрыкаванай справе «Саюзу вызваленьня Беларусі» як нацыяналіст або «нацдэм». 1930 год. А ўсёй віны было ў «нацыяналістаў», што «хацелі быць беларусамі і ў Беларусі жыць па-беларуску». Беларусізацыя закончылася вогнішчам: «У 1938-м нацдэмаўскія кнігі кучамі звозілі, недзе за Сьвіслач, аблівалі газай і палілі. Помпай палівалі, ня вёдрамі — мэханізацыя!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG