Палякі хацелі праехаць праз тэрыторыю Смаленскай вобласьці. Яны спрабавалі перасекчы мяжу на двух аўтамабілях з дыпляматычнымі нумарамі. Расейскія памежнікі прычынай адмовы назвалі тое, што на мяжы Беларусі і Расеі няма памежных пастоў для пропуску грамадзян трэціх краін у Расею.
Прэсавы сакратар амбасады Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь Марцін Вайцяхоўскі пацьвердзіў Радыё Свабода, што расейскія памежнікі сапраўды не прапусьцілі польскіх дыпляматаў у Расею. Ён таксама параіў зьвярнуцца да прадстаўнікоў Памежнай службы ФСБ Расейскай Фэдэрацыі.
Прадстаўнік памежнага ўпраўленьня Смаленскай вобласьці Аляксандар Лазьненка сказаў, што, «паколькі тут няма пастоў памежнага кантролю для пропуску ў РФ грамадзянаў трэціх краін, дыпляматам было адмоўлена ва ўезьдзе і рэкамэндавана перасекчы мяжу ў суседніх рэгіёнах». Паводле ягоных слоў, на расейска-беларускай мяжы няма памежных пастоў, але пастаянна дзяжурыць памежны нарад.
Раней замежныя грамадзяне свабодна перасякалі расейска-беларускую мяжу, не праходзячы пашпартнага кантролю.
Замежнікі могуць перасекчы мяжу Беларусі і Расеі ў Бранскай вобласьці, а таксама праехаць праз памежны пункт «Бурачкі», што на мяжы Латвіі і Расеі.