Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салігорск: пачалі судзіць былога вылучэнца Лукашэнкі


Расчараваньне чакала журналістаў сталічных мэдыяў, якія сёньня плянавалі прысутнічаць на адкрыцьці ў Менскім абласным судзе гучнага працэсу над былым намесьнікам міністра лясной гаспадаркі Фёдарам Лісіцам. «Суд пачнецца, але ня тут, а ў Салігорску — з выязнога паседжаньня», — патлумачылі раніцай у судзе. Паводле зьвестак зь Менскага абласнога суду, па справе Фёдара Лісіцы праходзяць некалькі дзясяткаў сьведак — жыхароў Салігорскага раёну, таму суд палічыў за лепшае правесьці іх допыты ў Салігорску. Плянуецца, што гэтыя допыты скончацца цягам 3 тыдняў, і тады працэс адновіцца ў Менску. Старшынюе на працэсе судзьдзя Дзьмітры Язьвінскі.

Былы намесьнік міністра лясной гаспадаркі Фёдар Лісіца быў арыштаваны летась у красавіку паводле абвінавачаньня ў злоўжываньнях уладай альбо службовым становішчам. Экс-чыноўніку пагражае 8 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. У справе фігуруюць сама меней 3 эпізоды. Паводле сьледзтва, ён нібыта незаконна патраціў 300 мільёнаў рублёў дзяржаўных сродкаў на рамонт дзяржаўнага жытла, якое яму далі пасьля пераезду з Салігорскага раёну ў Менск. Таксама Фёдар Лісіца нібыта не заплаціў за пражываньне ў нумары-люкс ведамаснага гатэля. І яшчэ адзін эпізод тычыцца катэджа на зямельным участку ў Салігорскім раёне плошчай амаль гектар у водаахоўнай зоне. Гэтым участкам, як даводзяць сьледчыя, Фёдар Лісіца завалодаў незаконна, да таго ж прыватызаваў пабудаваны на ім за дзяржаўныя сродкі катэдж. Па гэтым эпізодзе былы намесьнік міністра нібыта нанёс шкоду навакольнай прыродзе на мільярд рублёў.

Гісторыя пра катэдж Фёдара Лісіцы ў Салігорску добра вядомая яшчэ і таму, што чыноўнік будаваў сабе дом у вёсцы Тычыны. Паводле грамадзкай актывісткі з Салігорску Ларысы Асановіч, гэтую вёску ў раёне называюць «салігорскімі Драздамі», бо там пабудаваўся шмат хто з чыноўнікаў і багатых людзей гораду:

«Гэтак можна кожнага другога чыноўніка пасадзіць з тых, хто там пабудаваўся. Адкуль у іх грошы на гэтыя велізарныя палацы? Усе ж разумеюць, што не за зарплату. Там актыўнае будаўніцтва катэджаў пачалося недзе з канца 90-х, а потым пайшло і пайшло. Яшчэ ў нас ёсьць такая „даліна жабракоў“ у самім Салігорску на ўскраіне, дзе таксама начальства набудавала катэджаў. Дык каналізацыю не правялі ў раён, дзе жывуць будаўнікі, а туды — адразу. І ў Тычынах таксама начальства набудавала сабе дамоў, там і дырэктарат, і чыноўнікі».

Вунь у Драздах міністры будуюць дамы коштам мільёны эўра — пры заробку паўтары тысячы даляраў на месяц

Жыхар Салігорску Ўладзімер Шыла мяркуе, што паводзіны Фёдара Лісіцы як чыноўніка ня надта адрозьніваліся ад таго, што робяць людзі пры ўладзе па ўсёй краіне.

«У нашай кіроўнай эліты ёсьць пэўныя стандарты, і тое, што рабіў Фёдар Лісіца, ён рабіў не таму, што яму гэтак захацелася, а таму, што гэтак прынята. Але там некага, відаць, „спальваюць“ паказальна, каб іншыя баяліся. Вось яму і не пашанцавала ў тым сэнсе, што „спаліць“ вырашылі менавіта яго. Вунь у Драздах міністры будуюць дамы коштам мільёны эўра — пры заробку паўтары тысячы даляраў на месяц. Недзе ж яны бяруць гэтыя грошы? Прычым робяць гэта адкрыта, усе ў адным месцы, будуюць як мага прыгажэй. І на малы заробак? Дык што, у іх ніхто дэклярацыі аб даходах не пытаецца? Відаць, так».

Пры гэтым Уладзімер Шыла згадаў: жыхары Салігорскага раёну кажуць пра Фёдара Лісіцу, што як гаспадарнік ён быў «энэргічны і пасьпяховы». Таксама людзі згадваюць, што на павышэньне ў Менск на пасаду намесьніка міністра Лісіца, які раней працаваў дырэктарам Старобінскага лясгасу, пайшоў пасьля візыту ў раён Аляксандра Лукашэнкі, якому Лісіца нібыта нечым спадабаўся.

XS
SM
MD
LG