Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Салідарнасьць» Аўтуховіча не зарэгістравалі, ён зьбіраецца правесьці новы зьезд


Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў рэгістрацыі Рэспубліканскаму грамадзкаму абʼяднаньню «Камітэт падтрымкі прадпрымальніцтва «Салідарнасьць».

Чыноўнікі спаслаліся на тое, што заснавальнікі падалі для рэгістрацыі несапраўдныя дакумэнты.

Паводле Мінʼюста, у заяве аб рэгістрацыі назва грамадзкага абʼяднаньня значылася як «Камітэт падтрымкі прадпрымальніцтва «Салідарнасьць», а ў пратаколе па выніках устаноўчага сходу — «Камітэт прадпрымальнікаў «Салідарнасьць». Гэта стала падставай для прызнаньня другога дакумэнту несапраўдным.

У міністэрстве знайшлі і іншыя зачэпкі: у сьпісе заснавальнікаў «Салідарнасьці» дата нараджэньня аднаго заснавальніка пададзена з памылкай, а месца працы іншага пазначана як «Таксі Карэта», хоць юрыдычная назва — «Таксі Карэта 163».

Лідэр «Салідарнасьці» Мікалай Аўтуховіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што 31 кастрычніка пройдзе чарговы ўстаноўчы зьезд абʼяднаньня.

«Юрысты, якія рыхтавалі нам дакумэнты, кажуць, што Мінʼюст павінен быў даць нам час на выпраўленьне памылак. Бо калі казаць пра памылку ў назьве фірмы, то калі б была яшчэ адна фірма з такой жа назвай „Таксі Карэта“, то не было б пытаньняў. А калі такіх фірмаў больш няма, яны маглі проста ўдакладніць — а чаму там не ўказана 163? То бок гэта такія памылкі, якія павінны былі выправіць да таго, як разглядалі пытаньне аб рэгістрацыі. Мы зноў і зноў будзем падаваць дакумэнты на рэгістрацыю. Мы выправім гэтыя памылкі і будзем чакаць рашэньня. Але калі нас не зарэгіструюць у Беларусі, мы зарэгіструемся за мяжой».

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка назваў адмову ў рэгістрацыі «Салідарнасьці» прамым парушэньнем права грамадзянаў на асацыяцыю. Ён адзначыў, што нязначныя недахопы ў вялікім абʼёме пададзеных дакумэнтаў ня могуць быць падставай для адмовы ў рэгістрацыі.

Дакумэнты на рэгістрацыю «Салідарнасьці» былі пададзеныя ў Міністэрства юстыцыі 5 верасьня.

XS
SM
MD
LG