Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыдумай* дызайн для майкі (цішоткі, футболкі, саколкі, тышыртсу) — а потым апрані! Галоўны прыз — iPhone 4S.

«Арт Сядзіба» і Радыё Свабода пры падтрымцы суполкі МКБ запускаюць кампанію «Свабода АРТ», накіраваную на папулярызацыю беларускай культуры і мастацтва.

У межах кампаніі стартуе першы творчы конкурс «Саколкі вольных беларусаў».

Хто хоча мець яскравую саколку зь цікавым і арыгінальным прынтом? А чаму б не паспрабаваць дызайн для яе распрацаваць самім! Каб пасьля з гонарам насіць рэч, пра якую можна будзе сказаць: гэта прыдумаў я!

«Саколкі вольных беларусаў» — гэта конкурс па стварэньні новых і арыгінальных прынтоў для саколак, торбаў ды любой іншай прадукцыі, якія адлюстроўваць пачуцьцё свабоды, вольную думку, адметнасьці беларускай культуры і мовы.

Працы на конкурс прымаюцца да канца ліпеня на скрыню artsiadziba@gmail.com. Пераможцы будуць вызначаныя ў жніўні народным галасаваньнем, па выніках якога будзе прынятае канчатковае рашэньне з удзелам беларускіх дызайнэраў.

Працы пераможцаў будуць надрукаваныя на саколках, якія атрымаюць усе ўдзельнікі конкурсу. Гатовая прадукцыя будзе выкарыстоўвацца ў якасьці падарункаў у шматлікіх конкурсах, якія і далей будзе праводзіць «Арт Сядзіба» і Радыё Свабода.

Умовы:
• прымаюцца новыя працы, якія раней нідзе не выкарыстоўваліся;
• кожны ўдзельнік можа даслаць як адну, так і сэрыю працаў;
• разам з дызайнам трэба абавязкова даслаць інфармацыю пра аўтара: імя і прозьвішча, e-mail, акаўнт у сацсетках, тэлефон і паштовы адрас (для адпраўкі саколак з прынтамі-пераможцамі).

Тэхнічныя патрабаваньні да прынтоў:
• усе працы дасылаюцца ў двух варыянтах: *.jpg і арыгінальным вэктарным альбо растравым фармаце;
• вэктарная графіка: прымаюцца файлы, зьвярстаныя ў фарматах Corel Draw (*.cdr), Adobe Illustrator (*.ai), альбо EPS
• растравая графіка: прымаюцца файлы зьвярстаныя ў фарматах (*.tif), Adobe Photoschop (*.psd);
• макет павінен быць выкананы ў маштабе 1:1 (памер вёрсткі адпавядае памеру для далейшага друку на саколцы).

Тэматыка прац:
• свабода і дэмакратыя;
• беларуская мова і культура;
• традыцыі

Найлепшыя 5 дызайнаў будуць надрукаваныя на майках і распаўсюджвацца бясплатна. Аўтар найлепшага малюнку атрымае iPhone 4S 16gb.

Апошні тэрмін прыёму малюнкаў — 31 ліпеня.

* Загружаючы ці дасылаючы малюнак, вы пацьвярджаеце сваё аўтарства і перадаяце арганізатарам права публікаваць і тыражаваць гэты малюнак у інтэрнэце, а таксама на друкаванай прадукцыі.

У якасьці прыкладаў прац прапануем падборку малюнкаў, якія пяць гадоў назад дасылаліся на конкурс «Цішоткі вольных беларусаў». Новы конкурс — гэта своеасаблівы працяг той ініцыятывы.

ВОСЬ ПРЫКЛАДЫ ПРАЦАЎ, ЯКІЯ МЫ ЧАКАЕМ НА КОНКУРС:

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG