Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакавіцкія тэзісы Андрэя Дзьмітрыева


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Даклад старшыні рады грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэя Дзьмітрыева на канфэрэнцыі Belarus Security Blog стаў спробай у канцэнтраваным выглядзе канцэптуалізаваць новыя падыходы апазыцыі да сёньняшняй беларускай рэчаіснасьці. Дакладчык выказаў цэлы шэраг тэзісаў, якія могуць стаць падставай для шырокай дыскусіі ў дэмакратычным палітычным і экспэртным асяродзьдзі.

Галоўная выснова Андрэя Дзьмітрыева палягае ў тым, што рэформы патрэбныя ня толькі ў дзяржаве, але і ў апазыцыі, бо выкарыстоўваньне старых мэтадаў не дае палітычных вынікаў. Бо і там, і там ёсьць рэфарматары і рэтраграды. Увогуле ў выступе палітыка ёсьць шмат цікавых ідэяў. Не бяруся даваць рэцэнзію, усе іх аналізаваць, а толькі хачу выказаць некалькі заўваг.

Ёсьць тэзы, зь якімі цяжка спрачацца. Што рэформы лепш, чым рэвалюцыя. Што апазыцыі трэба арыентавацца на падтрымку большасьці насельніцтва. Што пры правядзеньні вулічных акцыяў варта дзейнічаць паводле прынцыпу «лепей меней, ды лепей». (Гэта якраз цяпер вельмі актуальна, бо пачалася нездаровая канкурэнцыя за першынство ў арганізацыі пратэстных шэсьцяў). Што апазыцыі ў сваёй дзейнасьці трэба апэляваць да тэмаў, цікавых грамадзтву, а ня толькі да каштоўнасьцяў, якія важныя самой дэмакратычнай супольнасьці.

Але не сказаў бы, што тут ёсьць нешта прынцыпова новае. Пра гэта ўжо шмат сказана, напісана, і нават было нямала спробаў рэалізаваць усё гэта на практыцы. Увогуле, здаецца, за 20 гадоў змаганьня ў падпольлі апазыцыя перапрабавала ўсе магчымыя мэтады і тактыкі барацьбы. Праўда, без заўважных вынікаў.

Аднак ёсьць шэраг тэзісаў, зь якімі хацеў бы паспрачацца.

Андрэй Дзьмітрыеў сьцьвярджае, што «рэтраграды» ў апазыцыі «выключаюць дыялёг ці бачаць яго толькі ў фармаце размовы аб капітуляцыі з бокам, які прайграў». І робіць выснову: «Без выбудоўваньня дыялёгу, хай сабе часта і няроўнага, перамены ў Беларусі немагчымыя».

Я ня ведаю ў апазыцыйным асяродзьдзі палітыкаў ці структур, якія б былі супраць дыялёгу. Хіба што, можа, за выключэньнем КХП-БНФ. Што, улады прапаноўвалі рэальны дыялёг, а апазыцыя адмовілася? Я пра такое ня чуў.

Тут трэба адрозьніваць дыялёг ад яго імітацыі. Бо сустрэчы з старшынямі камісіяў Палаты прадстаўнікоў ці нават зь міністрамі — гэта не дыялёг, а проста азнаямляльная камунікацыя, якая, магчыма, дае піярныя дывідэнды, але ня больш за тое.

Дыялёгу ў Беларусі ня хоча ўлада, і ў гэтым галоўная праблема.

Вось на мініблогу на сайце «Беларускі партызан» Андрэй Дзьмітрыеў, палемізуючы з Аляксандрам Фядутам, піша:

«Навошта на 22-м годзе жыцьця аўтарытарнаму кіраўніку спатрэбіліся саюзьнікі ў сапраўднай або ўяўнай апазыцыі? Што гэта яму дасьць? Санкцыі і бяз гэтага зьнялі, два з трох прэтэндэнтаў у кандыдаты ад дэмакратычных сіл нават 100 тысяч подпісаў сабраць не змаглі. Рэйтынг апазыцыі нізкі. Навошта гэта трэба, якія выгады атрымае Лукашэнка, калі такіх саюзьнікаў знойдзе і створыць — якія меркаваньні, сябры і ворагі? Хіба што некаторым проста балюча прызнаць, што апазыцыя ўладам ні ў якім выглядзе не патрэбная. Бо менавіта ў гэтай уяўнай патрэбнасьці была іх каштоўнасьць, як мінімум у сваіх вачах».

Цалкам згодны з гэтым пасажам Андрэя. Сапраўды, навошта рэжыму апазыцыйныя саюзьнікі, дыялёг зь імі? Але гэта, у пэўным сэнсе, супярэчыць таму, пра што ён кажа ў сваім дакладзе.

Палітык слушна даводзіць: «Новая палітычная рэальнасьць такая. Грамадзтва патрабуе дамагацца выніку на любых узроўнях, каб дэманстраваць нашу здольнасьць і сэнс нас падтрымліваць. Грамадзтву патрэбная не ахвяра, а посьпех. Гэта ўзмацняе канцэпцыю «Грамадзянскай дамовы», якую мы прадставілі ў 2012 годзе, заснаваную на ідэі «малых перамог».

Усё правільна, крытэрый эфэктыўнасьці любой стратэгіі — практыка. Толькі хацелася б даведацца пра вынікі, посьпехі, няхай малыя, але перамогі кампаніі «Гавары праўду».

Так, 18–20% Тацьцяны Караткевіч на прэзыдэнцкіх выбарах — гэта посьпех. Але гэта стандартны ў Беларусі ўзровень падтрымкі апазыцыйнага кандыдата падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Яна адна прадстаўляла апазыцыю, таму і сабрала ўвесь пратэстны электарат, прычым пры даволі спрыяльным афіцыйным інфармацыйным фоне. А што далей? Не зьдзіўлюся, калі сакавіцкае апытаньне НІСЭПД пакажа, што рэйтынг Караткевіч падае. І гэта абсалютна заканамерна ў сытуацыі адсутнасьці публічнай палітыкі ў краіне.

Гэта агульная бяда. Бо падаецца, што ў стратэгіі паступовых перамен, перад неабходнасьцю якіх паўстала Беларусь, аўтар даклада перабольшвае ролю апазыцыі. Калі зьмены і пачнуцца, то пад узьдзеяньнем эканамічнага крызісу ці геапалітычных чыньнікаў. На жаль, апазыцыя — калі і суб’ект палітычнага ўплыву, то вельмі слабы.

На гэтым тле ўсе разважаньні пра неабходнасьць мяняць мэтады дзейнасьці апазыцыйных сіл уяўляюцца ня вельмі важнымі. Калі няма публічнай палітыкі і канкурэнцыі, то якая розьніца, чым там у сваім гета займаюцца апанэнты рэжыму?

Тым ня менш спроба фактычнага лідэра «Гавары праўду» шукаць новыя шляхі для ўмацаваньня пазыцыяў дэмакратычных сілаў вартая ўсялякай падтрымкі. Было б добра, каб гэты даклад стаў штуршком для шырокай грамадзкай дыскусіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG