Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці верне Лукашэнка гербу «Пагоня» і бел-чырвона-беламу сьцягу статус дзяржаўных сымбаляў


Тры пытаньні для трох аналітыкаў: Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч і Сяргей Навумчык


Навумчык: Апошнія месяцы мы робімся сьведкамі зьяў, якія год ці дзесяць гадоў таму былі немагчымыя. Начальнікі выбачаюцца за сваіх падначаленых, калі тыя адказваюць на звароты грамадзян па-расейску, а не па-беларуску. Міністар замежных спраў Макей праводзіць у сваім ведамстве Дзень роднай мовы і чытае верш Купалы — на мове арыгіналу, па-беларуску. Я сам стаў, у пэўнай ступені, фігурантам нечага падобнага: прэзэнтацыю маёй кнігі пра так званы рэфэрэндум 1995 году ўдалося правесьці ў вялікай залі менскага Палаца мастацтваў — яшчэ некалькі гадоў назад гэтага не дазволілі б хаця б з-за аднаго майго прозьвішча, хай бы нават я напісаў не пра неканстытуцыйную зьмену дзяржаўнай сымболікі, а пра тое, як вырошчваць яблыкі. Гэтыя выпадкі можна назваць адзінкавымі, але, паўтараю, нічога падобнага пяць гадоў таму не было. Ну, і нарэшце — міліцыя ня рве на пікетах і мітынгах бел-чырвона-белыя сьцягі. З апошняга — «Пагоня» на грудзях Давыдзькі і словы пра «Жыве Беларусь» у вуснах Паўла Якубовіча.

Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык

Можна па-рознаму тлумачыць прычыны такіх пераменаў. Ці — увогуле не лічыць іх за перамены, а бачыць гульню перад Эўропай, пераз Захадам. Хаця такое тлумачэньне бачыцца мне няпоўным — Захад ніколі не цікавілі нацыянальныя аспэкты, нацыянальная дыскрымінацыя беларусаў, яго цікавілі толькі агульныя пастуляты дэмакратыі і правоў чалавека. Я памятаю твары амэрыканскіх палітыкаў, калі ў 96-ым мы з Пазьняком казалі ім пра лёс беларускай мовы — каменныя твары і пустыя вочы.

Свой погляд на гэтыя зьявы выказаў днямі ў інтэрнэт-газэце «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч, завяршыўшы артыкул словамі, што апанэнтам рэжыму ня варта напрошвацца на кантакт, але, з другога боку, неразумна не выкарыстоўваць магчымасьці, калі такія зьяўляюцца. У пацьверджаньне слоў Старыкевіча магу прыгадаць часы «раньняга» Гарбачова, 85-годзьдзе якога днямі адзначылі. Дэмакратычныя перамены ў Беларусі, у тым ліку і ўтварэньне БНФ, былі якраз вынікам выкарыстаньня гэтых магчымасьцяў. Прычым, нагадаю, прыхільнікі дэмакратыі і Адраджэньня ня проста іх выкарыстоўвалі, але і пашыралі «зону свабоды» намаганьнямі на мяжы магчымага. І нават па-за межамі — уласна, мы выдзіралі свабоду ў таго ж Гарбачова, у пляны якога не ўваходзілі ні крах камуністычнай сыстэмы, ні распад СССР.

І вось цяпер — у сацыяльных сетках, у тым ліку, зьявіліся меркаваньні, што ўлады могуць зрабіць рашучы крок і вярнуць «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг у якасьці дзяржаўных сымбаляў. Прыводзяцца і аргумэнты, мушу прызнаць, даволі слушныя, наконт дывідэндаў, якія атрымаў бы Лукашэнка ў выніку такога кроку.

Зьявіліся меркаваньні, што ўлады могуць вярнуць «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг у якасьці дзяржаўных сымбаляў. Я вельмі скептычна стаўлюся да такога прагнозу.


Канешне, такі крок вельмі станоўча паўплываў бы на імідж Беларусі на міжнароднай арэне, пацьвердзіў бы ў вачах сусьветнай супольнасьці статус Беларусі як краіны з багатым гістарычным мінулым, зафіксаваў бы выбар дэмакратычнага шляху. Менавіта гэтак і было ў 1991 годзе.

Але сёньня — не 1991 год.

І я вельмі скептычна стаўлюся да такога прагнозу.

Бо, па-першае, Лукашэнку трэба будзе прызнаць, што рэфэрэндум 1995 году праходзіў з канстытуцыйнымі парушэньнямі, ня кажучы ўжо пра зьбіцьцё дэпутатаў Апазыцыі БНФ непасрэдна ў залі Вярхоўнага Савету. Гэта азначала б прызнаць і маральную, і палітычную правату таго ж самага БНФ, Зянона Пазьняка, усіх нацыянальных сілаў. Псыхалягічна Лукашэнка на гэта ня пойдзе. Часта кажуць, што Лукашэнка няздольны на кампрамісы. Гэта не зусім так — здольны. Ён здольны часам пайсьці на кампрамісы — але на неістотныя, і ўжо ні ў якім выпадку не на паразу. А тут будзе відавочная параза.

Па-другое, сама зьмена сымболікі была часткай пляну інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі. Гэта быў час, калі Лукашэнка хацеў замяніць у Крамлі хворага Ельцына. Сытуацыя зьмянілася, але прывязка Лукашэнкі — палітычная, эканамічная, вайсковая, якая заўгодна, нарэшце, мэнтальная да Расеі — засталася.

Па-трэцяе, прыхільнікі такога прагнозу кажуць, што вяртаньне сымбаляў адабрала б пэўныя козыры ў апазыцыі і дадало б Лукашэнку папулярнасьці ў моладзі. Але справа ў тым, што за 20 гадоў вырасла пакаленьне, для значнай часткі якога і «Пагоня», і бел-чырвона-белы сьцяг — у лепшым выпадку нішто, у горшым — сымбалі «апазыцыйных адмарозкаў». Тлумачыцца гэта проста — яны ня ведаюць гісторыі. Упэўнены, што калі б ім гэтую гісторыю распавялі, яны б даволі хутка зьмянілі сваё меркаваньне, але гэтага «калі б» мы ня маем. Але з гэтым аргумэнтам я ўсё ж вымушаны часткова пагадзіцца — у актыўнай, крэатыўнай частцы моладзі папулярнасьці ўладзе вяртаньне сымбаляў дадало б.

Толькі, падкрэсьліваю, я ня веру ў рэальнасьць такога кроку.

За 20 гадоў вырасла пакаленьне, для значнай часткі якога і «Пагоня», і бел-чырвона-белы сьцяг — у лепшым выпадку нішто, у горшым — сымбалі «апазыцыйных адмарозкаў».

Але можа ўзьнікнуць сытуацыя, калі мая ўпэўненасьць у тым, што цяперашняя ўлада ніколі ня пойдзе на вяртаньне нацыянальнай сымболікі ў якасьці дзяржаўнай, можа быць парушаная.

Але яшчэ некалькі слоў пра нацыянальную ідэнтычнасьць, на чым базуецца кожная нацыя. Чырвона-зялёны сьцяг і цяперашні герб ніякім чынам не адлюстроўваюць нацыянальную ідэнтычнасьць. Часам можна пачуць, што яны зрабіліся часткай «новай» беларускай ідэнтычнасьці, бо новае пакаленьне беларусаў — большасьць яго, ва ўсякім разе, — ня ведае ніякага іншага, што менавіта пад чырвона-зялёным сьцягам ходзяць заўзець на стадыёны за ўлюбёныя футбольныя каманды. Калі так, дык гэта штучная, абкрадзеная ідэнтычнасьць, якая не ўлічвае стагодзьдзяў нацыянальнай гісторыі. Няма каранёў, можна так сказаць.

Дык вось, гісторыя паказвае, што ў вызначальныя, найбольш крытычныя для дзяржаваў, для народа, для нацыі моманты — менавіта нейкія знакі, якія злучаюць людзей зь іх продкамі, менавіта сымбалі і адыгрываюць надзвычайную — магчыма, самую важную — мабілізацыйную ролю. Гэта цудоўна зразумеў Сталін, калі вярнуў у часе вайны рэлігію, постаці расейскіх гістарычных асобаў. Гэта цудоўна разумеюць прарасейскія сэпаратысты ва Ўкраіне — калі за ўкраінскі сьцяг расстрэльваюць. І адпаведна — жоўта-блакітны прапар натхняе ўкраінскіх вайскоўцаў. І гэта ніякая не мэтафара, бо пра гэта мы ведаем зь першых вуснаў.

І вось я задаю сабе пытаньне: калі ў Крамлі дадуць адмашку, то, мяркуючы па ўсім, генэралы зь Міністэрства абароны абараняць Беларусь ня будуць. У іх — дыплёмах расейскіх вайсковых акадэміяў, у іх — прарасейскія настроі, і яны пяройдуць на бок Масквы.

Абараняць Беларусь будуць здольныя беларускія патрыёты. Але я перакананы — што не з чырвона-зялёным сьцягам, а пад бел-чырвона-белым.

Я схільны думаць, што ня будзе абараняць Беларусь і Лукашэнка — яго вывезуць літэрным рэйсам у Маскву, будзе жыць на Рублёўцы, як Януковіч ці Акаеў. Ну а калі — будзе абараняць? Ды нават выведзем за дужкі цяперашняга кіраўніка дзяржавы. Пагодзімся, што абараняць Беларусь будуць здольныя беларускія патрыёты. Але я перакананы — што не з чырвона-зялёным сьцягам, а пад бел-чырвона-белым.

І ў мяне пытаньні да суразмоўцаў. Да вас, Валер: якія ўмовы, на ваш погляд, прымусяць кіраўніцтва Беларусі — хай і не цяперашняе а будучае — аднавіць гістарычную справядлівасьць і вярнуць «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг?

І да вас, Уладзімер: а вы верыце, што Лукашэнка здольны вярнуць нацыянальным сымбалям статус дзяржаўных?

Карбалевіч: У будучым, думаю, нацыянальныя сымбалі вернуцца, бо яны своеасаблівыя маркеры нацыянальнай ідэнтычнасьці, безь якой немагчыма фармаваць нацыю. Але я таксама ня веру, што гэта можа адбыцца пры цяперашнім рэжыме.

Справа ў тым, што ў беларускім нацыянальным адраджэньні Лукашэнка бачыць для сябе і сваёй улады большую пагрозу, чым у магчымай расейскай экспансіі. І калі ён, выступаючы перад калектывам пэдунівэрсытэту ў 2014 годзе, казаў: я ненавіджу нацыяналістаў, — то быў шчыры.

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Чаму? На дадатак да таго, што казаў Сяргей Навумчык, я прывяду іншыя аргумэнты.

Па-першае, ягоны традыцыйны электарат — гэта расейскамоўныя людзі, якія нігілістычна ставяцца да беларускасьці. І ў выпадку развароту да этнакультурных каштоўнасьцяў дзейны кіраўнік можа страціць свой стары электарат і не прыдбае новы. Той можа не паверыць у вобраз Лукашэнкі-нацыяналіста.

Па-другое, і гэта, бадай, самае галоўнае. Ініцыяваны дзяржавай працэс нацыянальнага абуджэньня стварае новую атмасфэру ў грамадзтве. Яму абавязкова спадарожнічае палітызацыя насельніцтва. І гэта пужае Лукашэнку. Бо дэпалітызацыя соцыюму — гэта адзін з важных фактараў панаваньня рэжыму. Нават выбары ўлады імкнуцца правесьці па-за палітычнай прасторай. Народу тлумачаць, што палітыка — не яго справа, бо палітык у краіне адзін. А нацыянальны пад’ём гэты канструкт разбурае.

Беларускае адраджэньне кансалідуе і мабілізуе грамадзтва. А Лукашэнку патрэбнае атамізаванае грамадзтва, якое зьвязваюць у соцыюм толькі адны дзяржаўныя інстытуты.

Беларускае адраджэньне кансалідуе і мабілізуе грамадзтва. Яно будуе грамадзянскую супольнасьць, стварае гарызантальныя сувязі, стымулюе салідарнасьць паміж людзьмі. Замест абывацеляў зьяўляюцца грамадзяне. А Лукашэнку патрэбнае атамізаванае грамадзтва, якое зьвязваюць у соцыюм толькі адны дзяржаўныя інстытуты. І яму ня трэба грамадзтва як самастойны суб’ект, які бярэ на сябе адказнасьць за лёс краіны. Бо невядома, у які бок рушыць гэтая кансалідаваная і мабілізаваная грамада.

Нарэшце, нацыянальны пад’ём стымулюе маральнае адраджэньне. Ён абуджае чалавечую годнасьць і гонар. Што супярэчыць існаваньню аўтарытарнага рэжыму. Бо дыктатура — гэта пэрманэнтнае прыніжэньне ўсіх, нават міністраў, прыбліжаных да кіраўніка. Не выпадкова кіеўскі Майдан называюць рэвалюцыяй годнасьці.

Ня думаю, што Лукашэнка гэткім чынам, такімі словамі фармулюе для сябе пералічаныя пагрозы. Але як палітык з надзвычай разьвітым адчуваньнем небясьпекі і інстынктам самазахаваньня ён на ўзроўні пачуцьцяў разгледзеў небясьпеку для сваёй улады.

Глод: Замена бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня» стала адным зь першых крокаў Лукашэнкі, калі ён прыйшоў да ўлады. І я падзяляю, Сяргей, вашу аргумэнтацыю, што, робячы гэта, ён глядзеў уперад. У той час ён, безумоўна, разьлічваў і шчыра верыў, што гэта магчыма — стаць прэзыдэнтам Беларусі і Расеі. У якой гэта было б форме (саюзная ці нейкая іншая дзяржава) — ня так важна. Гэтага ў Лукашэнкі не атрымалася.

Уладзімер Глод
Уладзімер Глод

Але цяпер, калі ў Крамлі асеў Пуцін, абсалютна ясна, што такое ўжо немагчыма. І Лукашэнка, падаецца, мог бы адвярнуць назад і вярнуць і «Пагоню», і нацыянальны гістарычны сьцяг.

Але, мне падаецца, Лукашэнка гэтага ня зробіць. Чаму? Па-першае, я ня памятаю прыкладу, калі б Лукашэнка дзесьці публічна прызнаў, што ён істотна памыліўся. Вярнуць — гэта азначае прызнаць сваю памылку ці тыя пляны другой паловы 90-х. Ні адно, ні другое для беларускага кіраўніка не падыходзіць.

І па-другое. Валер Карбалевіч цытаваў Лукашэнку. І я таксама яго працытую. 7 траўня 2013 году падчас размовы з маладымі навукоўцамі і прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі кіраўнік дзяржавы заявіў:

«Вы памятаеце, калі я стаў прэзыдэнтам, у мяне на аўтамабілі мацаваўся бел-чырвона-белы штандар, хоць я заўсёды быў прыхільнікам цяперашняй сымболікі. Народ яе вызначыў, таму для мяне гэтыя сымбалі — душа народа».

Тады ж Лукашэнка сказаў, што плошча Дзяржаўнага сьцяга ў Менску павінна стаць апошняй буйной кропкай у спрэчках аб незалежнасьці Беларусі.

Калі Крэмль моцна прыцісьне Лукашэнку, ён можа пайсьці на такі ж хітры ход. І аб’яднаць на нейкі час і сваіх прыхільнікаў, і тых, хто да яго ў апазыцыі.

Але я думаю, што існуе, так бы мовіць, сярэдні варыянт. І на яго мяне наштурхнула наведваньне новага офісу «Гавары праўду». Я туды зайшоў і ледзь не аслупянеў. Сядзіць Андрэй Дзьмітрыеў пад двума сьцягамі: бел-чырвона-белым і афіцыйным чырвона-зялёным. І я дапускаю, што калі Крэмль моцна прыцісьне Лукашэнку, ён можа пайсьці на такі ж хітры ход. І аб’яднаць на нейкі час і сваіх прыхільнікаў, і тых, хто да яго ў апазыцыі.

Навумчык: Такое сумяшчэньне падаецца мне штучным. І на завяршэньне гутаркі яшчэ раз нагадаю, што цяперашнія „дзяржаўныя“ сымбалі былі прынятыя з парушэньнем некалькіх артыкулаў Канстытуцыі і законаў, праз зьбіцьцё дэпутатаў парлямэнту непасрэдна ў залі пасяджэньняў парялямэнту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG