Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюзная дзяржава ператварылася ў дадатковую прывязку Беларусі да Расеі,— Казакевіч


Андрэй Казакевіч

Андрэй Казакевіч

На сёньня праект саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі цікавы кіраўніцтву дзьвюх краін у выглядзе дадатковай пляцоўкі для камунікацыі.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч.

— Два дзесяцігодзьдзі прамінулі з моманту падпісаньня дамовы аб стварэньні супольнасьці Беларусі і Расеі. Якія вынікі прынесла саюзнае будаўніцтва праз 20 гадоў?

— Я думаю, што асноўны вынік — гэта яшчэ мацнейшая функцыянальная прывязка Беларусі да Расеі, зьяўленьне дадатковага мэханізму ўплыву і кантролю. Акрамя таго, саюзная дзяржава — гэта сталая дадатковая пляцоўка для камунікацыі.

Гэта асноўны палітычны вынік. Вядома, гэты праект ствараўся крыху для іншага, але апошнія гадоў 15 існуе менавіта ў такім фармаце: у фармаце дадатковай пляцоўкі, дадатковага мэханізму ўплыву на Беларусь.

— Чаму не ўдалося рэалізаваць інтэграцыйныя пляны, якія абвяшчаліся першапачаткова?

— Калі мы кажам пра кантэкст другой паловы 90-х, то там гаворка ішла пра нейкую кампэнсацыю для Лукашэнкі за страту часткі сувэрэнітэту. Тады абмяркоўвалася шмат розных варыянтаў — і пазьменнае кіраваньне ў саюзнай дзяржаве беларускага і расейскага лідэраў, і прапанова нейкай уплывовай пасады ў Маскве для Лукашэнкі. Гэта ўсё не выходзіла за межы тэарэтычных праектаў, але людзі пра гэта думалі. Але калі было зьменена кіраўніцтва ў Маскве, калі зьявіўся Пуцін, то такая рэч, як сапраўднае абʼяднаньне, перастае быць актуальнай. Сувэрэнітэт і незалежнасьць становяцца асноўным палітычным рэсурсам Лукашэнкі. Таму гэтая ідэя саюзнай дзяржавы пачынае губляць нейкае палітычнае значэньне.

— Ці актуальны яшчэ сёньня праект саюзнай дзяржавы? Ці цікавы ён для Масквы і Менску?

— У тым фармаце, у якім гэты праект цяпер функцыянуе, ён цікавы менавіта як дадатковая пляцоўка і дадатковы мэханізм наладжваньня двухбаковых стасункаў. Гэта могуць выкарыстоўваць у сваіх мэтах і расейскія, і беларускія ўлады. То бок у такім абмежаваным сэгмэнце ён мае сэнс. Казаць пра нейкія больш сурʼёзныя пляны ці захады ў гэтай сфэры, асабліва цяпер, не выпадае.

— У якой ступені сёньняшнія беларуска-расейскія адносіны залежаць ад асобаў двух прэзыдэнтаў?

— У значнай ступені, як і ўва ўсіх аўтарытарных краінах. Безумоўна, пэрсанальныя дамоўленасьці паміж Пуціным і Лукашэнкам — вызначальныя для тых правілаў, паводле якіх адбываецца ўзаемадзеяньне дзьвюх дзяржаў.

— Палітыка Пуціна і Лукашэнкі працуе на ўмацаваньне двухбаковых адносін ці супраць гэтага?

— Пытаньне складанае. У кароткатэрміновай пэрспэктыве іх палітыка працуе на зафіксаваньне пэўнага ўзроўню стасункаў паміж дзьвюма краінамі. Беларусь, напэўна, адзіная краіна ў сьвеце, зь якой Расея мае настолькі шчыльныя стасункі. Але ў доўгатэрміновай і нават сярэднетэрміновай пэрспэктыве цяжка сказаць, які гэтая палітыка можа мець эфэкт у выпадку, калі ў краінах зьменіцца ўлада. У сувязі з тым, што шмат чаго завязана на асобы, на пэрсанальныя дамоўленасьці, усё гэта можа зьнікнуць. Беларуска-расейская інтэграцыя ў гэтым сэнсе прынцыпова адрозьніваецца ад эўрапейскай інтэграцыі. У эўрапейскай інтэграцыі ўсё пабудавана на інстытутах, а ў беларуска-расейскай — на асобах. Таму цяжка сказаць, што з таго, што ёсьць цяпер, застанецца пасьля зьмены ўлады ў адной ці другой краіне.

XS
SM
MD
LG