Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюз трох валютаў. Дэвальваваных

абноўлена

Чаму Ўладзімер Пуцін загаварыў пра валютны саюз Расеі зь Беларусьсю і Казахстанам, калі нацыянальныя валюты ўсіх трох дзяржаў значна аслаблі? Меркаваньні экспэртаў з трох краін.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін даў даручэньне Цэнтральнаму банку Расеі і расейскаму ўраду вызначыць мэтазгоднасьць і магчымасьць стварэньня валютнага саюзу ў рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу.

На нарадзе ў Маскве Пуцін даручыў расейскаму ўраду і цэнтрабанку да 1 верасьня «прапрацаваць пытаньні валютнай і фінансавай інтэграцыі зь дзяржавамі-сябрамі Эўразійскага эканамічнага саюзу. Акрамя Расеі, у Эўразійскі эканамічны саюз уваходзяць Беларусь, Казахстан і Армэнія.

Дамова аб Эўразійскім эканамічным саюзе была падпісана ў Астане 29 траўня 2014 году кіраўнікамі Расеі, Беларусі і Казахстану і ўступіла ў сілу з 1 студзеня 2015 году.

Нават «Луганда» хоча разьлікаў у далярах, — Гозман

Леанід Гозман
Леанід Гозман

Расейскі апазыцыйны палітык, прэзыдэнт Агульнарасейскага грамадзкага руху «Саюз правых сіл» Леанід Гозман не выключае, што Пуцін рэальна хацеў бы дабіцца стварэньня валютнага саюзу. Але экспэрт ня ўпэўнены, што яму гэта ўдасца.

«Палітычныя заявы пра інтэграцыю відавочна не адпавядаюць рэальным эканамічным дзеяньням. Рэальныя эканамічныя дзеяньні ў значнай ступені больш дэзынтэграцыйныя. Нават наш дзіўны сатэліт „Луганда“ (так званая „Луганская народная рэспубліка“) заяўляе, што яны будуць вялікія разьлікі праводзіць у далярах», — кажа ён.

«Відавочна, што і Лукашэнка, і Назарбаеў будуць рабіць ня толькі заявы, але і крокі па захаваньні незалежнасьці ад Расеі. Саюзы атрымліваюцца тады, калі ўсе ўдзельнікі лічаць гэты саюз выгадным для сябе і калі яны прывабныя адзін для аднаго. У дадзеным выпадку я баюся, што наша краіна хутчэй адпуджвае — у тым ліку і Беларусь і беларускую эліту, і Казахстан і казахскую эліту. Таму, з аднаго боку, гэта лягічны працэс: калі ўжо падпісалі дамовы аб Эўразійскім саюзе, то павінны быць нейкія інтэграцыйныя працэсы. Зь іншага боку, праціўнікам гэтых інтэграцыйных працэсаў становіцца сама рэальнасьць», — лічыць Гозман.

Пуцін баіцца, каб Беларусь і іншыя краіны ня выпалі з зоны ягонага ўплыву,— Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч

Экс-старшыня Нацыянальнага банку Беларусі прафэсар Станіслаў Багданкевіч пракамэнтаваў заяву Ўладзімера Пуціна пра магчымасьць стварэньня валютнага саюзу Эўразійскага эканамічнага саюзу:

«Гэтае пытаньне даўно ставіцца Пуціным у межах Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. А зараз ён ставіць гэтае пытаньне ўжо ў межах Эўразійскага эканамічнага саюзу, спрабуючы канчаткова аб’яднаць гэтае ўтварэньне адзінай валютай.

Маё меркаваньне заўсёды было такое, што трэба арыентавацца ўсё ж такі на разьвіты цывілізаваны сьвет. Таму прывязка эканомікі Беларусі і банкаўскай сыстэмы выключна да ўсходу — шкодная для Беларусі. Аднак, калі выбар арыентацыі на ўсход канчатковы, то стварэньне агульнай валюты, стварэньне валютнага саюзу ўяўляецца цалкам рэальным.

Калі выбар арыентацыі на ўсход канчатковы, то стварэньне стварэньне валютнага саюзу ўяўляецца цалкам рэальным

Іншае пытаньне: пераход на адзіную валюту быў бы зразумелы, калі б мадэль эканамічнага разьвіцьця, эканамічная палітыка ўсіх гэтых краінаў была цалкам інтэграваная. Пакуль гэтага няма. Таму стварэньне адзінай валюты — гэта вяршыня інтэграцыі.

Але, магчыма, Пуцін кажа на гэтым этапе пра іншы валютны саюз — пра стварэньне ўзгодненых валютных курсаў, валютнай і грашова-крэдытнай працэнтнай палітыкі пры наяўнасьці нацыянальных валют. Гэта таксама магчыма. Беларусь і Расея даўно ўжо па лініі цэнтральных банкаў маюць такое пагадненьне, такі саюз. Таму трэба ведаць дэталі — якую мэту Пуцін паставіў перад сабой. Альбо ціснуць, каб Беларусь і іншыя краіны ня выпалі з зоны ягонага ўплыву, і ён хоча неадкладна стварыць адзіную валюту. Альбо Пуцін хоча рухацца ў кірунку стварэньня валютнага саюзу пры наяўнасьці нацыянальных валют — фармальна. Жыцьцё пакажа».

Рубель слабее, інтэграцыя з Расеяй непрывабная, — Урноў

Марк Урноў
Марк Урноў

Прафэсар Вышэйшай школы эканомікі, палітоляг Марк Урноў заявіў Радыё Свабода, што стварэньне валютнага саюзу выглядае сёньня «абсалютна нерэальнай» справай. На яго думку, заява Пуціна — гэта хутчэй палітычная дэклярацыя, чым рэальны плян дзеяньняў.

«Я думаю, што ў цяперашні час гэта абсалютна нерэальна, таму што рубель слабее і незразумела, калі перастане слабець, і я ня думаю, што ўсе астатнія краіны, якія ўваходзяць у эканамічныя саюзы з Расеяй, былі б зацікаўленыя ў арыентацыі на слабеючую валюту», — кажа ён.

Урноў адзначае, што стварэньне валютнага саюзу — гэта вельмі няпростая задача.

«Гэта вельмі працяглы працэс, калі паглядзець, як фармаваўся Эўрапейскі Зьвяз з адзінай валютай, або калі паглядзець, якія патрабаваньня вылучае Міжнародны валютны фонд для вядучых валютаў, каб іх ваганьне адносна адна адной было ў вельмі вузкім калідоры. То бок для гэтага шмат чаго трэба. А ў Расеі цяпер валютныя запасы падаюць, з прытокам капіталу кепска, эканамічны крызіс моцны, і невядома, калі ён скончыцца. Вядома, што расейскаму кіраўніцтву гэтага (стварэньня валютнага саюзу. — РС) хацелася б, але ня думаю, што гэтая ідэя будзе прывабная для ўсіх астатніх краін», — лічыць экспэрт.

«Ня думаю, што гэта будзе заўтра альбо пры маім прэзыдэнцкім жыцьці»

Апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі пра адзіную валюту ў Эўразійскай эканамічнай прасторы.

4 лістапада 2011 году Аляксандар Лукашэнка падчас наведваньня палігону пад Горадняй, заявіў, што не гатовы да ўвядзеньня адзінай валюты ў Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП). Ён падкрэсьліў, што гэтае пытаньне яшчэ трэба абмеркаваць на ўзроўні экспэртаў:

«І потым, мы павінны быць перакананыя, што гэта не прывядзе да страты палітычнага сувэрэнітэту, што гэта не размажа, не размые нашу краіну. У гэтым ня толькі мы зацікаўленыя, але і нашы партнэры», — сказаў Лукашэнка.

2 кастрычніка 2013 году ў інтэрвію казаскаму інфармагенцтву «24 KZ» Аляксандар Лукашэнка заявіў што час уводзіць адзіную валюту ў Мытным саюзе Беларусі, Расеі і Казахстану і будучым Эўразійскім эканамічным саюзе яшчэ не прыйшоў:

«Мы яшчэ не адчулі жорсткую неабходнасьць гэтага».

Паводле ягоных слоў, падобныя ідэі спрабуюць «штучна прапіхваць» некаторыя палітыкі, «асабліва ў Расеі», але «сёньня на парадку дня гэта не стаіць».

Мы павінны быць перакананыя, што гэта не прывядзе да страты палітычнага сувэрэнітэту, што гэта не размажа, не размые нашу краіну

29 студзеня 2015 году на штогадовай прэсавай канфэрэнцыі Аляксандар Лукашэнка заявіў:

«Мы з калегамі па ЭАЭС толькі абмяркоўвалі пытаньне адзінай валюты, сёньня гэтае пытаньне на парадку дня не стаіць».

Ён таксама заўважыў, што ў якасьці адзінай валюты не абавязкова можа быць прыняты расейскі рубель.

«Але ня думаю, што гэта будзе заўтра альбо пры маім прэзыдэнцкім жыцьці».

Лукашэнка тады патлумачыў, што для ўвядзеньня адзінай валюты неабходна вырашыць цэлы комплекс эканамічных пытаньняў, у тым ліку і тыя, якія ў межах ЭАЭС былі адкладзеныя да 2025 году:

«Таму яшчэ вельмі ня хутка мы падыдзем да адзінай валюты», — падсумаваў Лукашэнка.

Доўгі і бясплённы шлях «адзінай валюты» Саюзнай дзяржавы

З пачатку кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі размовы пра ўвядзеньне адзінай беларуска-расійскай валюты пэрыядычна ўзьнікаюць.

Артыкул 13 падпісанай у 1999 годзе «Дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы» прадугледжваў увядзеньне адзінай грашовай адзінкі. 30 лістапада 2000 году ў Менску падпісалі Міждзяржаўную дамову паміж Беларусьсю і Расеяй аб увядзеньні адзінай грашовай адзінкі і фармаваньні адзінага эмісійнага цэнтра саюзнай дзяржавы. Паводле дамовы ролю адзінай грашовай адзінкі з 1 студзеня 2005 году павінен быў выконваць расійскі рубель, а з 1 студзеня 2008 году належала ўвесьці адзіную грашовую адзінку саюзнай дзяржавы. Вакол разьмяшчэньня эмісійнага цэнтру і кантролю над ім разгарэлася доўгая дыскусія — ці павінна гэта быць Масква, Менск або нейкі трэці горад.

У жніўні 2002 году Аляксандар Лукашэнка заявіў:

«Што тычыцца пераходу на год раней да адзінай валюты, то — калі ласка. Мы ніколі не пярэчылі супраць гэтага. Аднак пытаньне ня ў тэрмінах, пытаньне ў мэханізьме... Гэта пытаньне, якое ляжыць у плоскасьці сувэрэнітэту дзяржавы».

У нас будуць і свая валюта, і свая краіна з усімі атрыбутамі сувэрэнітэту і незалежнасьці

Калі, па словах Лукашэнкі, будуць «закладзены нераўнапраўныя падыходы, калі Нацыянальны банк Беларусі становіцца філіялам Цэнтрабанку Расеі і ў сувязі з гэтым мы губляем сувэрэнітэт, то, вядома, такі варыянт мы прыняць ня можам».

У ліпені 2006 году на паседжаньні Міжбанкаўскай валютнай рады Беларусі і Расеі старшыня Цэнтрабанку РФ пацьвердзіў гатоўнасьць Расеі да ўводу расейскага рубля ў грашовы зварот Беларусі. Аляксандар Лукашэнка яму публічна адказаў:

«У нас будуць і свая валюта, і свая краіна з усімі атрыбутамі сувэрэнітэту і незалежнасьці».

На прэс-канфэрэнцыі 12 красавіка 2007 году беларускі кіраўнік патлумачыў, хто тармозіць будаўніцтва саюзнай дзяржавы і ўвядзеньне адзінай валюты:

«Перад намі Расея паставіла непрымальныя пытаньні. Гэта значыць, што Расея проста ня хоча ісьці нармальным, цывілізаваным шляхам, а ставіць воз наперадзе каня... У Канстытуцыйным акце ўсё павінна быць вызначана: якая валюта будзе агульнай — расейскі рубель, даляр альбо эўра. Але замест таго каб падпісаць Канстытуцыйны акт, нам падкінулі праблему: пераходзьце на расейскі рубель», — абураўся Лукашэнка. «Страта ўласнай валюты — страта сувэрэнітэту», — паўтарыў ён.

Армянскі экспэрт: Гэта проста зьнішчыць апошнія пробліскі незалежнасьці Арменіі

Паводле ацэнкі экспэрта Армянскага цэнтру палітычных і міжнародных дасьледаваньняў Рубэна Мэграбяна, новая ініцыятыва Пуціна проста азначае, што Масква рэалізуе свой плян па стварэньні адзінай валюты ЕАЭС.

«Гэта яшчэ раз паказвае, што так званы Эўразійскі эканамічны саюз — гэта ўсяго толькі дымавая заслона, за якой Расея проста ўзяла курс на паглынаньне постсавецкіх дзяржаў і ліквідацыю іх дзяржаўнасьці» — сказаў Мэграбян у з гутарцы з Радыё Свабода.

Экспэрт кажа, што аб эканамічных выгодах гэтага саюзу нават гаварыць ня варта.

«Гэта проста зьнішчыць апошнія пробліскі незалежнасьці Арменіі, ня даўшы ўзамен нічога, таму што эканоміка Расеі сёньня спынілася, няма ніякіх тэндэнцый да таго, што сытуацыя палепшыцца, больш за тое, ёсьць мноства прычын, якія прымушаюць нас заключыць, што эканоміка Расеі проста ператворыцца ў хаос і нават у некантралюемы хаос. Такім чынам, знаходжаньне Арменіі на гэтым дзіравым караблі папросту ставіць пад пагрозу існаваньне Рэспублікі Арменія »- лічыць экспэрт.

«Гэта значыць, нас жэняць, не пытаючыся нашага меркаваньня. Фактычна, аб рашэньнях, якія будуць прынятыя ў дачыненьні да яе, Арменія даведваецца з прэсы», — сказаў Мэграбян.

Экспэрт з Казахстану: Расея паспрабуе вырашаць свае праблемы за кошт сваіх суседзяў

Магбат Спанаў, эканамічны экспэрт з Казахстану, лічыць, што нічога добрага ў гэтых працэсах ня бачыць:

— Наколькі гэта слушна — ставіць манэтарную палітыку паперадзе рынку, які яшчэ і не сфармаваўся?

— Я з Вамі згодны — ідзе забяганьне наперад, яны проста хочуць сябе засьцерагчы ад небясьпекі, перастрахавацца. Нейкія дадатковыя фінансавыя рэсурсы. Яны моцна паскараюцца. Бо ж пытаньне стаяла, што да 2015 году. А да гэтага, я лічу, Саюз мусіць папрацаваць, каб даць ацэнку тым эканамічным, палітычным, сацыяльным працэсам, якія будуць адбывацца ў Эўразійскім саюзе ў выніку інтэграцыі. Рана яшчэ. Яны проста паскараюцца, бо сытуацыя ў эканоміцы Расеі ня вельмі спрыяльная.

— І цяпер гэта трэба вырашаць за кошт Казахстану і Беларусі?

— У гэтым сьвеце заўсёды ўсё вырашаецца за кошт некага. Злучаныя Штаты і краіны Заходняй Эўропы вырашаюць свае праблемы за кошт усяго сьвету. А Расея зараз паспрабуе вырашаць гэтыя пытаньні за кошт сваіх суседзяў. Гэта закон мацнейшага. Няма чаму дзівіцца.

— Ці хопіць Расеі палітычнага рэсурсу, каб «праціснуць» гэтае пытаньне?

— Ну яны «толькі пачынаюць працу» над гэтым — будзе камісія, будуць рабочыя групы, яны будуць аналізаваць, пралічваць нейкія сцэнары, варыянты. Тут усё залежыць ад палітычнай волі нашых кіраўнікоў.

— Нічога добрага гэта Казахстану не нясе?

— На дадзеным этапе — не. Я прыхільнік пакрокавай інтэграцыі.

Ці ведаюць што пра ініцыяванае Ўладзімерам Пуціным стварэньне валютнага саюзу ва ўрадзе Беларусі і Нацбанку? У прэсавых службах ураду і Нацбанку гэтую інфармацыю карэспандэнту Свабоды пакуль не пракамэнтавалі. Прэсавы сакратар Нацбанку Аляксандар Цімашэнка адказаў коратка: «Без камэнтароў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG