Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сайт «Цмокаў» адмовіўся ад расейскай мовы


Belarus - Tsmoki-Minsk basketball team website, 2Nov2015

Belarus - Tsmoki-Minsk basketball team website, 2Nov2015

Пасьля абнаўленьня сайту баскетбольнага клюбу «Цмокі-Менск» на ім засталіся толькі дзьве моўныя вэрсіі: беларуская і ангельская.

Пра зьнікненьне расейскай вэрсіі з сайту «Цмокаў» Свабодзе распавёў прэс-аташэ клюбу Дзьмітры Герчыкаў.

«Не магу зразумець, адкуль наагул такая цікаўнасьць да гэтага зьявілася. Мы паступова працуем у рэчышчы беларускай мовы, калі ў нас адбыўся рэбрэндынг (у 2012 годзе БК „Менск-2006“ быў ператвораны ў „Цмокі-Менск“. — РС), мы казалі, што беларускамоўны брэнд — гэта тая мэта, якой мы маем дасягнуць. І, адпаведна, апошнія гады ўсё рабілі дзеля гэтага: у нас праграмкі на беларускай мове, камэнтары на сайце на беларускай мове, уся інфармацыя на беларускай мове.

Цяпер надышоў час абнавіць сайт. Мы пасядзелі, узважылі ўсе „за“ і „супраць“, паглядзелі, што ў нас і так уся інфармацыя ідзе на беларускай мове. Дык чаму б не зрабіць базавай беларускую мову? Паглядзелі рэглямэнт Адзінай лігі ВТБ, рэглямэнт FIBA, пабачылі, што гэта магчыма — і вырашылі зрабіць наступны крок у гэтым рэчышчы, гэтай традыцыі. Для нас гэта проста рабочы момант, які стаў чарговай прыступкай, адпаведнай нашай філязофіі.

Адмоўных водгукаў пакуль не пабачылі, толькі сёньня зранку паказалі карыстальнікам новы сайт. Месяц ад месяца, год ад году ў нас узрастае колькасьць наведнікаў і на сайце, і ў сацыяльных сетках. Калі будуць адмоўныя камэнтары ў тым сэнсе, што нешта тэхнічна недасканала зроблена, ёсьць нейкія памылкі, мы прыслухаемся і выправім. Гэта нармальны працэс, калі нехта будзе адчуваць нязвыкласьць, выказваць незадаволенасьць. Але цяпер у нас такая філязофія, цягам апошніх гадоў мы бачым, што людзі яе падтрымліваюць, армія прыхільнікаў „Цмокаў“ павялічваецца, таму спадзяюся, што ўсе добра паставяцца да гэтага».

Летась лідэрамі ў «рэйтынгу беларускамоўнасьці» спартовых клюбаў Беларусі былі менскі футбольны клюб «Тарпэда» (38 балаў з 50) і баскетбольны клюб «Цмокі-Менск» (32 балы). Відавочна, «Цмокі» маюць усе шанцы на высокія адзнакі і ў сёлетнім рэйтынгу, які мае зьявіцца пад Каляды.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG