Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пасьля завяршэньня кадэнцыяў адразу чатыры замежныя амбасадары вяртаюцца на радзіму.

Сёньня стала вядома, што Беларусь неўзабаве пакіне амбасадар Ізраіля Ёсіф Шагал. Партал newsru.co.il са спасылкай на прэсавую службу канцылярыі кіраўніка ўраду Ізраіля перадае, што «новы амбасадар у Беларусі будзе прызначаны ў найбліжэйшы час».

На гэтым тыдні амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка будзе разьвітвацца са сваімі беларускімі сябрамі і калегамі-дыпляматамі. Тэрмін ягонай працы ў Беларусі скончыўся, і таму кіраўнік дыпмісіі Польшчы зьяжджае на радзіму.

А вось амбасадар Латвіі ў Беларусі Міхаіл Папкоўс падобныя працэдуры правёў на мінулым тыдні. Ягоная кадэнцыя таксама скончылася.

Раней было афіцыйна абвешчана пра замену кіраўніцы прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі, дыплямата з Латвіі — Майры Моры.

А напрыканцы чэрвеня Беларусь пасьля трох гадоў працы пакінуў амбасадар Нямеччыны Вольфрам Маас.

Хто цяпер будзе прадстаўляць інтарэсы Ізраіля, Польшчы, Латвіі і Нямеччыны ў Беларусі, пакуль невядома.

А вось на месцы Майры Моры, якая правяла ў Беларусі чатыры гады, будзе таксама жанчына — нямецкі дыплямат Андрэа Віктарын. Беларускі бок ужо даў згоду на яе прыезд. Новая кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу вядомая ў Менску, на пачатку 2000-х гадоў яна ўжо працавала тут дарадцам амбасады.

На дыпляматычную службу ў МЗС Андрэа Віктарын паступіла ў 1989 годзе. Працавала ў амбасадах Нямеччыны ў Эстоніі, Нідэрляндах, Беларусі, у апараце МЗС. Была амбасадарам у Армэніі. З 2012 году працуе амбасадарам у Латвіі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG