Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шахматыст Юры Радзькоў зьбіраецца стаць прэзыдэнтам


Пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі заявіў 39-гадовы дырэктар кампаніі «Цар-мёд» Юры Радзькоў.

Пра сябе Юры Радзькоў распавёў карэспандэнту Свабоды:

«Мне 39 гадоў, гэта любімая лічба Беларусі. У 39 гадоў Аляксандар Лукашэнка балятаваўся ў прэзыдэнты і выйграў. Ён ішоў ад простых грамадзянаў і мог ад самага пачатку гаварыць зь імі напрамую. Я проста не магу бачыць тое, што бачу апошнімі гадамі. Я бачу, што і грамадзтва больш не жадае гэтага бачыць. Бо сёньня мы давялі да галечы наша грамадзтва. Мы пабіраемся зьлева і справа, зноў просім крэдыты. Мы зноў не справіліся з эканамічнымі праблемамі, якія ўзьніклі ў нашай краіне».

Юры Радзькоў сказаў, што ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт фізычнай культуры, па спэцыялізацыі шахматы.

«Вялікі вопыт працы з дзяржструктурамі я атрымаў, калі быў памочнікам дэпутата Сяргея Касьцяна. Мяне ўразіла, што цягам пяці гадоў Сяргей Касьцян спрабуе зарэгістраваць беларускі славянскі камітэт у Мінюсьце. І пяць гадоў яго адфутбольваюць. Як і іншых. Хаця БХД праўляе характар, калі штогод спрабуе дамагчыся гэтага выніку. А ў асобе Сяргея Касьцяна я такога характара ня бачу. І таму пяць гадоў таму мы зь ім разьвіталіся, хаця захавалі добрыя стасункі.

Цяпер я не ўваходжу ні ў якую партыю і іду ад народа. І падчас гэтага працэсу я гатовы фармаваць палітычны рух. Бо сыстэму трэба мяняць сыстэмай. Трэба мяняць твары, у тым ліку і тыя, хто піша законы. Калі вы сёньня выбіраеце прэзыдэнта, то выбіраеце ўвесь склад ураду. Мы бачым, што сёньня адна і тая ж каманда мяняцца толькі кабінэтамі. Хлопцы засядзеліся на сваіх арэлях. Хопіць ужо. Хопіць ужо нас вадзіць за нос».

Юры Радзькоў сказаў, што зьяўляецца аўтарам культурна-аздараўленчага праекту «Сьвет мёду і здароўя».

«Мы прайшлі па ўсіх гарадах Беларусі. Гэта была грамадзянская ініцыятыва звычайных людзей — пчаляроў, артыстаў, спартоўцаў. Мэта была стварыць грамадзкі рух дзеля праекту „Здаровая Беларусь“. Але здаровая Беларусь ня можа быць сфармавана толькі на любові да мёду, спорту ці культурных падзей. Яна павінна таксама фармавацца ў выканаўчых, судовых і іншых інстытутах улады. Я пачаў праект „За здаровую Беларусь“, гэта ініцыятыва сыходзіла ад простых грамадзянаў. Занадта многа ў нас п’юць і не да чаркі са скваркай трэба прыцягваць увагу людзей, а да нечага іншага. Няхай да мёду».

Таксама Юры Радзькоў сказаў, што прыпыніў працу ў камапніі «Цар-мёд», калі прыняў рашэньне вылучыцца кандыдатам у прэзыдэнты.

«Прыйшоў час, я ня мог гэта рабіць па канстытуцыі пяць гадоў таму. Я маю права праявіць сваю грамадзянскую пазыцыю гэтым разам. І я яе праяўляю».

Чаму Юры Радзькоў вырашыў балятавацца кандыдатам ў прэыздэнты?

Спадарыня Ярмошына сказала, што чакаюць „бацьку“ нацыі. Я займаўся кампаніяй „Цар-мёд“, ну, няхай гэта „цар“ будзе

«Спадарыня Ярмошына сказала, што чакаюць „бацьку“ нацыі. Я займаўся кампаніяй „Цар-мёд“, ну, няхай гэта „цар“ будзе. Можа так неабходна будзе вырашаць пытаньні. Бо сустракаючыся з Міхаілам Саакашвілі некалькі гадоў таму, мяне проста радавала, што да кіраўніка краіны можна прыйсьці, выказаць свае прэтэнзіі, праблемы. І такі падыход ім цяпер разьвіаецца ў Адэсе. Мы бачым, як грамадзяне вітаюць такія зносіны чыноўнікаў. 8 ліпеня я прыйшоў у ЦВК пасьля заявы Ярмошынай, што конкурсу на прэзыдэнта не назіраецца, ініцыятыўныя групы яшчэ не праявілі цікавасьць. То калі такая праблема існуе, калі ласка, дазвольце папрасіцца ў кабінэт. Я бяру на сябе такую ініцыятыву».

Юры Радзькоў апавёў, што таксама як і Тацяна Караткевіч падаў заяўку на правядзеньне пікету па фармаваньні ініцыятыўнай групы. Але яму сказалі ў Менгарвыканкаме, што яму будзе такі ж адказ, як і Караткевіч.

«Я патрабую, каб мне далі магчымасьць мець зносіны зь людзьмі ў рэальным рэжыме часу, а не ў інтэрнэце. Я гатовы каля ЦВК, каля помніка Леніну паставіць свой столік, і я ўпэўнены, што людзі прыйдуць, і мы знойдзем гэтыя сто чалавек. А Ярмошына парэкамэндавала, каб мне тэлефанавалі. Мяне гэта абурыла, я маю намер правесьці прэс-канфэрэнцыю. І я прапанаваў Ярмошынай, каб прэтэндэнты мелі магчымасьці праводзіць такія прэс-канфэрэнцыі. Бо гэта ж нармальна.

Падчас сустрэчы Ярмошына забараніла весьці пратакол гутаркі і весьці відэаздымкі. У нас адбылася паўтарагадзінная гутарка. Мая першая прэтэнзія, чаму прэтэндэнты ня маюць магчымасьці арганізаваць пікеты для прыцягненьня грамадзян у свае ініцыятыўныя групы? Другое, чаму Аляксандар Лукашэнка не аб’явіў такую ініцыятыву для грамадзянаў, калі ён называе сябе народным прэзыдэнтам? Бо крыніцай фармаваньня дзяржаўнай улады зьяўляецца народ. Калі я прыйшоў у ЦВК, мне сказалі, што няма дакумэнтаў на ініцыятыўныя групы, у тым ліку і Лукашнкі. Я сказаў, што тады я сам буду фармаваць такую ініцыятыўную групу.

Павінны мець роўныя правы ўсе — і Радзькоў, і Караткевіч, і Лукашэнка

З паперкамі з ЦВК я пайшоў у Менгарвыканкам і сказаў, што хачу правесьці пікет па фармаваньні сваёй ініцыятыўнай групы. У якасьці экспэрымэнту найперш. Мне сказалі, што такая ініцыятыва ўжо была ў Тацяны Караткевіч, яна падавала заяўку. І мне сказалі, што ёй адмовяць. Я спытаўся, на якой падставе? Гэта ўжо абмежаваньне правоў. Спадарыню можна зразумець, яна пахныкала крыху, і сышла ўбок. Але нельга жанчын крыўдзіць. Ну як жа так?

Таму я папрасіў, каб Ярмошына прыняла мяне па гэтым пытаньні. Сёньня ў мяне зь ёй адбылася сустрэча. Яна пагадзілася, што закон не дасканалы. Тады я спытаўся, ці магу я праз СМІ зьвярнуцца да грамадзянаў, каб яны ўступалі ў маю ініцыятыўную групу? Яна сказала: аплочвайце і рабіце гэта. Але тут павінны быць роўныя магчымасьці ва ўсіх. А я бачу ўціск правоў ужо на пачатку. Я меркаваў, што Лукашэнка на сваіх сустрэчах будзе запрашаць запісвацца ў яго ініцыятыўную групу, але гэтага не заўважыў. Чыноўнікі проста дыктуюць сваю волю прэтэндэнтам. Мяне гэта абурыла. І ўсе прэтэндэнты павінны адрэагаваць таксама на такі ўчынак Менгарывканаму. Павінны мець роўныя правы ўсе — і Радзькоў, і Караткевіч, і Лукашэнка. То бок усё толькі пачынаецца».

На тое, што іншыя асобы ўжо заявілі пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі, Юры Радзькоў сказаў:

«Яны ўжо прайгралі, калі пазбавілі сябе магчымасьці мець зносіны з грамадзянамі на пачатку збору подпісаў. Гэта не кандыдаты, а проста нейкія... Ужо на гэтым этапе не дазваляецца паводзіць сябе такім чынам. Калі мы праглынулі падобнае цяпер, падчас фармвааньня ініцыятыўных групаў, то я магу ўявіць, як яны будуць абараняць інтарэсы простых грамадзянаў. Гэтак жа іх будуць адфутбольваць, і яны будуць плакацца. Грамадзтва патрабуе пераменаў і не гатова пражаваць нажыўку ў выглядзе фэйкавых кандыдатаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG