Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі затрыманай у Берасьці таджыцкай апазыцыянэркі баяцца яе экстрадыцыі на радзіму


Старэйшая сястра затрыманай у Беларусі Шабнам Худайдодавай праз тыдзень пасьля затрыманьня сястры беларускімі ўладамі не атрымлівала аб яе лёсе ніякіх вестак.

Міжгона Худайдодава, старэйшая сястра Шабнам Худайдодавай, затрыманай на падставе міждзяржаўнага вышуку 12 чэрвеня на чыгуначнай станцыі Брэст-Усходні па падазрэньні ў экстрэмізьме, праз тыдзень пасьля затрыманьня сястры дагэтуль не валодае ніякай афіцыйнай інфармацыяй аб яе лёсе і ня мела магчымасьці пачуць яе голас.

У інтэрвію Радыё Свабода яна расказала, што Шабнам, жывучы апошнія некалькі гадоў у Санкт-Пецярбургу, зарабляла на жыцьцё працай сядзелкі — даглядала за пажылымі людзьмі. У вольны час «яна цікавілася палітыкай, мела кантакты зь лідэрамі апазыцыйных арганізацый «Групы 24» і «Моладзь за адраджэньне Таджыкістану». Паводле Міжгоны, Шабнам больш была прывязаная да інтэрнэту і ёй не вядома аб тым, ці мела яна асабістыя сустрэчы або брала ўдзел у якіх-небудзь акцыях прадстаўнікоў апазыцыі за межамі Таджыкістану.

Сястра кажа, што Шабнам вырашыла пакінуць Расею пасьля таго, як стала адчуваць на сабе ціск спэцслужбаў, зь яе роднага гораду Кулябу пачалі прыходзіць весткі аб тым, што ў дом маці наведваюцца супрацоўнікі органаў, і адчуўшы вакол сябе небясьпеку, вырашыла прасіць прытулку ў органах ААН у Беларусі. Паводле Міжгоны, пры ад’езьдзе з Санкт-Пецярбургу ў яе на руках было 300 эўра, 30 тысяч расейскіх рублёў і 100 даляраў сродкаў. Паведамленьне аб затрыманьні сястры Міжгона атрымала ад невядомай расейскамоўнай жанчыны, якая патэлефанавала ёй на просьбу Шабнам.

Тым часам, у АУС Берасьця паведамілі Радыё Свабода, што Шабнам Худайдодава была зьмешчана ў Сьледчы ізалятар № 7 г. Берасьця. Паводле прэс-сакратара Сяргея Дучэнкі, «стан затрыманай добры, у выпадку неабходнасьці, сьледчыя органы гатовыя дапусьціць да яе і прадстаўнікоў Чырвонага Крыжа». У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС Беларусі заявілі, што паводле беларускіх законаў, доступ грамадзян да адваката забясьпечваецца адразу пасьля іх затрыманьня.

Тут падкрэсьліваюць, што сьледчыя органы, якія вывучаюць дакумэнты Шабнам Худайдодавай ня могуць апублікаваць дэталі сьледзтва, пакуль на тое ня будзе вынесена распараджэньне. Паводле афіцыйнай інфармацыі АУС Берасьця, грамадзянка Таджыкістану Шабнам Худайдодава была затрыманая з прычыны таго, што яе імя фігуравала ў сьпісах людзей, якія знаходзяцца ў міждзяржаўным вышуку. «Яна будзе экстрадаваная на радзіму», заявілі там 19 чэрвеня.

Пра абставіны затрыманьня Шабнам Худайдодавай і пра арганізацыю «Група 24» мы пагаварылі з супрацоўніцай Таджыцкай службы Радыё Свабода Хірамон Бакоевай.

Сяргей Шупа: Што адбылося ў Берасьці? Чаму таджыцкую апазыцыянэрку затрымалі ў Беларусі?

Хірамон Бакоева: Паводле інфармацыі, якую мы нечакана атрымалі ўчора, дзяўчына, якую завуць Шабнам Худайдодава, імя якой для прэсы нічога не гаворыць, была пададзеная ў гэтай інфармацыі як удзельнік «Групы 24». Яна была затрыманая — імя яе ёсьць у сьпісе міждзяржаўнага росшуку. Яна была затрыманая, калі зь месца свайго часовага побыту як працоўнага мігранта ў Пецярбургу выправілася ў Менск, каб падаць там прашэньне на атрыманьне прытулку ў Агенцтва ААН па справах уцекачоў.

Зь Пецярбургу яна ўцякла пасьля таго, як адчула на сабе ціск на працягу апошніх шасьці месяцаў. Яе маці і 5-гадовая дачка ў Таджыкістане ўвесь час знаходзяцца пад прэсінгам спэцслужбаў, якія прыходзяць да іх і патрабуюць ад маці, каб вярнула дачку ў Таджыкістан. Апрача таго дзяўчына заяўляла пра тое, што адчувае за сабой сачэньне. Гэтая прычына змусіла яе сабраць грошы і зрабіць рывок — калі выйдзе, то атрымаць прытулак у іншай краіне. Канчатковай яе мэтай была Эўропа. У яе гэта не атрымалася.

12 чэрвеня яе зьнялі зь цягніка, бо яе імя было ў сьпісах. У Агенцтве ААН па справах уцекачоў мне ўчора паведамілі, што яны ведаюць пра яе лёс, у іх ёсьць заява ад праваабаронцаў, і яны зьбіраюцца прасіць МУС Беларусі даць дазвол на сустрэчу зь ёй, каб атрымаць ад яе заяўку на атрыманьне прытулку.

Сяргей Шупа: Шабнам Худайдодава названа ўдзельніцай «Групы 24». Што гэта за група?

Хірамон Бакоева: Ёсьць арганізацыя, створаная за межамі Таджыкістану незадаволенымі дзейным рэжымам у Таджыкістане людзьмі. Гэта першая такая арганізацыя, якая гучна пра сябе заявіла, яна называецца «Група 24», яна была створаная 3-4 гады таму. Група была заснаваная Умамалі Куватавым, чалавекам незадаволеным сытуацыяй у Таджыкістане, які ўцёк з краіны. Сёлета ў сакавіку, праз тры гады пасьля таго, як ён стварыў гэтую арганізацыю і пачаў прыцягваць у яе шэрагі сваіх прыхільнікаў, Умамалі Куватаў быў забіты ў Стамбуле. Пасьля гэтага пачаліся арышты і экстрадыцыі прыхільнікаў і актывістаў, якія праз інтэрнэт падтрымлівалі ідэі гэтай арганізацыі. Паводле нашай інфармацыі, як найменей дзесяць чалавек былі экстрадаваныя з Расеі, і яны атрымалі там вельмі доўгія тэрміны зьняволеньня. Сама арганізацыя ў Таджыкістане забароненая як экстрэмісцкая арганізацыя.

Сяргей Шупа: Чаму ўлады Таджыкістану так рэзка ўзяліся за «Групу 24»? Чым яна так небясьпечная для ўладаў?

Хірамон Бакоева: Насамрэч улады Таджыкістану дастаткова адчувальна ставяцца да любога роду апазыцыйных заяваў, апазыцыйнай актыўнасьці. Асаблівасьць «Групы 24» у тым, што ў адрозьненьне ад іншых апазыцыйных сілаў, асабліва тых, якія дзейнічаюць легальна ўнутры краіны, яна больш сьмелая, актывісты паводзяць сябе больш дзёрзка. Яны робяць вельмі жорсткія заявы за зьвяржэньне Эмамалі Рахмона, у тым ліку гвалтоўным шляхам. Яны не адмаўляюць сілавых мэтадаў або праліцьця крыві.

Асаблівасьць Умамалі Куватава была ў тым, што ён меў кантакты зь сям’ёй прэзыдэнта і меў агульны бізнэс зь дзецьмі прэзыдэнта — яны з аднаго рэгіёну. І калі ў іх не сышліся інтарэсы і ён адчуў сябе абрабаваным, ён уцёк у Расею і пачаў рабіць заявы, якія шмат каго агаломшылі, пачаў дзяліцца сакрэтамі бізнэсу, якім ён займаўся з прадстаўнікамі прэзыдэнцкай сям’і. Яго асабістая крыўда перайшла ў яго палітычную барацьбу.

Я не магу сказаць, што актывісты «Групы 24» палітычна граматныя. У кастрычніку летась яны прызначылі праз інтэрнэт дату правядзеньня акцыі пратэсту ў цэнтры Душанбэ — а любыя акцыі пратэсту ў Таджыкістане не санкцыянаваныя і забароненыя. І ўлады былі настолькі перапалоханыя, што за дзень да самога мітынгу забаранілі гэтую арганізацыю як экстрэмісцкую празь Вярхоўны суд, а на другі дзень зрабілі ўсё, каб плошча, на якую нібыта меліся прыйсьці прыхільнікі ці ўдзельнікі пратэсту, была проста пустая.

Арганізацыя гэтая разрозьненая. Яна дагэтуль сама не зрабіла ніякай заявы з нагоды Шабнам, бо, мяркуючы па словах праваабаронцаў, зь якімі мы гаварылі, кожны зь іх адчувае на сабе ціск, бо іх няшмат, пад ціскам застаюцца і іх родныя, родных арыштоўваюць пры спробах перасячы мяжу. Нельга сказаць, што яны — сіла, што яны — арганізаваная група.

Сяргей Шупа: А ці ёсьць у такога пратэсту наагул нейкі патэнцыял? Калі б улады не зрэагавалі так апэратыўна і рэзка — ці прыйшоў бы нехта на плошчу?

Хірамон Бакоева: Я думаю, людзі б прыйшлі, але напэўна больш было б не палітычных актывістаў, а разявакаў. Рэч у тым, што Таджыкістан дагэтуль жыве пад узьдзеяньнем сындрому грамадзянскай вайны, якая была ў Таджыкістане ў 1990-х гадах. Шмат людзей, якія праз гэта прайшлі, добра пра ўсё гэта памятаюць. З гэтым і зьвязана тое, што ўнутрытаджыцкая апазыцыя, у тым ліку галоўная апазыцыйная ўраду сіла часоў вайны — ісламская апазыцыя, якая мае легальны статус — захоўвае пасіўнае, пацыфісцкае стаўленьне да ўсяго, што зьвязана зь мітынгамі. Слова «мітынг» для іх раўназначна слову «гвалт», закліку да зьвяржэньня ўлады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG