Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея зьбіраецца адмовіцца ад беларускіх цягачоў для комплексаў С-400. Экспэрт: Гэта інфармацыйны наступ


Комлекс С-400

Комлекс С-400

Расейскі вытворца ракетных комплексаў С-400 «Алмаз-Антей» заявіў пра намер адмовіцца ад закупу цягачоў менскага заводу колавых цягачоў, на якія ўсталёўваюць С-400, на карысьць цягачоў вытворчасьці Бранскага аўтамабільнага заводу.

«Цягач БАЗ-6909 з колавай формулай 8 на 8 абраны асноўным для разьмяшчэньня элемэнтаў комплексу С-400 на колавым шасі», — паведаміла расейскае выданьне «Известия» са спасылкай на крыніцу, якая выказалася падчас наведваньня Ўладзімерам Пуціным абароннага заводу ў Ніжнім Ноўгарадзе.

«У гэтым годзе мы мусім паставіць Мінабароны 5 комплексаў С-400, а гэта амаль сотня пускавых установак, транспартна-пускавыя машыны, цягачы. А мінчане патрабуюць стопрацэнтовай перадаплаты за працу, пры гэтым не гарантуючы нам тэрмінаў выкананьня заказу», — цытуе выданьне прадстаўніка канцэрна «Алмаз-Антей».

Другі суразмоўца, да якога зьвярнулася газэта «Известия», расейскі экспэрт у галіне ўзбраеньняў і вайсковай тэхнікі Віктар Мурахоўскі, патлумачыў пераарыентацыю зь менскага заводу на бранскі не тэхнічнымі, а палітычнымі прычынамі.

«Зь беларусамі ў нас цяпер ня вельмі добрыя адносіны ў галіне абароны. Менск адмовіў нам у разьмяшчэньні авіябазы на тэрыторыі краіны, а прэзыдэнт краіны Аляксандар Лукашэнка быў супроць набыцьця менскага завода колавых цягачоў расейскімі ўласьнікамі», — кажа Віктар Мурахоўскі.

Беларускі ваенны экспэрт Аляксандар Алесін нагадаў, што цягачы БАЗ ужо выкарыстоўваюцца для комплексаў С-400, разьмешчаных пад Масквой і ў цэнтральнай Расеі, але для комплексаў на пэрыфэрыі Расеі яны не пасуюць, бо цягачы МЗКЦ больш прыдатныя для расейскага бездарожжа. Зьяўленьне публікацыі ў «Известиях» экспэрт зьвязаў менавіта зь няўдачай у набыцьці менскага заводу расейцамі і спробамі «даціснуць» саюзьніка.

Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

«Калі Лукашэнка такі дрэнны для іх, дык чаму Расея дала нам крэдыт у 2 мільярды даляраў якраз у гэтыя дні? Не, тут, хутчэй, інфармацыйны наступ, каб „даціснуць“ і зноў паспрабаваць купіць МЗКЦ.

Цяпер у Расеі складанае эканамічнае становішча, яны скарачаюць асыгнаваньні на абарону, і вешаць на бюджэт яшчэ адну задачу, як замена беларускіх цягачоў МЗКЦ на іншыя, — гэта ня вельмі рэальна, я ў такое ня веру.

Вядома, павялічыць вытворчасьць тых цягачоў, якія цяпер вырабляюцца для С-400 на расейскім заводзе ў Бранску, — гэта цалкам магчыма. Але замяніць пастаўкі МЗКЦ 7930 — не рэальна. Таму ня думаю, што нашаму заводу цягачоў варта ўсурʼёз думаць пра тое, што хутка ня будзе куды пастаўляць свае машыны. Яны зараз асвойваюць новыя карпусныя шасі 69022 для „Тораў“, для „Букаў“, таму працы хопіць. Сыдзе старая намэнклятура тавараў, былыя МАЗ 543, якія выпускаюць з 60-х гадоў, прыйдзе новая. Тым больш што Расея цяпер будзе нарошчваць стратэгічны комплекс „Рубеж“, будзе вырабляць комплексы С-500, таму заказаў хопіць. Да таго ж С-400 выпускаюць ня толькі для самой Расеі, але і на экспарт. Гэта могуць быць Кітай, Іран, магчыма, Альжыр ці яшчэ хто. І яшчэ невядома, на якім шасі заказчык пажадае бачыць гэтыя комплексы», — мяркуе Аляксандар Алесін.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG