Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусёў: «Я папярэджваў пра правакацыі на Плошчы, а іншыя кандыдаты зь мяне пасьмейваліся»


Рыгор Кастусёў з пасьведчаньнем кандыдата ў прэзыдэнты, лістапад 2010
Рыгор Кастусёў з пасьведчаньнем кандыдата ў прэзыдэнты, лістапад 2010

Кандыдат на выбарах 2010 году Рыгор Кастусёў тлумачыць, чаму яго не пасадзілі пасьля 19 сьнежня, разважае, чаму ён цяпер саступіў Тацяне Караткевіч, і даволі загадкава адказвае на пытаньне, ці сабрала ягоная каманда ў 2010-м неабходныя сто тысячаў подпісаў.

11 кастрычніка ў Беларусі пройдуць пятыя ў гісторыі краіны прэзыдэнцкія выбары. Беларуская Свабода працягвае цыкль інтэрвію з былымі кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі. Усіх калісьці зарэгістраваных кандыдатаў мы спытаем, што яны цяпер кажуць пра свой удзел у выбарах, што думаюць пра сёлетнюю кампанію, ці лічаць увогуле патрэбнай у Беларусі моцную прэзыдэнцкую форму кіраваньня.

На выбарах 2010 году кандыдат ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, паводле афіцыйных дадзеных, набраў 1,97 працэнта галасоў. У ноч пасьля галасаваньня яго затрымалі, але адразу вызвалілі — пасьля таго як па БТ паказалі ягонае інтэрвію, дзе Кастусёў назваў акцыю на Плошчы правакацыяй.

— На выбарах 2010 году вы былі кандыдатам ад партыі БНФ. Што вам даў удзел у якасьці кандыдата ў тых выбарах? Цяпер ці не шкадуеце, што тады пайшлі на гэта?

— Калі разважаць пра сытуацыю 2010 году і даваць ацэнку тым дням з пазыцыі цяперашняга часу — то я не шкадую, што пайшоў на тыя выбары. Бо сытуацыя на той момант складалася такая, што ўдзел партыі БНФ у выбарах як самастойнай сілы быў вельмі неабходны. І далейшыя падзеі толькі пацьвердзілі гэта.

— Нагадаю, што пасьля дня галасаваньня 19 сьнежня ў Беларусі былі арыштаваныя практычна ўсе апазыцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты, акрамя вас і Яраслава Раманчука, якія выступілі з пэўнымі заявамі па БТ. Я зараз перагледзеў вашу заяву і бачу, што вы там не сказалі нічога ганебнага, але назвалі акцыю на Плошчы правакацыяй. Пасьля гэтага вы былі вызваленыя і больш не апыналіся за кратамі. Чаму вас вызвалілі?

— На самым пачатку выбарчай кампаніі і БНФ, і я асабіста неаднаразова казалі пра пагрозу Беларусі. Мы казалі, што будуць правакацыі з боку Крамля і падчас кампаніі, і пасьля галасаваньня. На жаль, тады я не атрымаў поўнага разуменьня. Многія кандыдаты пасьмейваліся з маіх словаў пра магчымыя правакацыі. І ў час гэтага выступу на БТ я нічога іншага і не казаў. Я сказаў, што атрымаліся правакацыі, якія ня пойдуць на карысьць Беларусі — Беларусь атрымае ізаляцыю з боку заходніх краінаў, і карысьць тут будзе толькі Расеі.

Магу адразу сказаць, што да мяне ніякіх умоваў у час затрыманьня не было. Адносіны былі больш-менш лагодныя, хоць зразумела, што я быў затрыманы незаконна. Дарэчы, мушу адзначыць, што я знаходзіўся пад падпіскай аб нявыезьдзе і знаходзіўся пад сьледзтвам ажно да лістапада 2011 году. Таму нельга сказаць, што я не абвінавачваўся ў падзеях на Плошчы.

— Часам гучалі даволі экзатычныя вэрсіі, што Лукашэнка як зямляк (вы са Шклова, і ён са Шклова) праявіў да вас нейкі сантымэнт, — таму вас і не адправілі за краты... Плюс ён не ўспрымаў вас як кандыдата, ад якога ішла сур’ёзная пагроза.

— Так, падчас выбарчай кампаніі зь ягоных вуснаў нават гучалі камплімэнты ў мой бок — хоць я іх не ўспрымаў як нешта станоўчае. Мы зь ім перасякаліся ў свой час, калі былі калегамі — я быў дырэктарам саўгасу ў Бялыніцкім раёне (я нарадзіўся ў Бялыніцкім раёне, але доўгі час жыву ў Шклове).

Для мяне вельмі важна, што я не падпісаў ніякіх папераў на супрацоўніцтва — шчыра кажучы, мне іх ніхто і не прапаноўваў

Чаму мяне вызвалілі 20 сьнежня, зь якой нагоды — мне складана сказаць. Мы можам ладзіць здагадкі, але сапраўдную інфармацыю даведаемся толькі тады, калі будуць раскрытыя архівы КДБ. Але для мяне вельмі важна, што я не падпісаў ніякіх папераў на супрацоўніцтва — шчыра кажучы, мне іх ніхто і не прапаноўваў.

— Яшчэ адна загадка тых выбараў — гэта шматлікія заявы наконт таго, што многія кандыдаты не сабралі неабходныя сто тысяч подпісаў. Ці можаце вы цяпер урачыста паклясьціся, што ваша каманда сабрала тыя подпісы?

— Заўважце, што я ў сваіх выступах ніколі нікога, іншых кандыдатаў не абвінавачваў у тым, што яны не сабралі сто тысяч подпісаў. Я хачу сказаць так — мае подпісы былі ня горшыя, чым подпісы іншых кандыдатаў. Зразумела, што я іх сам не правяраў, але паўтаруся — подпісы Рыгора Кастусёва былі ня горшыя, чым подпісы астатніх кандыдатаў.

— На гэтых выбарах вы саступілі Тацяне Караткевіч, заявіўшы пра неабходнасьць адзінства дэмакратычных сілаў. Адзінства ўсё роўна не атрымліваецца, нават у вашай кааліцыі «Народны рэфэрэндум» рух «За свабоду» ўхіліўся ад падтрымкі Караткевіч. Дык ці слушным было ваша рашэньне саступіць?

— Гэта быў слушны крок. Гэта была хоць якая спроба партыі БНФ, прыклад для іншых на аб’яднаньне нацыянальна-дэмакратычных сілаў. Чаму мы пайшлі на гэта цяпер, а не пайшлі ў 2010 годзе? Адрозьненьне ў сытуацыі, якая складваецца ў Беларусі і вакол Беларусі. У 2010 годзе разуменьня пагрозаў для Беларусі сярод кандыдатаў не было. Цяпер усе прызнаюць, што ўзрастаюць пагрозы страты незалежнасьці. Успамінаю выступы некаторых кандыдатаў у 2010-м, якія казалі, што ў Беларусі Расея можа купіць усё, што хоча. Альбо — усе памятаюць словы пра чаканьне «імпульсаў дэмакратыі з Крамля». Альбо ўдзел некаторых кандыдатаў у круглых сталах у Маскве.

— Але многія людзі якраз заяўляюць пра пагрозы незалежнасьці, і, зыходзячы з гэтага, кажуць, што адзіным адказам павінен быць байкот гэтай выбарчай кампаніі. Як вы адказваеце на такія аргумэнты?

Гэтыя людзі выступаюць за байкот, лежачы на канапе з кампутарам на пузе

— Гэтыя людзі выступаюць за байкот, лежачы на канапе з кампутарам на пузе. Ничегонеделанье (скарыстаюся гэтым рускім словам) яны параўноўваюць з байкотам. Байкот — гэта вельмі цяжкая і напружаная палітычная праца, і яе трэба было пачынаць год-два таму. Яны толькі ведаюць гэтае слова, не разумеючы, што пад ім маецца на ўвазе.

Я адназначна выступаю за тое, што Партыя БНФ павінна прымаць удзел у любых выбарах. Давайце ўявім такую сытуацыю — няма апазыцыйных кандыдатаў, Лукашэнка праводзіць «празрыстыя, адкрытыя выбары», і ўсім краінам сьвету прыходзіцца прызнаваць, што выбары адбыліся, і Лукашэнка становіцца легітымным прэзыдэнтам. І можа распараджацца Беларусьсю так, як ён гэтага пажадае — і мяне гэта хвалюе больш за ўсё.

— Прыхільнікі няўдзелу якраз абвінавачваюць тых, хто ідзе на выбары, што яны сваім удзелам спрыяюць легітымізацыі Лукашэнкі.

— Гэта іх асабістае меркаваньне. Але я пакуль што ад гэтых людзей працы на карысьць байкоту ня бачыў, ня бачу і, хутчэй за ўсё, ня ўбачу.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG