Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над актывістам у «канцлягерным адзеньні»: начальніцы з крамы кажуць, што Грык брыдкасловіў


Рыгор Грык у судзе

Рыгор Грык у судзе

У Баранавічах адбылося чарговае судовае паседжаньне ў справе актывіста Рыгора Грыка. Яго вінавацяць у несанкцыянаваным пікеце, а таксама ў брыдкаслоўі на працы, калі ён прыйшоў туды ў канцлягернай адзежы.

Судзьдзя Васіль Петрыў адклаў суд на 27 кастрычніка на 14:30, задаволіўшы хадайніцтва адваката, каб выклікаць дадатковых сьведак ды запытаць запіс з камэраў назіраньня крамы, дзе працаваў Рыгор Грык.

Сёньня ў судзе дапыталі сьведак — траіх прадстаўнікоў крамы, дзе працаваў Рыгор Грык да таго дня, як прыйшоў на працу ў канцлягернай адзежы. Таксама ў якасьці сьведак па справе аб пікетаваньні 27 верасьня былі дапытаныя міліцыянты.

Дырэктарка крамы, дзе Грык працаваў грузчыкам, яе намесьніца і начальніца па пэрсаналу зь Менску даводзілі ў судзе, што актывіст нецэнзурна выказваўся ў іх прысутнасьці ў краме, не рэагаваў на іх заўвагі і не жадаў зьмяніць канцлягерную адзежу.

Судзьдзя пытаўся ў некаторых сьведак, чаму яны лічаць супрацьпраўным тое, што на Грыку была такая адзежа. Найбольш экспрэсіўным адказам былі словы начальніцы па пэрсаналу сеткі крамаў «MART INN», якая прапаноўвала Грыку сысьці з крамы, паведаміўшы, што ён звольнены:

«У нас ёсьць краіна, якая прайшла празь Вялікую Айчынную вайну. [...] Мы ўсе ведаем пра гэта не паводле чутак...»

Судзьдзя: «Ну ён жа (Грык. — РС) сказаў, што ён сябе асацыяваў зь вязьнямі Бухэнвальду. Ён жа ня з ворагамі сябе асацыяваў...»

Сьведка: «Яму была прамая дарога на вуліцу — ідзі і асацыюй сябе далей. Чаму рабіць гэты эпатаж у краме? На якой падставе?»

Сьведка з боку абароны, жыхар Баранавічаў Аляксандар Вайцешык, які прысутнічаў у той дзень у краме, сказаў суду, што ня чуў, каб Рыгор Грык брыдкасловіў.

Рыгор Грык сказаў Свабодзе, што зусім ня бачыць лёгікі ў абвінавачаньні ў брыдкаслоўі: маўляў, навошта яму гэта было рабіць у час, калі ён быў у канцлягернай адезжы і выклікаў больш пільную ўвагу з боку начальства?

Паводле другога пратаколу на Рыгора Грыка — за быццам бы несанкцыянаваны пікет — былі апытаныя міліцыянты. Судзьдзя Васіль Петрыў акцэнтаваў увагу на пытаньнях, ладзіў пікет Грык на тэрыторыі парку ці па-за ёй. Баранавіцкія праваабаронцы выказваюць думку, што, магчыма, у гэтай справе «спрабуюць зрабіць так, каб атрымалася, што пікет быў у забароненым месцы».

Ад абароны ў справе пікетаваньня выступіў берасьцейскі палітык, сябра БСДП(Г) Ігар Маслоўскі, які ў той час, калі адбыўся пікет, быў даверанай асобай кандыдата на прэзыдэнта Тацяны Караткевіч. Ігар Маслоўскі сказаў, што пікет адбываўся ў межах выбарчага заканадаўства ў падтрымку кандыдата паводле заяўнага прынцыпу і не падпадае пад закон аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў.

«Калі ў нас усе роўныя перад законам, то такія адміністрацыйныя справы павінны быць заведзеныя на дзясяткі ці нават сотні актывістаў БРСМ, „Белай Русі“, ФПБ. Таму што яны таксама арганізоўвалі, удзельнічалі ў такіх пікетах, і на гэтых пікетах не было давераных асобаў кандыдата Аляксандра Лукашэнкі, як не было і мяне ў Баранавічах на пікеце Рыгора Грыка. Суду я даводзіў, што гэта ўсё пачалося пасьля выбараў, а раней органы ўлады, выбарчая камісія ня мелі ніякіх прэтэнзіяў да пікету, яго ўдзельнікаў і да мяне як заяўніка гэтага пікету».

Пасьля завяршэньня сёньняшняга паседжаньня Рыгор Грык выказаў Свабодзе меркаваньне, што сумняецца, ці пераможа ў судзе, але вінаватым сябе ня лічыць.

На суд Грыка прыйшлі больш за дзясятак актывістаў ды журналістаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG