Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста, які прыйшоў на працу ў турэмнай робе, судзяць за брыдкаслоўе


Рыгор Грык у судзе

Рыгор Грык у судзе

У канцы верасьня баранавіцкі актывіст зладзіў пэрформанс, прыйшоўшы на працу ў турэмнай робе. Цяпер яго судзяць за брыдкаслоўе на працоўным месцы і несанкцыянаваную акцыю.

Намесьнік старшыні Баранавіцкага суду Васіль Петрыў, які вядзе працэс, перанёс паседжаньне на 27 кастрычніка на 11.15. Такім чынам ён задаволіў хадайніцтва адваката Рыгора Грыка, які прасіў даць час, каб выбудаваць лінію абароны ў сувязі з тым, што працэс над Грыкам адбываецца адразу па дзьвюх справах.

Пра тое, што яго будуць судзіць за несанкцыянаваны пікет, Рыгор Грык даведаўся толькі ў будынку суду. Раней Грык паведамляў Свабодзе, што судзіць яго будуць за хуліганства — нібыта за брыдкаслоўе на працы 24 верасьня, калі актывіст прыйшоў на працу ў канцлягернай робе.

На пачатку паседжаньня судзьдзя Васіль Петрыў заявіў, што дзьве справы Грыка — за брыдкаслоўе і несанкцыянаваны пікет — аб’яднаныя ў адну.

Таму адвакат заявіў хадайніцтва аб пераносе паседжаньня на іншы дзень.

На суд над Рыгорам Грыком прыйшлі каля 15 актывістаў і журналістаў.

Напрыканцы сёньняшняга паседжаньня Рыгор Грык сказаў Свабодзе:

«Прыйшоўшы сёньня на суд, я быў зьдзіўлены, што ў мяне аж два паседжаньні. За пікет мне ніхто ніякай позвы не дасылаў. Але ўсё выявілася, калі судзьдзя сказаў, што справы аб’яднаныя. Вялікага спадзяваньня на суд я ня маю, хоць і хацелася б, вядома, перамагчы. Бо я не лічу сябе вінаватым і не прызнаюся ў тым, чаго я не рабіў».

Баранавіцкі праваабаронца Сяргей Гоўша заявіў Свабодзе, што ня верыць, што Грык мог брыдкасловіць:

«Я ведаю Рыгора Грыка шмат гадоў. Ён ніколі не брыдкасловіць. Ня веру я і ў тое, што ён брыдкасловіў 24 верасьня, калі прыйшоў на працу ў паласатай адзежы. Але, як мне падаецца, вынік гэтага суду прадказальны».

Грык у знак пратэсту, што яму не даюць фірмовай вопраткі для працы грузчыкам, прыйшоў у паласатай робе

Грык у знак пратэсту, што яму не даюць фірмовай вопраткі для працы грузчыкам, прыйшоў у паласатай робе

Справу за несанкцыянаваную акцыю ў дачыненьні да Рыгора Грыка завялі за пікет у падтрымку Тацяны Караткевіч і супраць расейскіх вайсковых базаў, які адбыўся ў Баранавічах 27 верасьня.

Рыгор Грык на пікеце супраць вайсковых базаў

Рыгор Грык на пікеце супраць вайсковых базаў

Рыгор Грык кажа, што ня бачыць падставаў для завядзеньня адміністрацыйнай справы за гэтую акцыю, бо пікет адбываўся ў межах выбарчага заканадаўства паводле паведамляльнага прынцыпу.

XS
SM
MD
LG