Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У інтэрнэце зьявіўся сьпіс арганізацыяў і зьяваў «русского міра» ў Беларусі


Малады Фронт сабраў на сваім сайце зьвесткі пра «сто агмянёў крамлёўскай агрэсіі» ў Беларусі. На сайце гаворыцца, што сьпіс адкрыты.

«У той час, калі ва Ўкраіне пасьля „Майдана“ расейская агрэсія перайшла ў адкрытую ваенную форму, у Беларусі акупацыя ўсё яшчэ працягваецца празь дзейнасьць безлічы як афіцыйна зарэгістраваных, так і нелегальных прарасейскіх арганізацыяў», — пішуць маладафронтаўцы.

Паводле актывістаў, «„чорная сотня“ — так сто гадоў таму называлі натоўпы расейскай манархічнай чэрні, якая дзеля абароны імпэрыі праз пагромы і гвалт распраўлялася зь іншародцамі ды іншаверцамі».

"Русский мир" у Беларусі

"Русский мир" у Беларусі

Сустаршыня «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч заявіў Свабодзе, што арганізацыі, якія ўвайшлі ў «чорны сьпіс», рыхтуюць здачу Беларусі Расейскай Фэдэрацыі:

Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

«Гэты сьпіс быў сфармаваны на падставе адкрытых крыніцаў, той інфармацыі, якая распаўсюджваецца ў інтэрнэце самімі гэтымі чарнасоценскімі арганізацыямі, і зьвестак, якія ўжо былі ў многіх артыкулах незалежных СМІ. Што да поўнасьці гэтага сьпісу, то магчыма, што ён — толькі вяршыня айсбэргу, толькі тое, што навідавоку. Зразумела, што ў Беларусі значна больш арганізацыяў, якія рыхтуюць акупацыю Беларусі Расеяй. Яны ёсьць раўнамерна па ўсёй Беларусі, асаблівай розьніцы па рэгіёнах няма, можна сказаць, што ў гэтым сэнсе ўся Беларусь — гэта суцэльная паўвыспа Крым. І мы заклікаем усіх неабыякавых грамадзянаў зьвяртаць увагу на такія арганізацыі, агалошваць інфармацыю пра іх. З нашага боку далей будзе цэлы комплекс захадаў са зьвяртаньнем у дзяржаўныя структуры з патрабаваньнем спыніць дзейнасьць такіх устаноў і арганізацый, якія, парушаючы Канстытуцыю Беларусі, заяўляюць пра тое, што Беларусь — не самастойная дзяржава, а сатэліт Расеі».

У сьпісе згаданыя такія арганізацыі, як МСКГА “Русь Молодая” (Румол), Усерасейская арганізацыя “Боевое братство”, Ваенна-патрыятычны клуб “Казачий спас”, “Евразийский гражданский союз”, “Русское культурно-просветительское общество”, “Православный казачий военно-патриотический клуб” з Воршы, суполкі НБП і РНЕ, Пошукавы гісторыка-патрыятычны клюб “ВИККРУ” і многія іншыя.

Віцебскае грамадзкае аб’яднаньне «Рускі дом» займаецца арганізацыяй мерапрыемстваў, прысьвечаных расейскім пісьменьнікам, мастакам і кампазытарам, а таксама ладзіць сьвяткаваньні гадавін перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Яго старшыня Андрэй Герашчанка заявіў Свабодзе, што «Рускі дом» трапіў у сьпіс прарасейскіх арганізацыяў, які склаў «Малады Фронт», неабгрунтавана:

Андрэй Герашчанка

Андрэй Герашчанка

«Я не зьдзіўляюся, што «Рускі дом» занесьлі ў гэты сьпіс. Нас пастаянна спрабуюць правакаваць з нагоды “ДНР” і “ЛНР”, хоць мы ніколі гэтыя пытаньні не падымаем. Мы ўсяго толькі за інтэграцыю, за захаваньне той культурнай прасторы, якая была ў СССР, і, у прынцыпе, мы абсалютна не адмаўляем таго, што калі беларускі народ выкажацца за аб’яднаньне з Расеяй, мы падтрымаем такое рашэньне. Але тое самае тычыцца і, напрыклад, аб’яднаньня з Польшчай. Гэта права народу – вырашаць свой лёс. Але нідзе і ніколі мы не заклікалі да зьліцьця з Расеяй. Я ня ведаю, чаму нас абвінавачваюць у гэтым. У нас няма ні баевікоў, ні «зялёных чалавечкаў», нічым дэструктыўным мы не займаемся, толькі захоўваем культурны фон, які быў тут да 1991 году. Таму мы з жалем успрымаем той факт, што «Малады Фронт» уключыў нас у сьпіс прарасейскіх арганізацыяў. Гэта абсалютна не апраўдана. Але, відаць, перад выбарамі гэта камусьці трэба. Можа, ёсьць нейкая замова з боку Захаду ці кагосьці яшчэ».

Малады Фронт прапаноўвае зьвяртацца ў пракуратуру і іншыя дзяржструктуры Беларусі з патрабаваньнем спыніць дзейнасьць той ці іншай арганізацыі са сьпісу «Чорнай сотні».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG