Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра лібэрала Гогаля, альбо як расейская літаратура стала рэальнасьцю


Алесь Чайчыц

Алесь Чайчыц

Дзіўным бывае расейскае жыцьцё. Неад’емнай часткай школьнай праграмы з глыбокіх савецкіх часоў у нас былі Гогаль, Пушкін, Талстой, Лермантаў, Салтыкоў-Шчадрын, Радзішчаў і многія іншыя сацыяльна і палітычна сьвядомыя, апазыцыйна настроеныя літаратары. У іхных творах, якія мы вывучалі, аўтары крытыкавалі абсалютысцкі царскі рэжым, карупцыю, сацыяльную няроўнасьць, адсутнасьць палітычных і грамадзянскіх свабодаў.

Але так здаецца, што вельмі мала ў Расеі хто праводзіць рэальныя паралелі паміж тым, што пісалі гэтыя людзі ў сваіх творах, і рэчаіснасьцю вакол сябе — асабліва цяпер.

У савецкія часы яшчэ можна было зразумець некаторую адарванасьць творчасьці пісьменьнікаў 19. і 18. стагодзьдзяў ад рэаліяў, якія атачалі савецкага школьніка. Незразумелай была сама сыстэма грамадзкіх адносінаў, пра якую пісалася ў кнігах. Дый ідэалягічны фон быў адпаведным: маўляў, клясычная расейская літаратура крытыкавала дрэнны царскі рэжым, а цяпер у нас зусім іншая добрая савецкая ўлада.

Але пасьля падзеньня камуністычнай дыктатуры, вяртаньня эканомікі і асабістага жыцьця людзей у рынкавую сыстэму каардынатаў і паняцьцяў, жыцьцё ў Расеі сталася нашмат больш падобным да дарэвалюцыйнага — як у добрым, так і ў дрэнным. Мы зноў, як і перад 1917 годам, жывем у краіне зь недзяржаўнымі мэдыямі, фондавай біржай, рынкам працы, прыватным бізнэсам — але адначасова ў краіне з крывадушнымі царкоўнымі гіерархамі, аўтарытарызмам і падкрэсьленай саслоўнай структурай.

Усялякія апісаныя ў клясычнай літаратуры жулікі і карупцыянэры — яны зноў частка расейскага жыцьця ў максымальна набліжаным да кананічнага гогалеўскага вобразу: з чынамі, любоўю да дэманстратыўнай бізантыйскай раскошы, нават з спробамі прыкрывацца дзяржаўнымі інтарэсамі альбо праваслаўнай духоўнасьцю у адказ на крытыку.

Расея апошніх гадоў проста перапоўненая чыста гогалеўскага сюжэтамі і пэрсанажамі: загадкавымі дачкамі і зяцямі прэзыдэнта Пуціна, сынамі генпракурора Чайкі, патрыярхамі Кірыламі на лімузінах з дарагімі гадзіньнікамі, вершапішучымі карупцыянэркамі-палюбоўніцамі міністра абароны і многімі іншымі.

Самы сьвежы і мой, напэўна, самы ўлюблёны сюжэт — гэта вобраз бізнэсоўца Міхаіла Юр’ева, які на мінулым тыдні раптам стаў знакамітым. У 90-я гады ён быў дэпутатам Дзяржаўнай Думы ад дэмакратычнай партыі «Яблоко». Але ў сваім зусім нядаўнім інтэрвію ён заявіў, што Сталін — гэта адзін з найвялікшых кіраўнікоў Расеі, а лібэральная апазыцыя — гэта «пасланцы сатаны, чалавечая брыда, якую трэба зьнішчаць як гной гісторыі». Пры гэтым, пікантная дэталь, Юр’еў даўно перавёў свой бізнэс у ЗША: «Я патрыёт сваёй краіны», казаў ён у адным больш раньнім інтэрвію, «але грошы тут рабіць нязручна». Прычым, займаецца Юр’еў здабычай сланцавай нафты, а сланцавая нафта — гэта як раз адзін з тых фактараў, якія стаяць за цяперашнім абвалам нафтавых цэнаў і эканамічнымі праблемамі Расеі.

Вельмі лёгка сабе ўявіць, як Пушкін і Гогаль маглі б жыць у сёньняшні час: яны вялі б калёнку на Слон.ру, пісалі допісы пра Навальнага ў Фэйсбуку, прэзэнтавалі кнігі на кірмашы «Non/fiction» і выступалі ў перадачы «Асаблівае меркаваньне» на радыё «Эхо Москвы». А ў 2011 годзе іх можна было б жыва сабе ўявіць калі не на трыбуне Балотнай плошчы, дык прынамсі сярод тусоўкі іншых лібэральных знакамітасьцяў у першым шэрагу натоўпу. Дзіўна і забаўна, што замест гэтага Гогаль і Пушкін працягваюць быць тварам сучаснай афіцыёзнай «міністэрскай» расейскай культуры і афіцыйнага расейскага шкалярства.

Па меры таго, як назапашваюцца супярэчнасьці ў цяперашняй грамадзка-палітычнай сыстэме Расеі, усё больш відавочна праступаюць і зусім ня сьмешныя контуры таго, чым гэта можа скончыцца. Бо Аляксей Талстой, Максім Горкі і іншыя калярэвалюцыйныя літаратары, што крытыкавалі рэжым у пачатку 20. стагодзьдзя, цяпер таксама чытаюцца значна больш актуальна, рэлевантна і страшна, чым у брэжнеўскія гады. Але расейскаму грамадзтву пакуль не атрымоўваецца вучыцца ня толькі на ўласнай гісторыі, але і на сваёй вялікай літаратуры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG