Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Руцінны візыт


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Калі б візыт прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева ў Беларусь здарыўся ў нейкі іншы час, то выглядаў бы руцінным і малазаўважным. Кіраўнікі дзьвюх краін рэгулярна езьдзяць адзін да аднаго. Але гэты візыт адбыўся на тле адмены паездкі Лукашэнкі ў Маскву і расейска-турэцкага канфлікту. І адразу выклікаў шквал розных, часам экзатычных вэрсіяў. Ну як жа, Лукашэнка замяніў сустрэчу з Пуціным на сустрэчу з саюзьнікам Турэччыны Аліевым. Пісалі, што прэзыдэнты Азэрбайджану і Беларусі правялі адмысловую сустрэчу, каб стаць пасярэднікамі, урэгуляваць расейска-турэцкі крызіс.

Як пісаў клясык, «калі б Астап даведаўся, што ён гуляе такія хітрыя партыі і сутыкаецца з такой выпрабаванай абаронай, ён надта б зьдзівіўся». Звычайна ў палітыцы самае простае тлумачэньне — яно ж і самае блізкае да ісьціны. На мой погляд, у гэтым візыце няма ніякіх другіх і трэціх плянаў. Ён быў заплянаваны загадзя, яшчэ да зьбіцьця расейскага самалёта ў Сырыі. І калі гэты трагічны інцыдэнт здарыўся, то бакі вырашылі не адмяняць візыт.

Падаецца, што ніякай замены сустрэчы з Пуціным на сустрэчу з Аліевым у Лукашэнкі не было. Візыт беларускага лідэра ў Маскву быў заплянаваны на 25–26 лістапада. А прэзыдэнт Азэрбайджану прыляцеў у Менск вечарам 27 лістапада. То бок гэтыя сустрэчы не супадалі, не перакрыжоўваліся, Лукашэнка з запасам пасьпяваў прыляцець з Масквы і сустрэць Аліева ў беларускай сталіцы.

Паводле маёй інфармацыі, візыт кіраўніка Беларусі ў Маскву быў перанесены з ініцыятывы беларускага боку

Паводле маёй інфармацыі, візыт кіраўніка Беларусі ў Маскву быў перанесены з ініцыятывы беларускага боку. І дзеля гэтага, на мой погляд, былі дзьве прычыны. Па-першае, у такі напружаны пэрыяд у Пуціна не было б шмат часу на перамовы з Лукашэнкам. А за адну, нават дзьве гадзіны праблемаў у беларуска-расейскіх адносінах ня вырашыць. Таму гэта быў бы халасты візыт.

Па-другое, трапіўшы ў Маскву ў момант піку расейска-турэцкага канфлікту, Лукашэнка быў бы вымушаны неяк выказацца на гэты конт. Прычым выказацца менавіта на карысьць Масквы, іншага варыянту сам фармат візыту проста не дапускаў. А яму гэтага яўна не хацелася. Ня толькі таму, што Беларусь мае цесныя эканамічныя сувязі з Турэччынай, тут вялікія турэцкія інвэстыцыі. Але падтрымка Масквы ў момант, калі яе ніхто не падтрымлівае, паставіла б Лукашэнку і Беларусь у статус расейскага сатэліта.

Цяпер наконт пасярэдніцтва ва ўрэгуляваньні расейска-турэцкага крызісу. Цалкам дапускаю, што Турэччына магла папрасіць прэзыдэнта Азэрбайджану, які захоўвае добрыя адносіны з абодвума канфліктуючымі бакамі, выступіць у ролі пасярэдніка дзеля нармалізацыі сваіх адносін з Расеяй. Але ў такім выпадку Ільхам Аліеў паляцеў бы ў Маскву, а ня ў Менск. У дыпляматыі такія складаныя пасярэдніцкія схемы, накшталт гульні ў сапсаваны тэлефон, ня дзейнічаюць.

З улікам таго, што разам з Аліевым у Беларусь прыехала значная колькасьць азэрбайджанскіх бізнэсоўцаў, размова на перамовах ішла пра двухбаковыя адносіны, перш за ўсё ў эканамічнай сфэры. І публічна кіраўнікі дзьвюх дзяржаў тэму адносін Расеі і Турэччыны не ўздымалі.

Іншая справа, што, незалежна ад фактаў, гэты візыт мог не спадабацца Маскве. Бо шмат што залежыць ад інтэрпрэтацыі падзеяў. Але гэта, як кажуць, іх праблемы.

Калі разглядаць сытуацыю шырэй, то апошнія міжнародныя падзеі даюць Беларусі яшчэ адзін шанец для ўмацаваньня незалежнасьці. Расейска-ўкраінскі канфлікт стаў падставай для таго, каб Беларусь крыху дыстанцыявалася ад Масквы, паспрабавала праводзіць палітыку балянсаваньня паміж Расеяй і Ўкраінай, РФ і Захадам. Расейска-турэцкі канфлікт мог бы стаць нагодай, каб зрабіць наступны крок у тым жа кірунку. Тое, што Беларусь афіцыйна заняла пазыцыю нэўтралітэту, усьцешвае. Бо зьнешняя палітыка Крамля становіцца ўсё больш канфліктнай, непрадказальнай, яна можа ўцягнуць саюзьнікаў ва ўсе новыя авантуры. Таму трэба паволі адграбаць убок.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG