Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рубель абясцэньваецца, але ажыятажу ў банках і крамах няма


У аддзяленьні Беларусбанку

У аддзяленьні Беларусбанку

Ад пачатку году працягваецца імклівае абясцэньваньне беларускага рубля. За няпоўныя два тыдні падзеньне значна перавысіла межы, заплянаваныя ў бюджэце на ўвесь 2016 год, і цяпер адзін даляр каштуе больш як 19200 беларускіх рублёў. Год таму рэзкая дэвальвацыя нацыянальнай валюты выклікала адток укладаў зь беларускіх банкаў і ажыятажны попыт на даляры і эўра. З паліцаў крамаў беларусы таксама «зьмяталі» пабытовую тэхніку, імкнучыся такім чынам выратаваць свае рублі ад абясцэньваньня. Гэтым разам ажыятажу ў абменьніках і крамах няма.

Кіраўнік прэсавай службы Нацыянальнага банку Аляксандар Цімашэнка пракамэнтаваць сытуацыю адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што ня мае неабходнай інфармацыі. Супрацоўнікі аддзяленьняў банкаў таксама адмаўляюцца ад афіцыйных камэнтароў. Аднак загадчыца аднае зь філіяў «Беларусбанку» «не для запісу» ўсё ж паведаміла:

«Мы таксама чакалі чагосьці падобнага, што было і летась. Але вось бачыце — усё спакойна: адзін чалавек толькі што зрабіў перавод, яшчэ адна пара з рахунку здымае грошы. Валюты замаўляем, як звычайна — гэтак і да Новага году было — здавалі і набывалі ў роўнай колькасьці. Таму ніякай вострай сытуацыі няма. Чаму? Камунальныя паслугі растуць, прадукты харчаваньня — усё даражэе. Магчыма, у людзей папросту грошай няма скупляць валюту».

Паводле загадчыцы, аддзяленьні «Беларусбанку» перапоўненыя ў дні аплаты камунальных паслугаў, атрыманьня пэнсіяў. У іншыя ж дні кліентаў вобмаль. І сапраўды, некаторыя касіркі заставаліся на працоўных месцах у самоце, а да іншых вокнаў падыходзілі адзін-два чалавекі.

Гэтаксама паўпустымі застаюцца крамы і аддзелы з гаспадарчымі таварамі і пабытовай тэхнікай. Збольшага наведнікі спыняюцца каля аддзелаў дробных электрычных і пабытовых тавараў: зь лямпачкамі, батарэйкамі, шкарпэткамі, стужкамі.

Загадчыца адной з сэкцыяў менскай крамы «1000 дробязяў» гэтак пракамэнтавала становішча:

«Мы ў асноўным гандлюем лядоўнямі, таксама посудам, ёсьць кухонныя камбайны, пыласмокі, іншыя тавары — усё ў нас звычайна. Так, сапраўды, мы таксама неаднойчы заўважалі, што калі пачынае расьці курс даляра, то, як правіла, пачынаюць актыўна рабіць дарагія набыткі, тавары доўгатэрміновага выкарыстаньня. Да прыкладу, вось у нас дарагія і якасныя наборы посуду, шмат падарункавых набораў узялі яшчэ перад Новым годам. Нават па гэтых таварах бачна — усё вельмі, вельмі спакойна. У нас раней увесь посуд разыходзіўся — людзі разьбіралі, запякалі. А цяпер вельмі, вельмі спакойна. Я думаю, што эканамічнае становішча нашых людзей не дазваляе набываць тавары, хоць мы адшукваем больш танныя пастаўкі і наш тавар і так вельмі даступны. Раней людзі маглі памяняць пабытовую тэхніку часьцей, а цяпер толькі надзённыя праблемы — заплаціць квартплату, дзяцей вывучыць. Цяжкія часы цяпер».

Куды ўкладваюць беларускія рублі грамадзяне — у даляры ці гаспадарчыя тавары, каб захаваць іх ад дэвальвацыі — пытаюся ў мінакоў на вуліцах Менску:​

Пэнсіянэрка: «Я вось атрымала пэнсію, заплаціла за кватэру, лекі — засталося толькі на хлеб і малако. Калі б не дапамагалі дзеці, то я б ужо не жыла, пэўна. Якая валюта?»

Супрацоўнік кампутарнай кампаніі: «Я ў асноўным укладваю ў сям’ю, і калі застаюцца якія сродкі, то ўкладваю іх „у панчоху“. Мне ў гэтым сэнсе лягчэй, бо я атрымліваю заробак у валюце. Інакш — ня думаю, што была б магчымасьць нешта ўкладваць альбо набываць».

Работнік камунальнай службы: «Укладваць няма чаго. Няма грошай, каб набываць валюту. Заробкі зьменшыліся, пэнсіяў не дадалі. У нас няма грошай — як набыць тую тэхніку ці тую валюту? Паглядзіце, якія кошты на прадукты харчаваньня — ужо мільён нішто, а заробак тры-чатыры мільёны. Не хапае сродкаў. У кагосьці іх вельмі шмат, а ў бальшыні — сярэдняга клясу, нават ня бедных, а сярэдняга — не хапае заробкаў на пражыцьцё. У мяне двое непаўналетніх дзяцей, жонка інвалід, і ў мяне майго заробку рэальна не хапае».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG