Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка Юрыя Рубцова: Зьбіраюся паехаць на суд, але адначасова баюся


Юры Рубцоў, архіўнае фота

Юры Рубцоў, архіўнае фота

45 дзён працягвае галадоўку палітвязень Юры Рубцоў, якому пагражае яшчэ 3 гады зьняволеньня за парушэньне парадку адбыцьця пакараньня «хіміяй». Юрыя Рубцова ўтрымліваюць у сьледчым ізалятары Баранавічаў. Днямі жонка палітвязьня атрымала ад яго ліст.

«Піша, што працягне галадоўку сама меней да суду. А суд прызначаны на 27 траўня, у Пружанах. Зьбіраюся паехаць туды на суд, але адначасова баюся, што як убачу, які ён стаў у выніку гэтай галадоўкі, дык стане блага. Год таму ён агулам 30 сутак галадаваў, дык выглядаў вельмі дрэнна. Мне тады, як яго ўбачыла, стала кепска. А што цяпер зь ім, дык і думаць баюся. Толькі п’е чай і каву з цукрам, але нічога ня есьць. Прасіў мяне даслаць яму чаю і кавы, а з харчоў, кажа, нічога ня трэба. Быў хварэў на прастуду, дык нібыта вылечыўся. Напісаў, што мэдыкі яго рэгулярна наведваюць, бяруць аналізы. Але ўвогуле здароўе, натуральна, сапсаваў! І чаго да яго прычапіліся? Ім трэба, каб ён там памёр, ці што?», — сказала Ядвіга Рубцова карэспандэнту Свабоды.

У сьледчым ізалятары Юрыя Рубцова наведаў адвакат, зь якім былі ўзгодненыя пытаньні абароны на працэсе. Працэс адбудзецца 27 траўня ў Пружанскім раённым судзе. Палітвязьню пагражае 3 гады зьняволеньня за ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі. Паводле сьледзтва, Юры Рубцоў адмаўляўся працаваць на прызначанай яму судом «хіміі» ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну. Між тым сам палітвязень заяўляе, што ён не ўхіляўся ад працы, а патрабаваў, каб яму далі працу з заробкам, які адпавядае сярэдняму па краіне — 600 даляраў. Між тым такой працы яму не знайшлі. Таксама, паводле Юрыя Рубцова, парушаліся працоўныя правы «хімікаў».

Юры Рубцоў пачаў галадоўку 8 красавіка, калі яго зьмясьцілі ў ізалятар у Пружанах і абвінавацілі ў невыкананьні правілаў адбыцьця «хіміі». На паўтара года «хіміі» актывіст з Гомеля Юры Рубцоў быў адпраўлены судом у канцы 2014 году за абразу судзьдзі, які пагадзіўся судзіць яго паўразьдзетага пасьля таго, як міліцыянты зьнялі з Рубцова майку з надпісам «Лукашэнка сыходзь».

XS
SM
MD
LG