Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Юры Рубцоў не падымаўся, калі заходзілі судзьдзі


Менскі гарадзкі суд пакінуў бязь зьменаў прысуд Юрыю Рубцову, асуджанаму за зьнявагу судзьдзі Кірыла Палулеха на паўтара года «хіміі». Юры Рубцоў зноў адмаўляўся аказваць знакі павагі судзьдзям.

Разгляд касацыйнай скаргі Юрыя Рубцова пачаўся з таго, што актывіст заявіў адвод судовай калегіі на чале з судзьдзёй Людмілай Шапашнікавай. Як і на працэсе ў Цэнтральным судзе, Юры Рубцоў казаў пра недавер усім беларускім судзьдзям, бо яны прызначаюцца Аляксандрам Лукашэнкам, якога Рубцоў лічыць вінаватым у шэрагу злачынстваў. Амаль гадзіну раіліся судзьдзі адносна адводу на свой адрас і ў выніку яго не задаволілі. Адметна, што пры зьяўленьні судзьдзяў Юры Рубцоў не падымаўся, хоць потым, падчас разгляду скаргі, адказваў на пытаньні судзьдзі Людмілы Шапашнікавай стоячы.

Чаму Рубцоў палічыў, што прысуд, які ў кастрычніку яму вынесла судзьдзя Цэнтральнага суду Натальля Вайцэховіч, незаконны? Паводле Рубцова, той прысуд грунтаваўся на сфальшаваным пратаколе паседжаньня ў адміністрацыйнай справе, якое судзьдзя Савецкага суду Менску Кірыл Палулех вёў 26 красавіка. Таксама Юры Рубцоў нагадаў калегіі Менскага гарадзкога суду, што яго судзілі, нягледзячы на тое, што прывезьлі ў суд напалову голага. «Гэтым судзьдзя Палулех сам выказаў непавагу да свайго статусу», — зазначыў Юры Рубцоў.

У кастрычніку Юрыя Рубцова судзілі за зьнявагу судзьдзі Кірыла Палулеха, які судзіў яго ў красавіку пасьля чарнобыльскага шэсьця. На шэсьці Юры Рубцоў быў у майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь!». Актывіста затрымалі і прывезьлі ў суд у адных штанах. Калі судзьдзя Кірыл Палулех пагадзіўся судзіць Юрыя Рубцова ў такім выглядзе, той, па словах судзьдзі, назваў яго падонкам. Між тым Юры Рубцоў сьцьвярджаў на працэсе ў Цэнтральным судзе, што не выказваўся асабіста на адрас Кірыла Палулеха, а падонкамі назваў усіх беларускіх судзьдзяў, бо тыя пагаджаюцца працаваць у сыстэме, якая залежыць ад аднаго чалавека. Судзьдзя Натальля Вайцэховіч паверыла свайму калегу і пакарала Юрыя Рубцова 1,5 гадамі «хіміі».

Для ўлады цяпер галоўнае — запалохаць грамадзтва. А палохаюць на прыкладзе такіх, як я

Сёньня на разглядзе скаргі Юрыя Рубцова ягоная адвакатка прасіла судзьдзяў калі не адмяніць прысуд, то хаця б зьменшыць пакараньне, улічыўшы характарыстыку Рубцова з працы. Але калегія судзьдзяў нічога мяняць ня стала і пацьвердзіла прысуд цалкам. Ад сёньняшняга дня прысуд уступіў у сілу. Юры Рубцоў сказаў, што, магчыма, абскардзіць гэтае рашэньне, але спачатку яму трэба знайсьці грошы для наступнай цяжбы. Што да «хіміі» — ён гатовы ехаць, куды б ні накіравалі:

«Дзе я буду, што будзе, мне пакуль невядома. Паведамяць. Што тут зробіш? Супроць сілы ня пойдзеш, але і ва ўцёкі падавацца ня буду. Не выключаю, што на «хіміі» прыпішуць нейкае парушэньне рэжыму і дадуць рэальны тэрмін. Паглядзіце, колькі цяпер спраў, калі людзям дадаюць пакараньне! Для ўлады цяпер галоўнае — запалохаць грамадзтва. А палохаюць на прыкладзе такіх, як я«.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» яшчэ да разгляду скаргі Юрыя Рубцова папярэдзіў, што калі скаргу актывіста не задаволяць, праваабаронцы прызнаюць яго палітвязьнем. Намесьнік старшыні «Вясны» Валянцін Стэфановіч для Радыё Свабода пацьвердзіў гэтую пазыцыю:

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

"Мы мяркуем, што справа носіць яўна палітычны характар, яна наўпрост зьвязаная з такой праблемай, як адвольныя затрыманьні людзей. Калі людзей у нас затрымліваюць ня ў сувязі з парушэньнямі грамадзкага парадку, а проста паводле прыдуманых акалічнасьцяў, выконваючы нейкую пастаўленую зьверху задачу. Што і адбылося з Рубцовым падчас Чарнобыльскага шляху. Ведаеце, для мяне гэтая гісторыя — гісторыя таго, як маленькі чалавек, звычайны грамадзянін з Гомеля быў раздушаны дзяржаўнай машынай. Яскравы прыклад з боку ўладаў, пасланьне ўсім грамадзянам краіны, каб сядзелі, не высоўваліся і не выступалі. Інакш можа быць гэтак, як са спадаром Рубцовым«.

Паводле адваката Рубцова, на «хімію» яму давядзецца зьехаць цягам двух тыдняў: пакуль прысуд дойдзе зь Менску да Гомеля, пакуль у інспэкцыі па выкананьні пакараньняў вызначаць, у якой камэндатуры актывіст будзе адбываць пакараньне. «Але магчыма, што гэты працэс адносна асабіста Рубцова будзе паскораны», — мяркуе абаронца актывіста.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG