Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рознасьць курсаў — раздольле для «чорных валютчыкаў»


Зьніжэньне збору за куплю валюты з 30 да 20 працэнтаў ажывіла ў абменьніках працэс набыцьця насельніцтвам даляраў і эўра. Вальней адчулі сябе і прадпрыемствы. Чорныя валютчыкі таксама ня дрэмлюць.

У адным з абменьнікаў «БПС-Сбербанк» на вуліцы Савецкай патлумачылі, што ня могуць прадаць нават 200 даляраў, бо іх проста няма:

«Дзьвесьце няма, а сто ёсьць. Здаюць людзі — і мы прадаём. Ужо шмат купілі сёньня. А ўчора ў банк мы здалі шмат даляраў. Курс куплі й продажу — розьніца невялікая. Цяпер нармальна ставяцца. Каму трэба, здаюць даляры, а трэба — купляюць. Цяпер вось сто даляраў можна набыць. Даляр сёньня ў продажы патаньнеў — 1 444 300. Гэта сто даляраў з 20-адсоткавай нацэнкай».

Здаўшы сто даляраў, чалавек атрымлівае прыкладна на 50–60 тысяч менш. Разьбежка й сапраўды невялікая.

Аднак некаторыя банкі, як, скажам, «Тэхнабанк» зь ягоным абменьнікам каля ўнівэрмагу, зьнізілі плату за прыём таго ж даляра на 300 беларускіх рублёў — да 13 400 рублёў. Шыльда, аднак, пра курс куплі заставалася ранейшай — 13 700. Гэта выклікала непаразуменьне ў тых, хто прадаваў валюту: банк скуб маржу, нікога не папярэджваючы пра гэта. Банк «Масква-Менск» быў тут больш сумленны: купляў даляры роўна па 13 тысяч, пра што й сьведчыў электронны манітор.

Гамяльчук Мікалай, які купляў даляры, лічыць, што зьмяншэньне на 10 адсоткаў збору за набыцьцё валюты, па сутнасьці, мала што зьмяніла для насельніцтва, бо адначасова банк падняў на 700 рублёў, альбо 7 адсоткаў, афіцыйны курс рубля. А сёньня гэты курс падрос яшчэ на 150 рублёў.

Мікалай: «Курс, вядома, атамны. А прадаваць — прадаюць. Выйшла амаль тое ж самае: на тысячу паднялі курс — і тыя ж 30 адсоткаў атрымаліся. Вось і ўсё».

У абменьніку «Белаграпрамбанку» — у чарзе на паўтара дзясятка чалавек. Хтосьці стаіць па валюту, хтосьці забірае свае працэнты па дэпазытах.

Спадар Рыгор, чалавек абазнаны ў вытворчасьці і эканоміцы, лічыць, што зьмяншэньнем на траціну 30-адсоткавага збору на куплю валюты новае кіраўніцтва Нацбанку выпраўляе ранейшыя хібы ў гэтай справе. Аднак, пакуль розьніца ў афіцыйным і абменным курсе ўсё-ткі існуе, цярпець будуць найперш вытворцы:

«Падыміце курс, як трэба. Чаму вытворцы павінны купляць той жа даляр па адным курсе, а прадаваць — па іншым? Гэта толькі падтрымка гандляроў, але здушэньне — вытворцаў. Такое адчуваньне, што кіруюць краінай не вытворцы, а гандляры. Гандляры і банкіры кіруюць краінай, а не бізнэсоўцы. Трэба, каб бізнэсоўцы кіравалі краінай. Паглядзіце на суседнюю Ўкраіну: там такіх законаў не прымаюць. У іх нашмат складаней, але яны там вытворцаў ня душаць. Я разумею: сацыяльная палітыка і ўсё такое. Але ж нельга так ціснуць вытворцаў. А падтрымліваць гандляроў».

У абменьніку «Франсабанку» на Прывакзальнай плошчы — таксама чарга. Як толькі хто здае валюту, яе адразу ж набываюць. Тут, дарэчы, найчасьцей мяняюць расейскія рублі на беларускія тыя, хто вяртаецца дадому з заробкаў у Расеі. І так званых «чорных валютчыкаў» тут болей. Мужчына сярэдняга ўзросту прапануе ў чарзе купіць «расею» не за 200 беларускіх рублёў, як прапануе банк, а за 210. І ахвочыя знаходзяцца, адыходзяць убок — і абменьваюць «расею» на беларускія рублі.

Незалежны гомельскі эканаміст Юры Клімовіч лічыць, што пры цяперашняй вілцы курсаў ніякія праваахоўнікі ня здолеюць перамагчы ценевы бізнэс у валютнай сфэры:

«Пры такой розьніцы, калі на адной апэрацыі можна да дзесяці адсоткаў зарабіць, гэта ўжо, канечне, цікава мянялам. Калі, напрыклад, суму ў тысячу даляраў можна за дзень падвоіць — купіў, прадаў, купіў, прадаў — гэта стоадсоткавы прыбытак за дзень. Пры такіх адсотках ніякая міліцыя ня зможа затармазіць гэты працэс».

XS
SM
MD
LG