Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: Валюта прадаецца, народ прытаіўся і ня верыць


Пасьля чатырох дзён выходных у гарадзенскіх абменьніках ажыятажу не назіраецца, ахвотных здаваць і набываць валюту няшмат. Праўда, і ўпэўненасьці ў тым, што фінансавы крызіс скончыўся, у людзей няма.

У аддзяленьні «Беларусбанку» адміністратарка кажа, што валюта ёсьць у продажы з самае раніцы. Праўда, удакладняе, што пасьля абеду яе можа і ня быць, бо прадаюць толькі тое, што людзі здадуць. Падобная сытуацыя і ў аддзяленьнях іншых банкаў.

У абменьніках розных банкаў курсы розьняцца. «Беларусбанк», да прыкладу, прымае даляр па 13 800 рублёў, а «Белінвестбанк» — па 13 895. Прадаюць жа абодва банкі па адной і той самай цане — 11 250 рублёў, прычым да гэтага яшчэ дадаецца 30%, якія ўжо трэба вылічваць на калькулятары самому.

Курс эўра пры куплі сягнуў 16 800 рублёў у «Беларусбанку», але касірка папярэджвае, што эўра ў іх засталося няшмат.

Размаўляю са спадаром у краме. Цікаўлюся, што ён думае пра курсы валют і пра тое, што ў абменьніках няма чэргаў.

Спадар кажа, што прыйшоў закупіцца да Новага году. Ад самай раніцы, кажа ён, у краме ўжо вялікія чэргі да касаў, і цяпер на сьвяты людзям патрэбныя рублі. Што да курсаў валютаў — перакананы, што ў краіне адбылася чарговая дэвальвацыя, а ня проста дадаецца 30% пры продажы замежнай валюты. А што пакуль у абменьніках няма людзей — гэта, на думку суразмоўцы, часовая зьява.

Спадар: «Зразумела, што цяпер дзейнічае хітрая схема, каб пыл у вочы людзям пусьціць. А калі ўлічыць, што яшчэ сьвяты надыходзяць, то дзяржава спрабуе яшчэ нешта ўтрымаць. Але думаю, што далей рубель будзе падаць. Вядома, гэта найбольш зьвязана з расейскай эканомікай, з тым, што там будзе. Але ў Расеі, паводле прагнозаў, нічога добрага не прадбачыцца. То думаю, што і ў нас будзе тое самае».

Яшчэ адзін спадар тлумачыць, што людзі ўжо прызвычаеныя да дэвальвацыяў і навучыліся хаваць грошы. Ён перакананы, што на 30%, якія дадаюцца да продажу валюты, зарабляе толькі дзяржава, і гэта ніяк не паможа зьмяніць фінансавую і эканамічную сытуацыю ў краіне.

Спадар: «Я думаю, што народ цяпер папросту затаіўся. Ён ужо даўно сплавіў беларускія рублі, набыў даляры і трымае ў сваіх кішэнях. А па-другое, вельмі шмат валюты вывезьлі ў Расею, калі пачалі набываць там машыны і танную бытавую тэхніку».

Яшчэ адзін спадар пэсымістычна кажа, што калі я хачу пачуць нешта добрае на гэты конт, то лепей уключыць тэлебачаньне — там, маўляў, наша жыцьцё паказваюць у ружовым колеры. А насамрэч справы, паводле яго, у тым ліку і з валютай, выглядаюць даволі сур’ёзна.

Спадар: «За 20 год ніводнага новага моста праз раку не пабудавалі, ніводнага буйнога прадпрыемства кшталту „Азота“, „Хімвалакна“, МАЗу, МТЗ і г.д. — нічога ж не пабудавалі. Нават сьмецьцеперапрацоўчых заводаў не пабудавалі, хіба толькі адзін недзе ў Магілёве. А распавядаць з тэлеэкрана байкі — на гэта шмат розуму ня трэба».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG