Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ровар ад Свабоды


Прафэсія паштара — адна з самых прыемных прац у сьвеце. Асабліва калі ты вязеш прыемнаму чалавеку вялікі і дарагі падарунак. Нядаўна я пабыў такім шчасьлівым паштаром. Адвёз пасылку ад нашага радыё ў горад Рагачоў.

Але пра ўсё па парадку. У Беларусі ёсьць немалая колькасьць людзей сталага веку, якія дадуць фору маладым беларусам у нацыянальнай сьвядомасьці, у веданьні гісторыі, ня кажучы ўжо пра абазнанасьць ва ўнутранай палітычнай кухні. Нават навіны сучаснай музыкі і літаратуры гэтыя сівыя людзі ведаюць лепш за журналістаў афіцыйных СМІ. Жывуць гэтыя мудрыя старыя па ўсёй краіне. Я іх сустракаю ледзь ня ў кожнай вёсцы. Яны, як правіла, галоўныя палітінфарматары сярод сваіх суседзяў. Зь імі часта спрачаюцца, але па навіны заўжды бягуць да іх. Яны могуць быць рознай адукацыі, рознага жыцьцёвага досьведу. Але абʼядноўвае іх адно — яны ўсе даўнія слухачы Радыё Свабода.

Вось ад такога адданага слухача нашага радыё, настаўніка і цесьляра, рагачоўца Анатоля Шапялевіча мы і атрымалі ліст. У якім спадар Анатоль ня толькі раздаў нам усім свае ацэнкі і заўвагі, але і папрасіў аб невялікай паслузе. Купіць яму ўтулку для ровара.

Ягоны ліст настолькі ўразіў сваёй чалавечнасьцю і гумарам, што Аляксандар Лукашук прапанаваў замест утулкі набыць старому цэлы ровар. Рэдакцыя падтрымала ідэю, нашы абазнаныя раварысты знайшлі добры апарат, а мне дасталася шчасьлівая роля ганца з добрымі весткамі.

— Вы замаўлялі ўтулку?

— Прасіў. Нідзе не магу купіць. Мілы ты мой Міця. Такая краіна, што нічога ня купіш. Як выйсьці са становішча?

— Вы зьвярнуліся па абсалютна правільным адрасе. Радыё Свабода часам робіць цуды.

— Я гэта ведаў! Я столькі гадоў вас слухаю.

— Але мы яшчэ ніколі не выконвалі запаветных жаданьняў. Ніколі не куплялі ўтулак. А паколькі мы людзі творчыя, тэхнічна абсалютна непісьменныя, то вырашылі замест утулкі... У гэтым агрэгаце недзе ўтулка ёсьць, і не адна. Як вам утулка?

— Я ня думаў, што так усё атрымаецца. Што вы мне такую машыну прыгоніце. Што мне вам плаціць? Як мне разьлічыцца?

— Тут трэба падумаць. Зразумела, калі б я быў не за рулём, вы б са мной разьлічыліся вельмі лёгка.

— Дык чакайце, ідземце ж да мяне!

Спадар Анатоль, невысокі жвавы весялун, шчасьлівы ўладальнік падарунка, па-хлапечы спрытна ўсеўся на новы ровар і пакаціў па вуліцы.

— Гэта цуд-машына! Гэта Жданко выбіраў?

У сваім лісьце спадар Анатоль заінтрыгаваў мяне, напісаўшы, што ведае вельмі рэдкую народную песьню. Якую сьпяваў у студэнцкія гады Нілу Гілевічу. Песьня сапраўды шэдэўральная.

Я хаджу, я хаджу па зялёным лугу.
Аддавалі маладу ды ў вялікую сямʼю.
А вяліка сямʼя ўся вячэраць пасела,
А мяне маладу пасылаюць па ваду.
Да крыніцы дайшла, зачарпнула паўвядра,
А дадому ішла і сьлязамі даліла.
А вяліка сямʼя навучае мужыка —
Чаму жонку ня бʼеш, чаму волю ёй даеш?
«А за што ж яе біць? Яна ўмее ўсё рабіць.
І чытаць, і пісаць, і па садзіку гуляць.
І паіць, і варыць, і са мною гаварыць.

Якім недарэчным і дзіўным выглядае ў вачах «вялікай сямʼі» лірычны герой гэтай песьні. Мужык, які ня хоча біць сваю жонку. Ён ідзе супраць агульнапрынятай маралі. Быццам бы хрысьціянскага, рахманага, памяркоўнага, і якога там яшчэ народу?

— Гэтую песьню пяялі ў нашай вёсцы Малыя Бортнікі. Раней жонак білі мужыкі. Ды яшчэ як! Як што ня так, перасол які, дык білі. Гэта ў Беларусі лічылася нормай. І гэта адбілася ў народнай творчасьці. Не было культуры. Такой, як цяпер. «Адмалаці яе», — скажа нават сьвякруха. І такое часта было ў нашай вёсцы. Адзін сусед біў сваю Надзю. А другі сусед так біў сваю жонку, што яна памерла. Настаўніцай была. І тады ў суд не падавалі, цярпелі. І адбывалася гэта часьцей па пʼянцы.

Мы яшчэ абавязкова пракоцімся са спадаром Шапялевічам па Рагачоўшчыне. Бо ў нашага сталага слухача яшчэ багата песень і жыцьцёвых сюжэтаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG