Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цыганская драма ў Гомельскім раёне


Гомельскі райвыканкам распарадзіўся забраць двух дзяцей у цыганскай сям’і зь вёскі Прыбар. Рашэньне было ўхваленае 27 студзеня, але пакуль не набыло моц — сям’я супраціўляецца.

Улады хочуць забраць у цыганскай маці Любові Макаравай дзевяцігадовага сына Рамана і адзінаццацігадовую дачку Раду і накіраваць іх у інтэрнат.

У аддзеле адукацыі райвыканкаму сьцьвярджаюць, што ў справе ёсьць заключэньне мэдыкаў абласнога клінічнага псыханэўралягічнага шпіталя пра тое, што 40-гадовая Любоў Макарава ня можа выконваць «бацькоўскія абавязкі».

Сама Любоў Васільеўна кажа, што ў шпіталі, куды яе прывёз міліцыянт, яна «ня склала галоўны варыянт кубікаў»:

«Я чалавек непісьменны — толькі дзьве клясы скончыла. Маці дапамагала гадаваць дзяцей. Сама рана замуж выйшла — у пятнаццаць гадоў, бо такія ў нас цыганскія законы. Сямёх дзяцей нарадзіла і ўсіх выгадавала. Я калі іх нараджала, то лекары ў мяне іх не забралі — бачылі, што я нармальная маці.

Дык пры чым тут кубікі? Гэта нахабства супраць мяне».

Люба не адмаўляе, што і Рома, і Рада прапускалі школу. І ўмовы ў былым сельскім ФАПе, які некалі сельсавет аддаў яе маці пад жытло, не найлепшыя — і холадна бывае, і электрасьвятла няма, бо абрэзалі.

«Але ж навошта зь мяне рабіць ненармальную?» — не разумее цыганская маці.

Камісія райвыканкаму ўжо двойчы прыяжджала ў Прыбар, каб забраць у Любові Макаравай дзяцей-школьнікаў. Аднак мясцовыя цыганы не далі гэтага зрабіць. Разыгралася сапраўдная драма — са сьлязьмі, пагрозамі, праклёнамі. Перапалоханых дзяцей суцяшаў увесь шматлікі цыганскі род, які пагаджаецца ўзяць апякунства над Ромай і Радай.

«Калі ў мяне забяруць дзяцей у інтэрнат, то я жыць ня буду», — кажа Любоў Макарава.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG