Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства культуры зноў ухілілася ад праблемы з разбурэньнем помніка


З 2004 году на будынку былога кляштара базыльянаў у Воршы няма даху, хоць адрэстаўраваць гэты помнік архітэктуры 18 стагодзьдзя абяцаюць даўно і нават зьбіраюць на гэта ў гараджан грошы.

Аднак лёс сабраных сродкаў, у тым ліку і дабрачынна ахвяраваных, невядомы. А рэстаўрацыйныя працы, якія павінны былі весьціся яшчэ з красавіка, так і не распачаліся. Увогуле, гаспадар будынку — Віцебская эпархія праваслаўнай царквы — аніяк не інфармуе грамадзкасьць пра стан справаў з помнікам архітэктуры віленскага барока, які знаходзіцца пад аховай дзяржавы. І ўвесь горад ня першы год назірае, як ігнаруюцца патрабаваньні дзяржаўнага заканадаўства аб ахове гістарычнай спадчыны.

Пра ўсё гэта аршанскія краязнаўцы напісалі электронны зварот у Міністэрства культуры. У лісьце была выказана і прапанова да гэтай дзяржаўнай структуры: раз цяперашні ўладальнік дэманструе няздольнасьць даць рады будынку, то варта вярнуць будынак у дзяржаўную ўласнасьць. А потым аднавіць яго на карысьць гораду. Усе грошы, якія назьбіраліся на дабрачынным рахунку, перадаць райвыканкаму з умоваю абавязковага мэтавага выкарыстаньня. Пашукаць інвэстараў і стварыць там, напрыклад, мультыканфэсійны гатэль для пілігрымаў.

Гэткая прапанова — крык адчаю: у 2006 годзе, не знайшоўшы сродкаў на рамонт тады яшчэ прыдатнага для гарадзкіх патрэбаў будынку, гарвыканкам пазбыўся клопату пра гістарычны помнік — перадаў яго ва ўласнасьць праваслаўнай царкве. Але і новыя гаспадары дасюль нічога не зрабілі, каб яго ўратаваць. Адказ зь Міністэрства культуры таксама ня стаўся лёсавызначальным для помніка архітэктуры. Ніхто не скіраваў у Воршу праверку, каб спраўдзіць факты парушэньня заканадаўства аб ахове гістарычнай спадчыны, а таксама разабрацца, куды пайшлі пералічаныя на рэстаўрацыю грошы.

У лісьце за подпісам намесьніка міністра Аляксандра Яцко паўтараецца ўсё, што аршанскія краязнаўцы й так ведаюць: што праект рэстаўрацыі зроблены майстэрняй М.І Лук’янчыка і што той асабіста павінен курыраваць гэтую справу. А да ўласна рэстаўрацыйных працаў можна правесьці кансэрвацыю — зрабіць часовы дах, на гэта не патрабуецца ніякага адмысловага дазволу.

Чаму ўласьнік гэтага не зрабіў і застаецца беспакараным парушальнікам заканадаўства аб гістарычнай спадчыне, зь міністэрства ня пішуць. Не бяруцца ўвасабляць у жыцьцё і прапанову зьмяніць уласьніка: з гэтым, маўляў, актывісты самі мусяць зьвярнуцца да аршанскіх уладаў.

Ад вырашэньня лёсу помніка архітэктуры, які стаіць у самым цэнтры Воршы і гібее на вачох, ухіляецца і Міністэрства культуры, і царкоўныя ўлады. Аршанскія краязнаўцы зьвярталіся і да мітрапаліта Філарэта, каб той паспрыяў справе захаваньня помніка. У адказ атрымалі ліст ад «адказных за адраджэньне Сьвята-Пакроўскага манастыра ў Оршы» ігуменьні Анфісы (Любчак) і манахіні Даніілы (Цяцьковай). У ім быў пералік з 8 пунктаў — такіх, як прыборка тэрыторыі, усталяваньне плоту і пабудова побач з помнікам архітэктуры невялікага драўлянага храма. Гэта ўсё, што зрабілі гаспадары будынку з таго часу, як у 2006 годзе ён быў перададзены Віцебскай эпархіі Беларускай праваслаўнай царквы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG