Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэр Вільні: «Я папраўляю людзей, калі яны кажуць «Belarussia»


Рэмігіюс Шымашус (Remigijus Šimašius)
Рэмігіюс Шымашус (Remigijus Šimašius)

Журналіст Свабоды пагутарыў з мэрам Вільні Рэмігіюсам Шымашусам пра «вяртаньне Вільні», Беларускую АЭС і пра тое, чаму набываць аўтобусы зь Беларусі — больш не палітычнае рашэньне.

Офіс мэра Вільні — на дзевятнаццатым паверсе. Сама мэрыя не ў гістарычным цэнтры, а за ракой, у бізнэс-квартале. Прапануюць традыцыйную гарбату, каву і моркаўку, якая сапраўды ляжыць у талерках на стале, акуратна нарэзаная. Рэмігіюс Шымашус размаўляе па-расейску, але прызнаецца, што ангельская для яго ўжо нашмат бліжэйшая. Мэр расказвае пра посьпехі IT, прыход буйных кампаніяў, якія стваралі тут цэнтры абслугоўваньня і распрацоўкі і адначасова 13 тысячаў працоўных месцаў, і апавядае, што 98% жыхароў у той ці іншай ступені задаволеныя жыцьцём у Вільні. «Як на выбарах у некаторых краінах», — жартуе мэр.

— А якія сэктары растуць, апроч IT?

— Вільня — гэта не Літва. Калі паўсюль, напрыклад, падае колькасьць людзей у банкаўскім сэктары, то тут яна расьце. Банкаўскі і фінансавы сэктар вельмі хутка зьмяняюцца, празь дзесяць год яны будуць выглядаць зусім інакш. І толькі тыя цэнтры, якія канцэнтруюць у глябальным сэнсе абслугоўваньне праз інтэрнэт, змогуць выжыць. Таму для нас гэта важна, бо менавіта такія цэнтры паўстаюць у Вільні.

Што яшчэ вельмі важна — біятэхналёгіі. Мы маем некалькі вельмі прасунутых кампаніяў, якія выпускаюць прадукты сусьветнага ўзроўню. IT і біятэхналёгіі — гэтыя тыя два сэктары, якія паказваюць найбольшы рост.

— Што з «разумнага гораду» сёньня ёсьць у Вільні?

— Цяпер усе ў сьвеце кажуць пра smart city (падыход да кіраваньня горадам, заснаваны на інфармацыі і тэхналёгіях, — РС), але часта маюць пра гэта розныя ўяўленьні. Гэта ня толькі прыгожыя мабільныя дадаткі.

Пачну з паркінгу. Адзін клік — і з кожнага мабільнага тэлефона можна заплаціць за паркоўку. Гэтая сыстэма вельмі добра працуе. Але большы акцэнт я заўжды раблю на адкрытай інфармацыі і big data (вельмі вялікія аб’ёмы дадзеных, якія нельга апрацоўваць традыцыйнымі спосабамі. — РС) У гэтых дзьвюх галінах мы робім вялікія перамены.

Улетку мы прынялі дакумэнт аб адкрытай інфармацыі. У нас няма абмежаваньняў — фінансавыя або геаграфічныя дадзеныя, пратаколы паседжаньняў муніцыпалітэту — усе робіцца адкрытым. Мы разумеем, якія дадзеныя могуць выкарыстоўвацца ў прыватным сэктары, для жыхароў або NGO, інфармацыя пра транспарт і адукацыю — яны публікуюцца ў першую чаргу. Але і падыход зьнізу — калі мы маем запыты на нейкую інфармацыю, мы яе гатовыя прадстаўляць.

Від з вакна кабінэта мэра
Від з вакна кабінэта мэра

«Мы самі запрасілі Uber»

Мы хочам быць «хуткімі і адкрытымі». Удалы прыклад — Uber. У большасьці гарадоў кампанія ўспрымаецца з насьцярогай. Але тут у Літве мы самі запрашаем кампаніі са сфэры shared economy (новая эканамічная мадэль, заснаваная на сумесным спажываньні. — РС). Яны праводзілі ў Вільні канфэрэнцыю, і я сам іх запрасіў пачаць працаваць у горадзе. Праз 4 тыдні яны запусьціліся. Гэта самы хуткі вынік у гісторыі Uber. І ўсё цяпер добра працуе.

— Вы казалі, што Вільня сёньня прывабны горад для жыцьця. А як адаб’ецца на гэтай прывабнасьці зьяўленьне побач Беларускай АЭС?

— Мы бачым у гэтым праблему. Мы маем сумневы ў бясьпецы станцыі. Спрабуем працаваць зь беларускім бокам, але гэта больш пытаньне міжнацыянальнай супрацы. Калі няма інфармацыі, гарантыяў і бясьпекі, мы думаем, што набываць і прапускаць транзытам энэргію з АЭС — няправільна. Гэта пазыцыя Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі.

— Як горад будуе эканамічную супрацу зь Беларусьсю, апроч таго, што беларусы сюды прыяжджаюць на закупы?

— Цяпер эканамічная супраца на інкубацыйным узроўні. Мала праектаў, у асноўным проста езьдзяць людзі. Ня так шмат у вашым кірунку, але, напрыклад, на канцэрт «Ляпіса Трубяцкога» ў адзін дзень прыехала 9 тысяч беларусаў. І гэта важна — і закупы, і культурнае жыцьцё. Мы пазыцыянуем сабе як адкрыты горад.

Літоўскія інвэстыцыі ідуць у беларускія рэгіёны. Сюды часьцей інвэстуюць у IT, бо ёсьць разуменьне, што мы прывабны для гэтага бізнэсу горад.

— Наколькі цяжка вам далося рашэньне дазволіць гей-парад?

— Вельмі лёгка. Было нейкае напружаньне, канечне, як гэта ўсё адбудзецца, і ёсьць некаторыя партыі, якія імкнуцца зрабіць з гэтага шоў, якія пратэстуюць. Ёсьць лякальны жарт, што такія людзі больш за ўсіх і чакаюць гей-прайдаў. Для іх гэта рэкляма.

Але я калі ішоў на выбары, то казаў, што Вільня — адкрыты горад, і мы будзем дазваляць любыя шэсьці, якія не прыносяць вялікіх праблемаў гараджанам. Сёлета пройдзе другі прайд, наколькі я ведаю, ён будзе весялейшы — правядуць канцэрт, магчыма, прыедзе Канчыта Вурст.

— Ці набывае горад беларускія тавары?

— Так, здаецца, цэмэнт і соль. Наконт аўтобусаў мы перайшлі на скандынаўскі тып кіраваньня муніцыпалітэтам — у кіраваньні асобнымі галінамі 60% незалежных чальцоў, якія самі прымаюць рашэньні па той ці іншай праблеме. Набыцьцё аўтобусаў больш не палітычнае рашэньне.

Я думаю, мэтро будзе

— Наколькі рэальная ідэя мэтро ў Вільні?

— Цяпер мы рыхтуем плян мабільнасьці, бо Вільня расьце. Трэба рабіць нешта з транспартам. Або трамвай, або мэтро. Кажуць, што гэта дорага, але, я думаю, мэтро будзе, толькі цяжка сказаць калі. І з дапамогай прыватных інвэстараў. І таму нам трэба big data па гарадзкой мабільнасьці, каб разумець, колькі людзей зацікаўлена ў мэтро.

Не абавязкова гэта ўсе будзе пад зямлёй. Праблема з транспартнага пункту гледжаньня — вялікі стары горад. Бо хацелася б, каб там было больш раварыстаў і пешаходаў. Таму ў цэнтры гэта дакладна пад зямлёй, а ў іншых раёнах — не.

— Зьменшылася цяпер колькасьць турыстаў зь Беларусі і Расеі?

— Так, але больш людзей пачало пераяжджаць у Вільню. І гэта маладыя спэцыялісты і прадпрымальнікі. І яны расейскамоўныя, але жывуць у цэнтры і інтэгруюцца ў супольнасьць. Ня так, як гэта адбываецца, напрыклад, у Таліне, дзе яны жывуць у прыгарадах.

А наконт турыстаў — агульны паказчык вырас на 10%, і толькі зь дзьвюх краінаў прыяжджаць сталі менш — з Расеі і Беларусі. А вось з Брытаніі, Скандынавіі ці Нямеччыны прыяжджае больш. Зь Японіі на 70% павялічылася колькасьць турыстаў.

У кабінэце мэра
У кабінэце мэра

— Як муніцыпалітэт працуе з дыяспарамі?

— У нас ёсьць праблема з польскай дыяспарай у тым пляне, што ёсьць партыі, якія граюць на савецкай настальгіі. Гэта польскія партыі, але іх падтрымоўвае нейкая частка расейскамоўнага насельніцтва. Два альбо тры дні таму яны хадзілі на пікет каля пасольства ЗША наконт польскіх школаў. Магчыма, гэта паказвалі па расейскім ТБ.

«Тутэйшы мэнталітэт»

— Палякаў тут больш, чым беларусаў. Але мы маем беларускую школу. Праблема беларусаў у тым, што іх ідэнтычнасьць часта перакрыжоўваецца з расейскай або польскай. Або можна назваць гэта ідэнтычнасьцю віленскага рэгіёна. Тутэйшы мэнталітэт! (Шымашус так і кажа — «тутэйшы», з затрымкай згадваючы слова. — РС.)

І мы маем шмат людзей, якія прыехалі сюды пасьля Другой сусьветнай вайны, якія пераехалі сюды зь Беларусі, але пераехалі як палякі. Хоць насамрэч яны былі больш беларусамі. Гэта такое перакрыжоўваньне трох культураў, яно вельмі відавочнае ў Вільні.

Школы меншасьцяў атрымліваюць большае фінансаваньне, чым дзяржаўныя літоўскія — на дадатковыя падручнікі, большыя адлегласьці.

— А як вы ставіцеся да таго, што некаторыя лічаць «гістарычнай несправядлівасьцю» знаходжаньне Вільні ў складзе Літвы?

— Многія ў Літве балюча гэта ўспрымаюць. Вільня заўжды была шматкультурная. Яе заснаваў Гедзімін — князь літоўцаў і большасьці рускіх. Рускіх, русінаў — насельніцтва Беларусі і часткі Ўкраіны. Сам гэты тэрмін перасоўваўся з Украіны да Расеі, яны тады не былі «рускімі».

Вільня была заснаваная на гэтых культурах, і гэта традыцыя ВКЛ. Таму пра гэта можна гаварыць і гуляць гэтай картай, але гэта ні да чога не вядзе. Тут ёсьць палітычныя партыі, якія таксама лічаць, што межы Літвы ненатуральныя, што некаторыя вёскі павінны быць польскімі.

«Belarussia is not Belarus»

— Для Беларусі і для Літвы важна тое, што цягам нашай дзяржаўнасьці мы розныя дзяржавы вельмі нядаўна. Раней мы былі ў складзе адной дзяржавы, альбо як асобныя краіны альбо як акупаваныя. Таму нашы сувязі натуральныя, і мы маем шмат агульнага.

Варта не будаваць межы і перабудоўваць іх, а знайсьці тое, што нас яднае. Мы зараз шмат страцілі сувязяў, але мы маем вялікія сантымэнты да Беларусі. І вельмі важна, што мы ў Літве адрозьніваем Беларусь ад Расеі, чаго не заўважаюць шмат якія заходнія краіны. Belarussia is not Belarus — я заўжды раблю такія заўвагі, апошні раз, напрыклад, у Ерусаліме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG