Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Музэі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны я быў двойчы. Першы раз — школьнікам-пяціклясьнікам; добра памятаю, што на многія экспанаты даводзілася глядзець зьнізу ўверх, а гусеніца танка, на які мы марна пнуліся залезьці, праходзіла дзесьці на ўзроўні падбародзьдзя. Той непрыступны танк, чырвоныя сьцягі пад шклом, партызанская зямлянка зь велічэзнай трафэйнай бэнзапілой ды яшчэ падсьветленыя літары на фасадзе «Подвигу народа жить в веках» — вось і ўсё, што засталося ў хлапечай памяці.

Другі раз трапіў я ў той жа музэй ажно праз трыццаць з гакам гадоў, калі ён з Кастрычніцкай плошчы пераехаў на праспэкт Пераможцаў.

Думалася, прайшло столькі часу, мы сталі жыць у іншай краіне, пра тую ж вайну шмат чаго новага даведаліся — адпаведна, і музэйная экспазыцыя павінна быць абноўленая, пазбаўленая савецкага ідэалягічнага камуфляжу.

На жаль, у мадэрновым звонку будынку са шкла і бэтону панавала ўсталяваная даўным-даўно традыцыя, якая, думаю, не ў аднаго мяне выклікала расчараваньне. Я пераходзіў з залі ў залю і — нібы вяртаўся ў далёкі 1979 год. Мяне не пакідала адчуваньне, што ўсё гэта я ўжо бачыў — падчас той даўняй школьнай экскурсіі.

Парадныя мундзіры з жоўта-срэбнай луской мэдалёў, плякаты, што заклікалі «раздавіць фашысцкую гадзіну», гармата на колах ад калгаснай жняяркі... Зразумела, што і зямлянка з бэнзапілой нікуды не падзеліся, а чырвоных сьцягоў увогуле, здаецца, пабольшала.

Я зусім ня супраць тых сьцягоў і савецкіх лёзунгаў. У музэі ім — самае месца. З гісторыі нельга выкідаць таго, што насамрэч было. Але чаму ў новым музэі не знайшлося месца для экспанатаў, якія паказалі б нам трагедыю вайны не плякатна-аднабакова, а з розных ракурсаў?

Скажам, у музэйнай экспазыцыі заслужана знаходзіцца знакамітая кніга-помнік «Я з вогненнай вёскі» — пра спаленыя фашыстамі беларускія паселішчы. А чаму поруч не пакласьці кнігу Віктара Хурсіка «Кроў і попел Дражна» — пра вёску ў Старадароскім раёне, якую ў 1943 годзе таксама спалілі, але — савецкія партызаны? Таксама ж кніга-помнік, заснаваная на дакумэнтах і ўспамінах відавочцаў. А колькі вёсак у Беларусі паўтарылі лёс Дражна? Якімавічы на Слонімшчыне, Нацкава на Мастоўшчыне, Боркі і Була ў Івацэвіцкім раёне... Ці гэта не гісторыя ВАВ, і там забівалі і палілі ў хатах людзей нейкага другога гатунку, нявартых нашай памяці?

Карнай апэрацыяй у Дражне камандаваў камбрыг Іваноў, на яго сумленьні — дваццаць пяць бязьвінных ахвяраў, у тым ліку жанчыны і малалетнія дзеці. Пасьля вайны той камбрыг ня быў асуджаны, працаваў на кіроўных пасадах, стаў героем тысячастаронкавай кнігі «Всенародная партизанская война в Белоруссии против фашистских захватчиков». Яе аўтар — міністар МГБ БССР Лаўрэнці Цанава. Праўдзіваму дасьледаваньню Хурсіка месца ў экспазыцыі не знайшлося, а псэўдагістарычная кніга Цанавы, дзе сам аўтар, падазраю, не напісаў ні старонкі, — калі ласка, навідавоку. Тую «Всенародную войну...» падчас хрушчоўскай адлігі, кажуць, сканфіскавалі з усіх бібліятэк і адправілі на макулятуру. Музэйшчыкі недзе адкапалі і выставілі. Можа, іх за гэта яшчэ і прэміявалі?

Увогуле, шмат якая літаратура ў сталую экспазыцыю, як выглядае, трапіла выпадкова. Незразумела, як баявы дух вайскоўцаў і тых жа партызанаў маглі падтрымліваць «Выбраныя вершы і паэмы» Тараса Шаўчэнкі 1948 году выданьня, «Выбраныя творы» Аркадзя Куляшова, выдадзеныя ў 1947-м, ці зборнік вершаў Канстанцыі Буйло «Сьвітаньне», які пабачыў сьвет толькі ў 1950-м? Як на добры розум, на тым стэндзе павінны былі б экспанавацца куляшоўскі «Сьцяг брыгады» ды «Слуцкі пояс» Анатоля Астрэйкі, якія зьявіліся ў 1943 годзе, а значыць — сапраўды пасьпелі «паваяваць».

Часопіс «Вожык» трымаецца ў экспазыцыі прышчэпкамі для бялізны

Часопіс «Вожык» трымаецца ў экспазыцыі прышчэпкамі для бялізны

Паводле падлікаў гісторыка Юрыя Туронка, за часы нямецкай акупацыі ў Беларусі было выдадзена 117 кніг — школьныя падручнікі, слоўнікі, мастацкая літаратура. Сярод іх, прыкладам, паэтычныя зборнікі Натальлі Арсеньневай і Алеся Салаўя «Сягоньня» і «Мае песьні», у якіх — ніводнага ўхвальнага слова на адрас нямецкіх захопнікаў. Выходзіла пад акупацыяй і «Граматыка беларускай мовы» Браніслава Тарашкевіча, і «Беларускі правапіс» Антона Лёсіка, па якіх вучыліся тысячы беларускіх дзетак. Хіба гэтыя выданьні — ня частка той гісторыі, спасьцігаць якую ў новы музэй ідуць і ідуць наведнікі?

Кідаецца ў вочы і пэўная тэндэнцыйнасьць у разьмяшчэньні некаторых экспанатаў. Скажам, франтавы партрэт Васіля Быкава дзіўнавата глядзіцца поруч з выявай Сталіна. Нягледзячы на тое, што на фатаздымку — малады лейтэнант, подпіс на трох мовах абвяшчае: Герой Сацыялістычнай Працы... Гэта як таго ж Сталіна падпісалі б: навучэнец духоўнай сэмінарыі.

Лейтэнант Васіль Быкаў — Герой Сацыялістычнай Працы

Лейтэнант Васіль Быкаў — Герой Сацыялістычнай Працы

Падакупацыйная пэрыёдыка прадстаўленая ў экспазыцыі адной-адзінай «Беларускай газэтай», што, вядома ж, не дазваляе займець хоць прыблізнае ўяўленьне пра беларускі пэрыядычны друк пад нямецкім кантролем. Ні слова пра часопіс «Новы шлях», пра газэту «Раніца», якія выходзілі гадамі, сумарны наклад якіх налічвае сотні тысячаў асобнікаў. А ў якім выглядзе выстаўленая тая ж «Беларуская газэта» — здагадацца няцяжка. Вядома ж, з партрэтам Гітлера на паўпаласы і перадавіцай «Крыжовы паход Эўропы супраць бальшавізму». Перагартаўшы ў свой час гадавікі ўсіх падакупацыйных выданьняў, магу сказаць адно — такі нумар трэба было яшчэ пашукаць.

«Беларуская газэта» за 8 кастрычніка 1942 г.

«Беларуская газэта» за 8 кастрычніка 1942 г.

Чаго дарэмна шукаць у музэі, дык гэта дакумэнтаў пра дзейнасьць Беларускай Цэнтральнай Рады, Беларускай народнай самапомачы, Беларускай краёвай абароны. А гэтыя арганізацыі актыўна дзейнічалі на тэрыторыі акупаванай Беларусі, ад іх залежалі тысячы людзкіх лёсаў.

Васковыя вайскоўцы на лініі агню

Васковыя вайскоўцы на лініі агню

Ня памятаю ў старым музэі і васковых фігураў. Артылерыст пры гармаце, кухар пры палявой кухні, партызан у зямлянцы... Дзеці ахвотна фатаграфуюцца поруч зь імі. Але калі прыгледзецца больш пільна... Скажам, партызан з засяроджаным выглядам нешта чытае. Зазірнуўшы яму цераз плячо, я са зьдзіўленьнем пабачыў, што чытае ён... школьныя пропісі. Вядома ж, правільныя з ідэалягічнага гледзішча: «Наша радзіма — Совецкі Саюз. Мы любім нашу радзіму». Навошта спатрэбілася паказваць партызанаў такімі ўжо бязграматнымі? Праўдзе жыцьця больш адпавядалі б зробленыя з тых пропісяў самакруткі.

Партызан, які ледзь умее чытаць

Партызан, які ледзь умее чытаць

Помніцца, на адкрыцьцё новага музэю прылятаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін. Мабыць, адмыслова для яго ў адной з заляў павесілі жывапісны партрэт Аляксандра Пушкіна, прастрэлены нямецкімі кулямі. Пуцін зьехаў, а Пушкін застаўся. І глядзіцца трохі недарэчна па суседзтве з партызанскімі пропісямі. Партрэт Купалы тут больш прыйшоўся б да месца — разам са славутым вершам «Партызаны, партызаны, беларускія сыны...».

Прастрэлены Пушкін

Прастрэлены Пушкін

Агляд музэю заканчваецца ў залі баявой славы — на верхнім паверсе, пад шкляным купалам. Тысячы прозьвішчаў загінулых за Беларусь, сотні найменьняў вайсковых фармаваньняў, золата і мармур. І — ні слова па-беларуску. Пуціну, мабыць, спадабалася.

Пакінуў я музэй зь дзіўным пачуцьцём. Быццам пабачыў толькі палову вайны. Гэта як купіць квіток на цэлы кінасэанс, а пасярод фільма вам кажуць — выбачайце, больш кіна ня будзе, ня ўсю плёнку праявілі.

А яшчэ музэй падаўся мне насупленым ва ўсе бакі айсбэргам, які адарваўся ад ледавіка пад назвай Савецкі Саюз, заплыў у цёплае мора і не растаў. Гэткая сабе савецкая выспачка з навершам у выглядзе стылізаванага фашысцкага райхстагу, якая плыве па Менску ў туманную далячынь. А сьледам за ёю дрэйфуе і ўся краіна, у якой заклінавала стырно.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG