Шэраг расейскіх дзяржаўных СМІ 23 студзеня прывялі заяву Міністэрства абароны Расеі, у якой гаварылася, што Вашынгтон выкарыстаў «прамую лінію» для перадачы каардынатаў на расейскую авіябазу Хмеймім для нанясеньня паветраных удараў па цэлях у раёне гораду Эль-Баб ў правінцыі Алепа.
У прыватнасьці, расейскае агенцтва «Новости» са спасылкай на Мінабароны Расеі паведаміла, што пасьля разьведкі два расейскія самалёты і два самалёты зь сіл міжнароднай кааліцыі нанесьлі паветраныя ўдары па тэрарыстычных аб’ектах. Міністэрства не разьмясьціла заявы на сваім вэб-сайце або на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, хоць дзяржаўныя выпускі навінаў тэлеканалу RT і агенцтва ТАСС паведамілі пра заяву з выкарыстаньнем аднолькавай лексыкі.
Пэнтагон, аднак, хутка абверг гэтыя паведамленьні.
«Міністэрства абароны не каардынуе авіяўдары з расейскімі вайскоўцамі ў Сырыі», — паведаміў Радыё Свабода ў заяве па электроннай пошце прадстаўнік Пэнтагону Эрык Пэйган (Eric Pahon). «Міністэрства абароны ЗША падтрымлівае канал сувязі з расейскімі ваеннымі, які засяроджаны выключна на гарантаваньні бясьпекі экіпажаў і разьмежаваньні дзеяньняў сіл Кааліцыі і расейскіх апэрацый у Сырыі,» — паінфармаваў прадстаўнік Пэнтагону.
Расея і Злучаныя Штаты падтрымліваюць супрацьлеглыя бакі падчас шасьцігадовай вайны ў Сырыі. Масква падтрымлівае прэзыдэнта Сырыі Башара Асада, у той час як Вашынгтон і яго саюзьнікі падтрымліваюць некаторыя з паўстанцкіх груповак, супраць якіх змагаюцца сілы Асада.