Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прайшло разьвітаньне зь Сяргеем Ханжанковым


17 сакавіка ў рытуальнай залі крэматорыя на Паўночных могілках Менску разьвіталіся з дысыдэнтам савецкага часу Сяргеем Ханжанковым, які памёр у сераду пасьля цяжкой анкалягічнай хваробы на 74-м годзе жыцьця. Пахаваюць прах Сяргея Мікалаевіча на сталічных Чыжоўскіх могілках на 9 дзень пасьля сьмерці каля бацькоў.

У рытуальнай залі сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек, родных, сяброў, паплечнікаў Сяргея Ханжанкова: старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, рэжысэры Валер Мазынскі і Віктар Корзун, намесьнік старшыні партыі БНФ Ігар Лялькоў, сьпявачка Кася Камоцкая, праваабаронцы Сяргей Сыс, Алег Воўчак, грамадзкія актывісты Ўладзімер Раманоўскі, Вячаслаў Сіўчык, Ганна Шапуцька, Андрэй Кім, Алесь Макаеў, Максім Вінярскі, Валерыя Чарнаморцава ды іншыя. Труна была пакрытая бел-чырвона-белым сьцягам.

На пачатку разьвітальнай цырымоніі праваслаўны сьвятар правёў абрад адпяваньня. Затым сябры і паплечнікі добрым словам узгадалі памерлага. Вячаслаў Сіўчык у сваёй прамове адзначыў, што Беларусь шмат страціла са сьмерцю такога чалавека:

Вячаслаў Сіўчык (крайні зьлева) сярод прысутных

Вячаслаў Сіўчык (крайні зьлева) сярод прысутных

«Чамусьці ў нашай краіне прынята ганарыцца савецкім часам, і амаль ня згадваецца, колькі дрэннага зрабілі Саветы. Сяргей Ханжанкоў ніколі ня быў савецкім чалавекам. Ён быў надзвычай прыстойным, прынцыповым чалавекам. Карыстаўся вялікай павагай сярод палітычных вязьняў. У мардоўскіх лягерах адмовіўся ад умоўна-датэрміновага вызваленьня, адседзеў ад званка да званка. Ён і ў турме заставаўся свабодным чалавекам. Жыве Беларусь!»

Праваабаронца, былы палітвязень Алесь Бяляцкі назваў Сяргея Ханжанкова рамантыкам, якому вельмі дорага давялося заплаціць за свой рамантызм — дзесяцьцю гадамі мардоўскіх лягераў. Бяляцкі выказаў надзею, што пра ўчынак Ханжанкова яшчэ напішуць у падручніках найноўшай гісторыі.

Удава Алена Скам’янава, Андрэй Кім, Алесь Бяляцкі

Удава Алена Скам’янава, Андрэй Кім, Алесь Бяляцкі

Грамадзкі актывіст Уладзімер Раманоўскі ўзгадаў, што ў яго з Ханжанковым падобнае дзяцінства — абодва яны нарадзіліся на Калыме. Пра ўчынак Ханжанкова ён пачуў у далёкім 1963 годзе: па Менску хадзілі чуткі, што групу студэнтаў арыштавалі за антысавецкую дзейнасьць. А асабіста пазнаёміўся з Ханжанковым толькі ў 2006 годзе. Спадар Раманоўскі захапляўся інтэлектам Ханжанкова, яго сьціпласьцю, далікатнасьцю, лепшымі чалавечымі якасьцямі — і ў той жа час прынцыповай пазыцыяй і трываласьцю.

Алесь Макаеў назваў Сяргея Ханжанкова сымбалем беларускага супраціву савецкага часу.

Пры канцы жалобнай цырымоніі прасьпявалі «Магутны Божа».

У Сяргея Ханжанкова засталіся дачка Вера, 10-гадовы ўнук, удава Алена.

Сяргей Ханжанкоў нарадзіўся 13 сакавіка 1942 году ў пасёлку Усьць-Уціны Магаданскай вобласьці ў сям’і былых палітзьняволеных (бацька быў асуджаны ў 1935-м, дзед па матчынай лініі — у 1929-м). У 1955-м сям’і дазволілі вярнуцца ў Менск. У 1959-м Сяргей Ханжанкоў паступіў у Беларускі політэхнічны інстытут. Ханжанкоў зь сябрамі хацеў узарваць менскую вежу-глушылку, але 27 траўня 1963 году яго разам з паплечнікамі арыштавалі, а 7 кастрычніка асудзілі за «спробу зрабіць дывэрсію» і «антысавецкую агітацыю і прапаганду» на 10 гадоў зьняволеньня.

Пасьля вызваленьня ў 1973 годзе Ханжанкоў вярнуўся ў Менск, працаваў інжынэрам у Беларускім дзяржаўным інстытуце праектаваньня аўтадарог, на заводзе імя Кірава. З 2002-га на пэнсіі.

Ханжанкоў ніколі не шкадаваў, што 10 лепшых гадоў у маладосьці правёў у мардоўскіх лягерах, бо там, паводле ягоных словаў, ён сустрэў тых людзей, якіх ніколі не сустрэў бы на волі.

Не рэабілітаваны і рэабілітацыі ніколі не дамагаўся.

Фотарэпартаж з разьвітаньня (15 фота)

XS
SM
MD
LG