Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт пра забойства Нямцова: Звычайнай падрыхтоўкі спэцназу ГРУ для такой апэрацыі не хапіла б


Андрэй Салдатаў, рэдактар выданьня Агентура.ру і аўтар некалькіх кніг пра расейскія спэцслужбы, лічыць, што забойства расейскага апазыцыйнага палітыка Барыса Нямцова было праведзенае групай з высокай спэцпадрыхтоўкай.

РС: Ці праўда, што месца, дзе было зьдзейсьненае забойства, знаходзіцца пад пастаянным кантролем? З аднаго боку, яно побач з Крамлём, але зь іншага, гэта звычайная праезная вуліца. Наколькі гэта месца праглядаюць?

Салдатаў: Тут ёсьць вельмі вялікі перакос, людзі вельмі моцна сфакусаваліся на праблеме відэакамэр. Я, шчыра кажучы, ня вельмі моцна на гэтым засяроджваўся б, таму што гэтыя відэакамэры звычайна без распазнаваньня асобаў, усталяваныя не на той вышыні, занадта высока, яны ніяк не дапамагаюць у высочваньні злачынцаў, што паказала велізарная колькасць расьсьледаваньняў, у тым ліку і гучных. Напрыклад, гібель Ганны Паліткоўскай была зьнятая на камэру, і гэта ня надта моцна дапамагло ў расьсьледаваньні, да гэтага часу не да канца ёсьць упэўненасьць, што чалавек, які быў асуджаны як кілер, ім уласна і быў. Праблема гэтага месца іншая, яна заключаецца ня ў камэры і ня ў тым, наколькі яно праглядаецца, яна заключаецца ў тым, што ва ўсёй гэтай зоне вельмі складана заставацца незаўважаным на аўтатранспарце ці нават пешшу. Гэтае месца патрабуе вельмі сур’ёзнай лягістычнай прапрацоўкі і каардынацыі паміж тымі людзьмі, якія займаліся гэтай апэрацыяй. Маё глыбокае перакананьне, што ў гэтым удзельнічала некалькі людзей, магчыма, некалькі камандаў. Адны людзі ішлі фізычна за ім, высьвятляючы, як ён ідзе, куды ён ідзе, зь якой хуткасьцю. Яны павінны былі каардынаваць свае дзеяньні зь людзьмі, якія ехалі ў машыне. І менавіта тут заключаецца самае вузкае месца, таму што на мосьце немагчыма прыпаркавацца, пад мостам прыпаркавацца таксама нельга, нельга стаяць на набярэжных, на вуліцах, прылеглых да моста, гэта зрабіць даволі складана. Нават калі вы гэта зрабілі, то да моста даехаць — займае нейкі час. Таму павінна была працаваць вельмі прафэсійная каманда, якая ўсё гэта каардынавала, каб злавіць Нямцова там, дзе ён ішоў, каб не злавіць яго раней, не злавіць яго пазьней, а менавіта там, дзе гэта адбылося.

РС: Ці азначае гэта, што тыя, хто зьдзяйсьняў гэтае злачынства, выбралі гэтае месца, нягледзячы на складанасьці?

Салдатаў: Тэхналягічна гэта было вельмі складана, можна было б нашмат прасьцей месца знайсьці. Гэта тычыцца ня толькі месца, але і выбару зброі злачынства і яго спосабу. Можна было гэта зрабіць нашмат прасьцей, не выкарыстоўваючы такую колькасьць чалавечага рэсурсу. Можна было падпільнаваць яго ў пад’езьдзе, напрыклад. Маса варыянтаў, якія можна было пракруціць, але тут быў абраны тэхналягічна вельмі складаны спосаб, які патрабуе ўдзелу вялікай колькасьці людзей зь вельмі высокай падрыхтоўкай. Я хачу падкрэсліць гэты момант, таму што гэта вельмі важна: звычайнай шараговай падрыхтоўкі спэцназу ГРУ тут бы не хапіла — гэта павінна была быць сапраўды вельмі прафэсійная каманда.

РС: Гэта азначае, што месца было абрана менавіта дэманстратыўна?

Салдатаў: Цалкам дакладна.

РС: Іншай мэты ня можа быць — гэта паказальнае забойства?

Салдатаў: І час, я думаю, таксама. Я думаю, Уладзімір Мілаў мае рацыю, калі кажа, што шанец на вонкавае назіраньне перад акцыяй пратэсту нашмат вышэйшы, чым тыдзень пасьля. Усе мы ведаем, што апазыцыйны рух знаходзіцца ў пэўным заняпадзе, гэтыя акцыі не праходзяць кожны тыдзень, гэта не 2011 год. Зразумелая справа, што праз тыдзень пасьля маршу сытуацыя для зьдзяйсьненьня такога роду апэрацыі была б прасьцейшай. Але чамусьці было прынята рашэньне ажыцьцявіць яе менавіта ў гэты час. То бок, гэта мела пэўнае сымбалічнае значэньне.

РС: Зьявіўся запіс відэакамэры назіраньня, але насамрэч на гэтай камеры нічога не відаць.

Салдатаў: Абсалютна згодны. Яна вельмі каламутная, машына загароджвае ўсё, што адбываецца. Па вялікім рахунку мы больш даведваемся пра тое, што адбываецца, са словаў вядучага, чым з самога запісу.

РС: Фактычна ўсе высновы, якія там робяцца — гэта вынік камэнтаваньня. Аднак калі мы лічым, што гэтая камэра захавала момант забойства, і невырызныя сылюэты ўдалечыні — меркаваны Нямцоў зь дзяўчынай ды, праўдападобна, забойца, то запіс паказвае нешта супрацьлеглае да таго, як намалявалі забойства сьледчыя органы?

Салдатаў: Я ня бачу супярэчнасцяў, таму што ў следзтва пакуль няма агульнай тэорыі. Адрозьніваецца колькасьць куляў, адрозьніваецца колькасьць гільзаў, адрозьніваецца апісаньне. У мяне няма адчуваньня, што карціна ўстаноўленая. Я б ня вельмі моцна рабіў упор на грузавік, машыну, я вельмі сумняваюся, што яна мела адносіны да падзеі. Таму цяпер казаць пра тое, што гэта моцна супярэчыць дадзеным сьледзтва, даволі складана.

РС: Але да таго здавалася з паведамленьняў, што забойцы ехалі на машыне міма, стрэлілі ледзь не з акна і зьехалі. А тут машына забрала нейкага чалавека, які рухаўся з моста, адкуль ён зьявіўся — незразумела.

Салдатаў: Насамрэч там адразу было дзьве вэрсіі, паводле адной зь іх стрэлы былі з машыны, паводле іншай чалавек рэзка ўскочыў у машыну і зьехаў. Але, на жаль, гэта не мяняе тэзісу, што гэты працэс быў скаардынаваны. Таму што там немагчыма было, напрыклад, пакінуць машыну прыпаркаванай, забойца зрабіў сваю справу, потым сеў у сваю машыну і зьехаў. Для мяне асабіста дзіўным зьяўляецца прафэсіяналізм тых людзей, хто каардынаваў гэта, фактычна ён скокнуў у машыну, якая праяжджала міма. Калі гэта так, то гэта пацьвярджае высокі прафэсіяналізм гэтай каманды.

РС: На ваша адчуваньне, такія злачынствы можна раскрыць? Гэта зьдзейсьнена ў наўпроставай бачнасьці Крамля, у цэнтры, дзе, па ідэі, шмат супрацоўнікаў паліцыі, шмат камэраў. Як вы ацэньваеце імавернасьць, што гэтае злачынства можа быць раскрытае?

Салдатаў: Я вельмі скептычна стаўлюся да таго, што гэтае злачынства можна раскрыць. Прычына першая: я ўжо даўно ня памятаю такога высокага ўзроўню правядзеньня спэцапэрацыі, калі можна так сказаць, або ліквідацыі. Другое: нават заказныя злачынствы і забойствы, якія праводзіліся да таго і на больш вузкім узроўні, і то не былі раскрытыя. Першае, што прыходзіць у галаву — гэта справа Ганны Паліткоўскай, дзе, як мы ведаем, афіцыйнай пазыцыяй дзяржавы зьяўляецца тое, што справа раскрытая, таму што злоўлены выканаўцы, але пры гэтым няма адказу на пытаньне аб матыве і хто заказчыкі. Тут, мне здаецца, ня будуць знойдзеныя нават выканаўцы.

Поўнасьцю матэрыял можна прачытаць тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG