Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Равяка: Добра, што Партыя БНФ не пры ўладзе, заявы Кастусёва пра брусэльскія тэракты — блюзьнерства


©Shutterstock

©Shutterstock

Праваабаронца Тацяна Равяка нэгатыўна выказалася наконт заявы Партыі БНФ, у якой фронтаўцы заклікаюць урад не дапусьціць прытоку сырыйскіх уцекачоў у Беларусь.

Сёньня намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў напісаў у сваім Фэйсбуку:

«Ну, каму яшчэ не падабаецца заява Партыі БНФ пра сырыйскіх уцекачоў?»

І даў спасылку на паведамленьні пра ранішнія выбухі ў Брусэлі.

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

«Праца палітыкаў, праца партыяў і палітычных арганізацыяў павінна забясьпечваць бясьпечнае і прыстойнае жыцьцё сваіх грамадзянаў. Менавіта пра гэта Партыя БНФ і сказала ў сваёй заяве аб недапушчэньні прытоку сырыйскіх уцекачоў у Беларусь. Партыя БНФ як партыя абаронцаў нацыянальных інтарэсаў грамадзянаў Беларусі мае такую пазыцыю.

Тое, што сёньня адбылося ў Брусэлі, — гэта жах. Маё асабістае меркаваньне — гэтыя выбухі зьвязаныя з выхадцамі з мусульманскіх краінаў, з тымі ўцекачамі, якія вялікай плыньню хлынулі ў Эўропу. На жаль, Эўропа дапусьціла ў гэтай справе шмат памылак, не адсачыўшы гэтую плынь уцекачоў. А цяпер атрымалі тое, што атрымалі. Вядома, я выказваю спачуваньні народам Эўропы, вельмі б хацелася, каб гэта быў апошні тэракт. Будзем спадзявацца, што сілавыя структуры зробяць патрэбныя захады дзеля гэтага».

Праваабаронца Тацяна Равяка назвала словы Рыгора Кастусёва «блюзьнерствам»:

Тацяна Равяка

Тацяна Равяка

«Вельмі важнае права чалавека на прытулак, права знайсьці бясьпечныя ўмовы для свайго жыцьця. Такія заявы, якія робіць Партыя БНФ, паказваюць на недальнабачнасьць гэтых палітыкаў. Яны бачаць толькі тое, што адбылося сёньня. Маўляў, сёньня нам не падабаюцца сырыйцы, таму што гэта іншая культурная група.

Справа ў тым, што ў такой сытуацыі можа апынуцца любы чалавек. У сытуацыі, калі яму давядзецца ратаваць сваё жыцьцё і жыцьці сваіх блізкіх. Наш сьвет так зладжаны, што мы павінны дапамагаць такім людзям, каб яны маглі атрымаць прытулак.

Тое, што напісаў Рыгор Кастусёў, — гэта блюзьнерства, спэкуляцыя на тым, што здарыліся жахлівыя выбухі. Гэта блюзьнерства — зьвязваць заяву і падзеі, якія адбыліся. Яшчэ невядома, хто ўчыніў выбухі.

І ўвогуле, у адпаведнасьці з заявай БНФ выходзіць, што некаторыя нацыі складаюцца выключна з тэрарыстаў. І куды б яны ні прыехалі, у Брусэль ці ў Беларусь, іх мэта — тэрарызм. На самой справе гэта абсалютна няправільна, бо гэта перадузятае стаўленьне да канкрэтных нацыяў.

Мне як праваабаронцу жахліва чытаць такія заявы палітыкаў. Я рада, што некаторыя палітыкі ня могуць уплываць на рашэньні ў краіне. У дадзеным выпадку я маю на ўвазе Партыю БНФ».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG