Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раварыст, які зьбіў бітай мінака, цалкам прызнаў віну і папрасіў прабачэньня


Падсудны Анатоль Грынкевіч

Падсудны Анатоль Грынкевіч

Грынкевічу пагражае 9 гадоў калёніі. Пацярпелы ня хоча яму дараваць і просіць максымальнага пакараньня.

7 верасьня ў Фрунзенскім судзе Менску пачаўся працэс па гучнай справе аб зьбіцьці раварыстам мінака бэйсбольнай бітай. На лаве падсудных 30-гадовы Анатоль Грынкевіч, індывідуальны прадпрымальнік, які зарабляў на жыцьцё рамонтам музыкальных інструмэнтаў. Пацярпелы — Васіль Дземідовіч, якому 17 гадоў. Справу разглядае судзьдзя Юлія Крэпская.

Пасьля інцыдэнту, які здарыўся ў чэрвені, Васіль больш за тыдзень адбыў у шпіталі з чэрапна-мазгавой траўмай, якую атрымаў, калі Анатоль Грынкевіч ударыў яго бітай.

«Наступствы траўмы дагэтуль адчуваю, буду прасіць суд даць Грынкевічу максымальнае пакараньне», — сказаў журналістам перад судом Дземідовіч. Паводле пацярпелага, абвінавачаны Грынкевіч не прасіў у яго прабачэньня, а сваякі Грынкевіча, якія размаўлялі зь ягоным бацькам, усклалі адказнасьць за інцыдэнт на яго самога — Дземідовіча.

Абвінавачаны: Быў у нэрвовым стане з-за хваробы жонкі

Грынкевіч у судзе цалкам прызнаў сябе вінаватым паводле 3 часткі 339 артыкула Крымінальнага кодэксу. Гэта гвалтоўныя дзеяньні з хуліганскіх прычын з нанясеньнем траўмаў праз выкарыстаньне пэўных прадметаў. Адметна, што абвінавачаньне ставіць у віну Грынкевічу не адзін, а два ўдары: спачатку роварам у цела, потым бэйсбольнай бітай па галаве. Пры гэтым Грынкевіч сказаў, што наўмысна не наяжджаў на Васіля Дземідовіча.

Месяц таму ў Анатоля Грынкевіча нарадзілася дачка. Паводле абвінавачанага, 19 чэрвеня на працу яму патэлефанавала цяжарная жонка і сказала, што ёй стала блага. Ён тэрмінова паехаў дадому, каб дапамагчы жонцы, і скарыстаўся роварам.

Біта ў яго была на працы на той выпадак, калі б кавалак дрэва спатрэбіўся для рамонту музычных інструмэнтаў, патлумачыў абвінавачаны. У заплечнік ён паклаў біту раней, яшчэ да званка жонкі, і ў пасьпеху ўзяў заплечнік зь бітай у дарогу.

Калі ехаў па роварнай дарожцы, то лічыў, што ў яго была перавага ў параўнаньні зь мінакамі, бо на дарожцы была адпаведная разьметка, сказаў Грынкевіч.

«Раней асаблівых сутычак зь мінакамі не было, безь фізычных кантактаў», — сказаў абвінавачаны.

«Спачатку не хацеў біць бітай, але потым нанёс удар „на эмоцыях“»

Паводле Грынкевіча, пацярпелы Дземідовіч перад інцыдэнтам ішоў па роварнай дарожцы, побач зь ім па ходніку ішла дзяўчына. Ён махаў ім рукой, але маладыя людзі размаўлялі паміж сабой і ягонага сыгналу не заўважылі. Тады ён крыкнуў, каб папярэдзіць мінакоў. У той момант паміж ім і пацярпелым было «мэтраў 15–20». Паводле Грынкевіча, ён убачыў, што хлопец глядзіць яму ў вочы, і вырашыў, што той яго заўважыў.

«Я пачаў тармазіць двума тармазамі і зьехаў на край дарожкі, але ўсё роўна зачапіў рулём за локаць пацярпелага і паляцеў праз руль на дарожку», — сказаў Грынкевіч. Паводле абвінавачанага, у той момант яму было вельмі балюча.

Пасьля падзеньня ён падняў галаву і ўбачыў, што пацярпелы працягвае рух, «як бы нічога не было». Гэта яго яшчэ больш вывела зь сябе.

«На нэрвовай глебе я нешта яму крыкнуў, магчыма і лаянку. Ён азірнуўся, нешта сказаў у адказ ды пайшоў далей», — распавёў падсудны.

Ён падняўся зь зямлі і пайшоў за пацярпелым, задаючы яму пытаньні («нешта пра тое, ці ён сьляпы»). Але пацярпелы маўчаў і падняў для абароны рукі, «як у баксёрскай стойцы», сьцьвярджае Грынкевіч. Паводле яго, ён не атрымаў адказу на ніводнае з пытаньняў, і гэта яго раззлавала дадаткова. Нібыта каб не дапусьціць бойкі, Грынкевіч дастаў з заплечніка біту.

«Спачатку не хацеў біць бітай, але потым нанёс удар „на эмоцыях“. Але ён ня страціў прытомнасьці, варушыўся, аб дапамозе не прасіў», — сказаў суду абвінавачаны пра момант пасьля ўдару.

Паводле Грынкевіча, ён не падумаў, што хлопец моцна пацярпеў ад удару, — і сышоў, каб ехаць далей. Ягоны ровар быў часткова сапсаваны, але ўсё ж ён дадому на ім дабраўся. Ад падзеньня ў Грынкевіча была садраная скура да крыві, сіняк на калене, былі пашкоджаныя майка і шорты. Калі прыехаў дадому, аказаў дапамогу жонцы і схадзіў па лекі ў аптэку. Паступова ён асэнсаваў, што зрабіў дрэнны ўчынак, зьбіўшы мінака:

«Два дні сядзеў дома і быў цалкам пагружаны ў тое, што адбылося».

Пра тое, што яго шукае міліцыя, Грынкевічу паведаміў брат праз тэлефон. На трэці дзень пасьля здарэньня ён сам прыйшоў у міліцыю, але за дзень да таго «ўтылізаваў біту»: расьпілаваў на кавалкі і выкінуў у кантэйнэр для сьмецьця. Навошта?

«Каб не расстройваць жонку, калі ўбачыць біту, і каб не было намеру больш вырашаць праблемы з дапамогай біты», — кажа ён. Пры гэтым жонцы пра інцыдэнт Грынкевіч да арышту не сказаў.

«Не здымаю віны і зь сябе. Эмоцыі ўзялі верх»

У судзе абвінавачаны Грынкевіч зьвярнуўся да пацярпелага Дземідовіча і ягонага бацькі з просьбай аб прабачэньні. Свае паводзіны 19 чэрвеня ён патлумачыў зьбегам абставінаў і цяжкім маральным станам з-за сямейных праблем. Паводле Грынкевіча, для ягонай жонкі гэта была трэцяя спроба зацяжараць: «І вось, калі ўсё атрымалася, раптам званок, што ўсё пад пагрозай. Таму я вельмі перажываў».

«Але не здымаю віны і зь сябе. Эмоцыі ўзялі верх», — гэтак Анатоль Грынкевіч скончыў выбачэньне.

Адказваючы на пытаньні адваката, Грынкевіч сказаў, што самастойна цалкам асэнсаваў свой учынак і прызнаў віну яшчэ да заканчэньня сьледзтва.

«У момант удару я, канечне, ня меў рацыі. Але ранейшае сутыкненьне можна было прадухіліць, саступіўшы дарогу адзін аднаму», — сказаў Грынкевіч. На пытаньне бацькі пацярпелага пра тое, чаму пакінуў ягонага сына ў «крыві ў бездапаможным стане», абвінавачаны сказаў, што «не зрабіў бы гэтага ў іншай сытуацыі, але тут вельмі сьпяшаўся, да таго ж не заўважыў, што пацярпелы страціў прытомнасьць».

Пацярпелы: Ён наўмысна падскочыў на ровары, каб мяне зьбіць

Васіль Дземідовіч

Васіль Дземідовіч

Дземідовіч згадвае, што ўбачыў, як на яго едзе раварыст (гэта быў Грынкевіч) за 4–5 мэтраў да сутыкненьня. Ранейшых ягоных крыкаў ён ня чуў. Убачыў, што раварыст павялічыў хуткасьць, і пачуў ягонае пытаньне: «Што, я мушу цябе пераскокваць?»

Чаму не саступіў дарогу? Суду Васіль сказаў, што вырашыў ісьці як ішоў, па роварнай дарожцы, бо насустрач ішлі іншыя людзі і не было куды сыходзіць. Пра правілы руху па ходніках Васіль Дземідовіч ведаў з урокаў у ліцэі, дзе ён вучыцца. У тым ліку ведае і пра тое, што на веладарожцы мінакі павінны саступаць раварыстам.

Цікавая дэталь: як сьцьвярджае Дземідовіч, абвінавачаны перад сутыкненьнем наўмысна зрабіў падскок на ровары, каб ударыць яго ў грудзі. Пасьля ўдару, згадаў пацярпелы, раварыст паваліўся на дарожку. Васіль, па ягоных словах, накіраваўся да раварыста, каб спытаць, ці ня трэба яму дапамога, але той пачаў яму пагражаць і размахваць кулакамі. Тады Дземідовіч паспрабаваў уцячы, але абвінавачаны дастаў біту і ўдарыў яго па галаве. На нейкі час Васіль страціў прытомнасьць, а калі апрытомнеў, то запытаўся ў дзяўчыны, зь якой быў, ці сышоў абвінавачаны.

У Васіля Дземідовіча была адкрытая траўма чэрапа, страсеньне мозгу. Яму зашывалі скуру на галаве, была садраная скура на носе і пад вокам. Хлопец дагэтуль наведвае лекараў, бо ў яго бывае «звон у вушах, кружыцца галава, яму блага». Васіль Дземідовіч і сёньня на бальнічным, яму трэба праходзіць абсьледаваньне і лекаваньне.

Як цяпер ставіцца Васіль Дземідовіч да абвінавачанага Анатоля Грынкевіча?

«Вельмі нэгатыўна. Ён працягвае хлусіць, спрабуе пазьбегнуць адказнасьці. Ён наўмысна хацеў мяне зьбіць, я б так ніколі не зрабіў», — сказаў суду Васіль Дземідовіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG