Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падатак не зь беспрацоўных, а з утрыманцаў, — памочнік Лукашэнкі спрачаецца з публікацыяй Свабоды


Ваўкавыскі райвыканкам

Памочнік Аляксандра Лукашэнкі — галоўны інспэктар па Гарадзенскай вобласьці Сяргей Раўнейка пасьля прыёму грамадзян у Ваўкавыску па пытаньнях так званага дэкрэту аб дармаедах адказаў на пытаньні Свабоды.

Адказваючы на пытаньні прэсы, Сяргей Раўнейка не пагадзіўся з тым, як на сайце Свабоды патрактавалі дэкрэт № 3. Ён зацытаваў адзін з радкоў публікацыі на сайце Свабоды: «Беларусь — адзіная ў сьвеце краіна, дзе зь беспрацоўных бяруць падатак...» і патлумачыў свой пункт гледжаньня на дэкрэт № 3:

— Дзе вы прачыталі ў дэкрэце, што падатак бяруць зь беспрацоўных? Дэкрэт называецца «Аб папярэджваньні сацыяльнага ўтрыманства». А гэтая загана, як вядома, ва ўсе часы выклікала нэгатыўнае адлюстраваньне ў кожным грамадзтве. Эўропа, на жаль, адышла ад хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, якія ў нашым грамадзтве маюць вялікае значэньне. Яшчэ ў адной з запаведзяў Хрыста было сказана: «Кесару — кесарава, а Богу — Богава». Гэта значыць, што кожнаму трэба аддаваць тое, што ён павінен. І калі зыходзіць з гэтае фразы, то кожны чалавек павінен плаціць падаткі, зборы, грашовыя сродкі на ўтрыманьне той інфраструктуры, у якой ён жыве. І дэкрэт № 3 быў скіраваны на тое, каб спыніць пэўную несправядлівасьць, калі адны плацяць падаткі, а другія — ня плацяць, але карыстаюцца ўсімі здабыткамі інфраструктуры ў краіне.

Яшчэ ў адной з запаведзяў Хрыста было сказана: «Кесару — кесарава, а Богу — Богава». Гэта значыць, што кожнаму трэба аддаваць тое, што ён павінен. І калі зыходзіць з гэтае фразы, то кожны чалавек павінен плаціць падаткі, зборы, грашовыя сродкі на ўтрыманьне той інфраструктуры, у якой ён жыве.

Паводле Сяргея Раўнейкі, пытаньне, патрэбен дэкрэт № 3 ці не патрэбен, сёньня наагул не да месца. Пры гэтым ён спаслаўся на тое, што так думае бальшыня насельніцтва Беларусі, і менавіта ў іх абарону і быў прыняты гэты дэкрэт.

Ён дадаў, што напрацоўваецца пэўны вопыт, у дэкрэт былі ўнесены зьмены, якія дазваляюць улічваць канкрэтную жыцьцёвую сытуацыю канкрэтнага чалавека, каб мясцовыя ўлады на месцах маглі прымаць адпаведныя рашэньні ў адказ на заявы грамадзян.

— Сёньня мы выслухалі шмат людзей, і ніхто зь іх насамрэч не ўхіляўся ад выплаты падатковых збораў. Проста людзі ў пэўны час апынуліся ў складанай жыцьцёвай сытуацыі. Таму органы ўлады будуць разглядаць кожны канкрэтны выпадак, і я ўпэўнены, што рашэньні будуць прынятыя справядлівыя ў кожным канкрэтным выпадку.

У калідоры перад дзьвярыма на прыём было запісана звыш дваццаці чалавек, але ўвесь час падыходзілі новыя людзі і прасілі, каб іх таксама запісалі — маўляў, позна пра гэта пачулі. Настрой людзей, якія мусяць хадзіць і даказваць, што ты не дармаед, зусім не прыўзьняты.

Маладая жанчына кажа, што не працавала за год на адзін дзень болей, чым прадугледжана дэкрэтам, і цяпер вымушаная хадзіць па кабінэтах.

— Хацела б паглядзець таму чалавеку ў твар, хто дасылаў мне «ліст шчасьця», бо нават у 2015 годзе я падаткі спраўна плаціла, а потым страціла працу не са сваёй віны. Знайсьці працу ў Ваўкавыску ня так проста. Дый якія заробкі ў нас? Вунь паглядзіце маю разьліковую квітанцыю — я чыстымі атрымала за мінулы месяц 180 рублёў.

Маладая дзяўчына расказвае сваю гісторыю. Кажа, што атрымала дыплём 30 чэрвеня 2015 году, не змагла ўладкавацца на працу да 1 студзеня 2016 году, а значыцца, падпала пад дзеяньне дэкрэту № 3.

Побач сядзіць малады чалавек, і ў яго падобная сытуацыя. Ён дадае, што нідзе ня мог уладкавацца, бо паўсюль патрабуецца вопыт працы.

Яшчэ адна дзяўчына прыйшла на прыём з бацькам. Скончыла школу і не паступіла ў ВНУ, і толькі пасьля 1 студзеня пайшла вучыцца на платнае аддзяленьне. І вось за гэты пэрыяд мусіць плаціць за дармаедзтва. Бацька толькі ківае галавою.

Я дзіця вучу за свае грошы і яшчэ павінен плаціць!

— Я дзіця вучу за свае грошы і яшчэ павінен плаціць! Уладкаваць яе на працу пасьля навучаньня таксама праблема, бо ўсюды кажуць, што ня мае вопыту працы. Нават калі яны і прымуць рашэньне аб тым, каб мы не плацілі гэты падатак, ніхто ж нам не тлумачыць, як уладкоўваць жыцьцё далей.

Яшчэ адна маладая жанчына прыехала з Ваўкавыскага раёну. Загадзя яна не запісвалася на прыём, бо даведалася пра яго позна ўвечары з сацыяльных сетак. Кажа, што жывуць з мужам у вёсцы, трымаюць козы і прадаюць малако на малочны камбінат.

— Я і ў 2015 годзе рабіла на ўласнай гаспадарцы, але ў нас зямля была аформленая не пад агарод, а пад прыватную гаспадарку. І паколькі ня так у сельсавеце запісалі тую зямлю, то мяне залічылі ў дармаеды. Мяне цяпер у вёсцы ўсе суседзі-алкашы называюць дармаедкай, а самі нават курэй у гаспадарцы не трымаюць, але ў іх зямля аформленая належным чынам. Я з гэтае нагоды нават напісала ліст былому міністру Шчоткінай і расказала ўсё, што думаю пра яе дэкрэт, запрасіла, каб яна прыехала да нас у вёску ў госьці. Вось чакаю, каб паглядзела, як жывуць у нас дармаеды.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG