Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Левіятан па-раўбіцку


Хата старой Марыі Мурашкі ў вёсцы Губічы стаіць абкружаная высокімі платамі новых суседзяў. Раўбічы — адна з найпрыгажэйшых мясьцін у ваколіцах сталіцы. Таму тут вельмі многім хочацца пасяліцца. Пэйзажаў на сьцены можна ня вешаць. Дастаткова віду з вокнаў. З вакна Марыі адкрываецца жывапісная панарама на раўбіцкую сажалку, на трампліны і на касьцёл. Той касьцёл Марыя памятае зь дзяцінства.

Сапраўдныя Раўбічы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:14:59 0:00
Наўпроставы лінк

— Да вайны пустыя сьцены стаялі і бяз даху. У папоўскім доме была школа. Да вайны я скончыла тры клясы. Па вайне яе разабралі. А ў касьцёле нічога не было. Совы пладзіліся і малыя жэўжыкі туды лазілі. А пасьля бачыце, які зрабілі музэй. Мой нябожчык-бацька казаў, што пабудавалі як касьцёл, а пасьля перайгралі на царкву. У 32-м і ламалі яе, і крышылі, і крыжы варочалі. Усё бальшавікі-камуністы рабілі.

Дзіўная рэч. Я сяджу і гутару з былой калгасьніцай. Але, калі б не рэвалюцыя, мая суразмоўніца магла б быць буйной земляўласьніцай.

— Мае бабуля і дзед жылі ў Бараўлянах. Іх выслалі на Ўрал. Дзе цяпер раённая бальніца, быў маёй бабулі лес. Бабуля казала, што дзеда пакінулі на Ўрале ў лесе непахаванага. Ён там ад голаду спух, хадзіць ня мог. Кінулі яго там паміраць. Бабуля вярнулася яшчэ пры савецкай уладзе. Яна жыла ў Воршы з двума сынамі. А як прыйшлі немцы, яна засялілася ў сваю хату. А як вярнулася савецкая ўлада, яе ізноў са сваёй хаты выставілі. Цяпер, вядома, той хаты ўжо няма. А ў іх была і зямля, і лес. І як Мінск будаваўся, лес той выразалі і вазілі коньмі ў Мінск прадавалі. Але пачалося раскулачваньне. Яна ўсё казала: «Вось, працавала ўсё жыцьцё, дзень і ноч рабіла — і зарабіла „кулака“». І нацярпелася, і намучылася. Звалі яе Давідовіч Ганна Мікалаеўна. Дзявочае прозьвішча Загавалка.

Я даўно зьбіраю гісторыі пра савецкіх партызан. Марыя дадала мне пра вось такі подзьвіг.

— І панапіваюцца, і б’юць, і душаць, і страляюць. Пазабіралі і каровы, і адзеньне. Помню, брацік маленькі ў коўдры ватнай спаў. Ноччу выкінулі яго з коўдры, коўдру забралі.

А на другім беразе сажалкі жыве вельмі гасьцінная радзіна Мікалая і Зінаіды Міхалевічаў. Таксама раўбіцкіх старажылаў.

— Тут ужо раўбіцкая «Рублёўка» стала. Мы самі сабе жывем, яны самі сабе. Ну, хоць дарогу нам зрабілі. А то вечная гразь ад коней і машын. Цяпер хоць людзям добра прайсьці па асфальце. І газ правялі нам. Так што цяпер лепей стала жыць. Толькі няма калі.

— А што тут у вайну тварылася?

— Нармальна было. Немцы былі нейкія. Пастаялі ды паехалі. Нічога кепскага нам не рабілі, нават дапамагалі. Там за Лядамі партызаны нешта ўзарвалі, дык усю вёску выпалілі. А ў нас нічога.

— А чым яны вам дапамагалі?

— Хлебам. У нашым двары іхныя машыны стаялі з прадуктамі. У нас дзевяць дзяцей. Бацька на фронце. Дзеці прыйдуць галодныя. Яны і булку хлеба дадуць, і цукру дадуць. Вось такая дапамога была.

І ў старых Міхалевічаў таксама ёсьць свая непаўторная гісторыя. Толькі ўжо пра салдатаў вэрмахту. Якім таксама даспадобы былі Раўбічы. І вось што яны рабілі, каб не ісьці на фронт, а застацца тут.

— Галоўнае, што ціха было. Не было партызан. Немцы пабылі. А пасьля кажуць бацькам: «Нас пасылаюць на фронт, і нам капут будзе».

— У нас, мама расказвала, зь некалькіх дамоў сагналі людзей у адну хату. А астатнія дамы засяліліся немцамі. І гэтых немцаў гналі на фронт. А тут быў тыф. Усе ляжалі на саломе хворыя. Прыбягуць немцы сюды. Мама паказвае — нельга, тут тыф! «Мамка, мы таксама хочам захварэць. У нас кіндэры дома маленькія. Мы ня хочам ісьці ваяваць». Яны не хацелі ісьці ваяваць. Гатовыя былі заразіцца, абы не на фронт. Пад прыгнётам ішлі.

— У Астрашыцкім Гарадку спакойна было. Бацька туды і карову, і каня вадзіў, каб тут нічога зь імі ня здарылася.

— І мая мама вадзіла карову туды. У Астрашыцкім паліцыянты жылі, каровы нашы не чапалі. Дзякуючы карове дзеці і жылі. А тут партызаны хадзілі рабавалі.

— Прыедуць, коні забяруць.

— Каровы, сьвіней душылі.

Маладзейшы з карэнных раўбічан, Алег Павунаў, жыве каля самага берага. У самым прыгожым месцы гэтай вёскі. Ад усіх прапаноў прадаць дом і ўчастак Алег адмахваецца. Але ягоны палетак на супрацьлеглым беразе сажалкі ў яго ў 90-я гады адабралі. Бо не пасьпеў прыватызаваць. Цяпер на тым полі ўзвышаецца вялікі катэдж.

— Бачыце, катэдж стаіць за маім полем? Там яшчэ дваццаць сотак засталося маіх. А было 60. Астатняе забралі. Той, каму выдзялялася, быў падстаўной асобай. Яны пасьля са старшынём прадалі, грошы падзялілі.

— А вам пагражалі чым-небудзь?

— Прыехаў сюды. Паху няма і вочы шкляныя. Як у наркамана. Сказаў мне: «Табе будуць бамжы на рынку задніцу нажніцамі рэзаць і ...ць». Гэта чалавек? Казаў яшчэ што буду крывёй харкаць усё жыцьцё.

Часам гісторыі з нашага часу гучаць ня менш драматычна, чым гісторыі 30-х і 40-х.

— Можа, трэба было судзіцца, вышэй ісьці. Але ж працуеш, часу няма. І былы старшыня сельсавету Якушаў мне казаў: «Ты ніхто!»

— Вы кіно «Левіятан» ня бачылі?

— Ай, гэтыя фільмы сучасныя...

— Вы кожны дзень глядзіце на свой палетак. На якім стаіць гэты палац.

— Хай стаіць. Я ўжо прывык. Спачатку крыўдна было. Маці на гэтым участку інвалідам стала.

Раўбічы
Раўбічы

Тры гісторыі з адной вёскі розных часоў. Пра бальшавікоў часоў калектывізацыі, пра нямецкіх акупантаў і пра найноўшых чыноўнікаў. Ну і хто ў гэтых гісторыях выглядае найбольш па-людзку?

А скончым мы наша падарожжа прымаўкай, якой са мною разьвіталася Марыя Мурашка.

— «Дзень — век, другі — прыдатку». Што гэта значыць? Што ўжо да сьмерці ідзець. Дзень пражыву, а другі ў прыдатак. Вы беларускую мову таксама не разумееце?..

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG