Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўкраінскі горад Ратна — на закупы і ў пошуку «бандэраўцаў»


Мост праз Прыпяць у Ратне аздоблены ўкраінскімі сьцягамі і сам пафарбаваны ў іхнія колеры

Мост праз Прыпяць у Ратне аздоблены ўкраінскімі сьцягамі і сам пафарбаваны ў іхнія колеры

Карэспандэнт Свабоды наведаў блізкі да беларускай мяжы горад Ратна і пераканаўся, што беларусы надалей едуць туды на закупы, а мясцовыя «бандэраўцы» расейскамоўным не пагражаюць.

У Ратна журналіст Свабоды выправіўся разам з дэпутатам зь Бярозаўскага раёну Валерам Білібухам. Той распавёў, што хоча замовіць плястыкавыя вокны, якія ва Ўкраіне нашмат таньнейшыя. Карэспандэнта ж Свабоды цікавіла, як жывецца людзям у заходнеўкраінскім мястэчку.

На ўезьдзе ў мястэчка — «Слава Ўкраіне»

Выпраўляемся зь Бярозаўскага раёну а 3-й гадзіне ночы. Спадар Білібуха кажа, што калі прыехаць раней, то чарга на мяжы будзе меншая. Дарога да пункту пропуску «Макраны» займае няшмат часу, але там даводзіцца пастаяць у чарзе беларускіх аўтамабіляў, якія едуць ва Ўкраіну на закупы. Беларускія памежнікі і мытнікі прапускаюць хутка, украінскія — крышку зацягваюць, пакуль нейкі ўкраінец не насварыўся, што зараз будзе «тэлефанаваць у Кіеў». Чарга пачала рухацца хутчэй, увесь агляд нашай машыны абмежаваўся праверкай багажніка. Украінскія мытнікі прыхільна паглядзелі на бел-чырвона-белую стужку на машыне Білібухі і разам зь ім пасьмяяліся з прысутнасьці Мікалая Лукашэнкі на Генасамблеі ААН.

У 7.30 мы ва Ўкраіне, едзем да Ратна. Гэта невялікае, амаль дзесяцітысячнае мястэчка — цэнтар раёну Валынскай вобласьці.

Ратна — невялікае мястэчка. Можна тут сустрэць і гужавы транспарт

Ратна — невялікае мястэчка. Можна тут сустрэць і гужавы транспарт

На ўезьдзе ў мястэчка — вежа з надпісам «Слава Ўкраіне» на жоўта-блакітным фоне, а таксама чырвоны зь белым крыжам сьцяг Валынскай вобласьці ды чырвона-чорны сьцяг украінскіх нацыяналістаў. Білібуха весела кажа, што, значыць, «бандэраўцы» ў Ратне ёсьць. І дадае, што некалькі месяцаў таму на ўезьдзе ў Ратна было вядомае нецэнзурнае выказваньне пра расейскага прэзыдэнта, якое цяпер, відаць, зьнялі.

Вежа з «бандэраўскім» сьцягам каля ўкраінскага мястэчка Ратна. Побач з чорна-чырвоным сьцягам — сьцяг Валынскай вобласьці

Вежа з «бандэраўскім» сьцягам каля ўкраінскага мястэчка Ратна. Побач з чорна-чырвоным сьцягам — сьцяг Валынскай вобласьці

+ Гандаль: «Дзе стаў — там і прадаў»

Ужо каля 9-й гадзіны ў Ратне бурліць гандаль. Уражвае абсалютная свабода прыватнага гандлярства. Людзі прадаюць што заўгодна і дзе заўгодна — становяцца пры ходніку і раскладаюць тавар на зямлі. Прадаецца як новае, так і ўжыванае адзеньне, абутак, розныя запчасткі, прадукты харчаваньня. Спыняемся ля жанчыны, якая прадае самагонны апарат. Угаворвае купіць, ледзьве адбіваемся ад прапановы. Побач ходзяць міліцыянты, на самагонны апарат ніяк не рэагуюць.

За месца пры ходніку людзі ня плацяць. Кажуць: «Дзе стаў — там і прадаў». Платныя месцы — на рынку, і тавар там лепшай якасьці.

Гандлёвы пляц у Ратне

Гандлёвы пляц у Ратне

Хапае тавараў з нацыянальнай сымболікай — украінскія сьцягі, шапкі з гербам, нават поліэтыленавыя торбачкі шмат у каго з гандляроў аздобленыя арнамэнтам.

Вышыванак на рынку ў Ратне няшмат, але ёсьць

Вышыванак на рынку ў Ратне няшмат, але ёсьць

У адным месцы на рынку заўважаю вышыванкі. Гандляры кажуць, што перад навучальным годам вышыванак на рынку было надзвычай шмат, а цяпер бум спаў.

Украінская сымболіка на рынку ў Ратне

Украінская сымболіка на рынку ў Ратне

Ад беларускіх пакупнікоў на рынку чуваць багата расейскай мовы. Шмат хто з гандляроў адказвае па-расейску.

Гандляр вокнамі: «Вы ня думайце, што „Правы сэктар“ — гэта банда такая, як у вас па тэлебачаньні паказваюць»

Едзем шукаць, дзе б замовіць вокны. У цэнтры мястэчка знаходзім некалькі крамаў. Абыходзім усе, каб знайсьці найбольш прывабны варыянт. На шмат якіх крамах — налепкі з інфармацыяй, што адсотак ад продажу тавараў ідзе на патрэбы ўкраінскага войска.

Знаходзім краму, на якой спыняем свой выбар. Гандляр падлічвае кошт акна для Білібухі. Той уражаны — выходзіць амаль у тры разы таньней, чым у Бярозе. У краме дзівімся чарговы раз — на шафе побач з украінскім стаіць маленькі беларускі чырвона-зялёны сьцяжок. Валер Білібуха пытаецца ў гаспадара крамы, чаму сьцяжок ня бел-чырвона-белы. Той адказвае, што іхняя фірма раней была сумесная беларуска-ўкраінская, а бел-чырвона-белы сьцяг гатовы паставіць, калі яму прывязем.

Разгаворваемся з гаспадаром крамы пра палітыку ды пра настроі ва ўкраінскім грамадзтве. Распавядае, што палітыка Пятра Парашэнкі яму падабаецца, але ёсьць расчараваньне ў прэм’ер-міністру Арсеню Яцанюку. На думку шмат каго з украінцаў, кажа, рэформы ідуць занадта павольна.

Налепка на рэкляме крамы: працэнт ад продажаў ідзе на патрэбы войска

Налепка на рэкляме крамы: працэнт ад продажаў ідзе на патрэбы войска

Пытаюся, ці ёсьць у Ратне «Правы сэктар»:

«Ды вы ня думайце, што „Правы сэктар“ — гэта банда такая, як у вас па тэлебачаньні паказваюць», — кажа гаспадар крамы.

Гандляр апавядае, як расейская прапаганда паўплывала нават на ўкраінцаў, якія жывуць у Расеі. Быў выпадак, што сын не прыехаў на пахаваньне маці, баючыся тутэйшых «бандэраўцаў»:

«Каб не расейцы, ужо б даўно вайна скончылася. У нас 20–25% ваюе тых данбасаўцаў, усе астатнія — наёмнікі з Расеі...

У мяне два пляменьнікі ў Расеі. Але што зь людзьмі зрабілася! „У вас там бандэраўцы, у вас там бандэраўцы...“ А ты, кажу, хто? То ж ты бандэравец, толькі служыш Пуціну, баісься сюды прыехаць. Кажу, прыедзь, я табе пакажу, што тут у нас... Маці нагу паламала была — ён ні разу не прыехаў. А ў другога маці памерла, мая сястра — ён не прыехаў на пахаваньне! Ну што зрабілася з гэтымі людзьмі? Здаецца ж, нармальныя былі хлопцы. Я яму пачынаю расказваць — баіцца нават гаварыць...»

Перадвыбарчая агітацыя ў Ратне

Перадвыбарчая агітацыя ў Ратне

Відаць, што тэма канфлікту з Расеяй балючая для бізнэсоўца. Распавёў, што быў нават выпадак, калі ён адмовіўся прадаваць тавар прарасейскім беларусам:

«Вашы тут адны таксама прыяжджалі — я аднаго як „вычысьціў“. Замову тут рабіў. А ну, кажу, сэпаратысты, зьбірайцеся ды шукайце дзе хочаце!..»

Замовіўшы вокны, сыходзім ад гандляра. На разьвітаньне мой спадарожнік кажа «Слава Ўкраіне!», крамнік адказвае: «Героям слава!»

«Выгналі зьмея — атрымалі дракона»

У цэнтры Ратна заўважылі намёт з надпісам «Свобода» і лягатыпам — тры ўзьнятыя ўгару пальцы. Гэта ўсеўкраінскае аб’яднаньне, якое прытрымліваецца падобных да «Правага сэктару» нацыяналістычных ідэяў.

Намёт Усеўкраінскага аб’яднаньня «Свобода» ў самым цэнтры Ратна

Намёт Усеўкраінскага аб’яднаньня «Свобода» ў самым цэнтры Ратна

У намёце чалавек раскладае партыйныя газэты. Знаёмімся: гэта кіраўнік арганізацыі Ўсеўкраінскага аб’яднаньня «Свобода» ў Ратне Мікола Гарбачук. Пытаюся, ці вальней стала займацца палітычнай дзейнасьцю пасьля Майдана. Суразмоўца адразу тлумачыць, што ён апазыцыянэр:

«На маю асабістую думку, выгналі зьмея — атрымалі дракона. Рэпрэсіяў яшчэ болей стала. У любы момант да мяне могуць прыйсьці і знайсьці які „гранатамёт“, то я не зьдзіўлюся. Падкінуць можна ўсё, быў бы чалавек, а артыкул знойдуць. „Блёк Парашэнкі“ для мяне — „Блёк Пуціна-Парашэнкі“. Гаворыць адно, а ў рэальнасьці робіць зусім іншае. Вайну на Данбасе ніхто ня хоча прыпыняць, ім выгадна. Данбас ды Крым нам ня плацяць ні за газ, ні за сьвятло, ні за ваду. Затое ў нас пэнсіі не растуць, заробкі не растуць. Улада гуляецца — дагуляецца...», — выказвае сваю незадаволенасьць суразмоўца.

Валер Білібуха каля намёта «свабодаўца» Міколы Гарбачука

Валер Білібуха каля намёта «свабодаўца» Міколы Гарбачука

Мікола Гарбачук растлумачыў, што неўзабаве ва Ўкраіне мясцовыя выбары, а ён распаўсюджвае газэту свайго аб’яднаньня:

«Нас не дапускаюць ні на тэлебачаньне, нікуды, таму самы танны спосаб — раздаваць газэту. Па мажлівасьці раздаём, едзем па сёлах, па маленькіх хутарах, раздаём. Як казаў наш Сьцяпан Бандэра — „дайсьці да кожнага ўкраінца“. Мы пад гэтым лёзунгам і жывём».

Разьвітваемся зь Міколам Гарбачуком звыклым тут «Слава Ўкраіне!», ён нам адказвае: «Жыве Беларусь!»

Патрыятычнае графіці на сьцяне дому

Патрыятычнае графіці на сьцяне дому

«Жалезная заслона» сустрэла на беларускай мяжы

Едзем з Ратна да мяжы. Па дарозе давялося «адбівацца» ад украінскага даішніка, які хацеў аштрафаваць Білібуху за тое, што той забыўся ўключыць фары свайго аўто. Цяпер ва Ўкраіне трэба езьдзіць з уключаным сьвятлом і ўдзень. За перавышэньне хуткасьці штраф можа быць 200 грыўняў, а за выключанае сьвятло — больш як 400. Даішнік пашкадаваў беларусаў, на першы раз абмежаваўся папярэджаньнем.

Па дарозе сустракаецца фура з расейскімі нумарамі, якая едзе да памежнага пераходу. Валер Білібуха сьмяецца, што маўляў, ніводзін бандэравец фуру не папсаваў.

Наша весялосьць зьнікла на беларускай мяжы, калі аўтамабіль Валера Білібухі загналі «ў боксы» на дадатковы агляд. Некалькі мытнікаў агледзелі нашы рэчы. Асабліва іх увагу прыцягнулі газэты «Свобода», якія даў пачытаць у дарогу Мікола Гарбачук. Чыталі па чарзе некалькі мытнікаў. Адклалі ўбок, толькі калі выцягнулі з машыны тэчку з дакумэнтамі ўстаноўчага зьезду БХД, удзельнікам якога быў Валер Білібуха.

Ізноў жа па чарзе некалькі мытнікаў чыталі сьпіс сябраў Нацыянальнай рады — кіраўнічага органа БХД. Некаторыя з аглядчыкаў адышлі тэлефанаваць, параіліся — ды сказалі, што забіраюць у іншы пакой гэтую тэчку, а таксама газэты «пачытаць». Чыталі хвілін дзесяць, потым усё прынесьлі і вярнулі Валеру Білібуху.

Мытнікі распытвалі Білібуху пра партыю БХД, яе дзейнасьць ды акцыі. Урэшце адпусьцілі, пажартаваўшы, што як паедзе па свае вокны ва Ўкраіну, аглядаць будуць ізноў.

Спадар Білібуха адказаў, што ня супраць, а тэчку адмыслова пакіне ў машыне, каб зноў пачыталі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG