Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Растопчын: Я слухаў «варожыя галасы» і быў «контрай»


Аляксандар Растопчын у студыі Радыё Свабода
Аляксандар Растопчын у студыі Радыё Свабода

Працяг інтэрвію з гітарыстам-віртуозам Аляксандрам Растопчыным, які пасьля значнага перапынку наведаўся ў Беларусь і завітаў у менскі офіс Радыё Свабода.

Аляксандар Растопчын — экс-гітарыст хард-рок гурту «Сузор’е» і ВІА «Песьняры». Ад пачатку 1990-х жыве ў Нью-Ёрку, запісваецца на ўласнай студыі, выступае на супольных канцэртах з блюз-рокавымі музыкамі, займаецца вырабам абсталяваньня для музычнай індустрыі.

— Аляксандар, якія маеце ці мелі стасункі зь іншымі «песьнярамі», якія за пару гадоў да вас гэтаксама зьехалі ў Штаты?

— Ніякіх. Па-першае, калі я туды прыехаў, яны, фактычна, былі як на чамаданах — то жывуць, то не жывуць. Гэта я кажу пра самых вядомых — Барткевіча і Кашапарава. Зьехалі ў Амэрыку, але так і не прыжыліся, а цяпер, наколькі я разумею, абодва канчаткова вярнуліся назад у Беларусь. Да таго ж, яны жылі не ў Нью-Ёрку, а дзесьці ў іншых месцах, я іх ніколі ня бачыў. Таму паняцьця ня маю, што там у іх было за жыцьцё і як яны сябе рэалізавалі.

«Песьняры». Растопчын – на пярэднім пляне
«Песьняры». Растопчын – на пярэднім пляне

— Мабыць, зусім іншая справа — Аляксей Казлоўскі, зь якім пачыналі ў гурце «Ўнівэрсытэт», яшчэ да «Сузор’я»...

— Так, літаральна два тыдні таму разам езьдзілі на рыбалку: я выцягнуў шчупака, а ён злавіў мясцовага акуня. Бывае, што і цяпер зьбіраемся, граем. А ўвогуле ў нас былі ўсялякія дробныя сумесныя праекты. Ён запісвае ў сваёй студыі, я ў сваёй, так што, здараецца, працуем дыстанцыйна. Пару твораў нават выконвалі, калі прыяжджалі сюды ў Менск, тады далі літаральна два канцэрты: адзін — у «Рок-хаўсе», другі — у «Міленіюме». Перад тым доўга рэпэтавалі мае інструмэнтальныя кампазыцыі перш, чым адыграць. Цяпер нічога глябальнага. Аляксей жыве крыху на поўнач ад Нью-Ёрку, міль 30, і летам мы па большай частцы ловім у яго рыбу. У яго добрая лодка, мы на яе сядаем — і наперад.

У тандэме з Аляксеем Казлоўскім
У тандэме з Аляксеем Казлоўскім

— Значны прамежак вашай біяграфіі прыпадае на «Песьняры». Дарэчы, крытыкі дружна адзначаюць, што менавіта гучаньне гітары Растопчына надало ансамблю сапраўднага рокавага драйву. А як ацэньваеце тое, што здарылася пасьля сьмерці Ўладзімера Мулявіна, калі ў геамэтрычнай прагрэсіі пачаўся працэс «пачкаваньня»?

— Я ведаю пра чатыры калектывы, але не выключаю, што могуць быць і нейкія падпольныя... Зноў жа, ня думаю, што такую схему прыдумалі тут, у Беларусі. Такая зьява пашыраная і на Захадзе. Па вялікім рахунку, у гэтых калектывах працуюць прафэсійныя музыкі. Яны нядрэнныя хлопцы і ўсе сьпяваюць адно і тое ж. То бок, у прынцыпе народ хоча гэта бачыць, настальгія — столькі гадоў мінула. Новага ў «Песьнярах» нічога не адбылося, правільна? Каб быў Муля — справа іншая. Бо ён, як клей, які ўсё гэта клеіў, трымаў пад сабой. Без Мулі няма нічога. На яго могуць пісаць усялякую ерунду, расказваць, што ён таго ня ўмеў, таго не рабіў. Гэта ўсё глупства. Піў-ня піў — таксама ня важна. Муля быў зьвяном, якое ўсё зьвязвала і трымала. І, нягледзячы ні на што, у яго было, па-ангельску кажучы, vision, бачаньне таго, як і што будзе. І я думаю, каб ён быў жывы, то запраста мог бы выступіць зь ідэяй, якая яшчэ нікому не прыходзіла ў галаву, зрабіць нешта новае. Ну, а тыя, што засталіся? Нешта робяць, у тых жа «Беларускіх песьняроў» свая соўл-музыка. Але, зноў жа, пэўная частка хоча глядзець і слухаць старыя рэчы. Маладое пакаленьне аддае перавагу зусім іншай музыцы, адпаведна, маладыя музыкі таксама граюць іншае.

— У гэты прыезд сустракаліся з былымі «песьняроўскімі» калегамі?

— З Валерам Дайнэкам бачыліся літаральна на выходных, калі зь сябрам Ігарам Дахіным езьдзілі ў Магілёў. У Дайнэкі ў Беразіне кшталту лецішча — яшчэ недабудаванае, але ўжо жылое. Але я зь ім і без таго сустракаюся, супрацоўнічаю, ён тое-сёе запісваў у мяне ў Нью-Ёрку, калі прыяжджаў у ЗША. То бок, зь ім я кантакт падтрымліваю пастаянна. Але фактычна гэта адзіны чалавек, які працуе ў сыстэме «Песьняроў», зь якім я кантактую. Праўда, ёсьць яшчэ гітарыст Віктар Малчанаў, калі не памыляюся, ён працуе зь «Песьнярамі» Сьвечкіна. На жаль, калі я сюды прыяжджаю, бальшыня зь іх на гастролях, я іх ня бачу...

З прадусарам Юрыем Халезіным і мастаком Уладзімерам Цэслерам
З прадусарам Юрыем Халезіным і мастаком Уладзімерам Цэслерам

— Калі столькі гастроляў, значыць запатрабаваныя нават «пачкаваныя» калектывы?

— Так, як ні дзіўна. Яны паміж сабой дзеляць гэтую постсавецкую прастору — нехта езьдзіць па Беларусі, нехта па Ўкраіне, нехта па Сыбіры і г.д. Як картачная гульня — тусуюць, раскладваюць. Ну, і дзякуй богу, што хапае магчымасьцяў і жаданьня забясьпечваць усіх ахвотных.

— Заходнія «вэтэраны» пад нейкі юбілей часьцяком зьбіраюцца, каб «злабаць» старыя рэчы ды крыху зарабіць на настальгіі публікі. Цікава было б сыграць з «Сузор’ем» ці зь «Песьнярамі»?

— Я аднойчы арганізаваў такі выступ, калі прыяжджаў сюды ў 2007 годзе, быў канцэрт у «Рэактары». То бок, сабраў літаральна ўсіх: Казлоўскага, Несьцяровіча, Філатава. І быў басіст Старыкаў. Гэта была чыста мая ініцыятыва: вёў перамовы, зьбіраў. Сыгралі літаральна тры песьні — «Стары мост», «Вясновы дзень» і «Фартуну». Хітовыя рэчы, якія я яшчэ памятаў, і яны гралі, Андрэй Казлоўскі сьпяваў. Гэта была апошняя спроба. У прынцыпе ўсё нядрэнна, але сам падыход быў такі, што я бачыў: сумныя твары, ім гэта непатрэбна. Я калі сюды ехаў, быў проста прасякнуты энтузіязмам. А тут адразу пытаньне: колькі будзеш плаціць? Вось табе і прыклад таго, што тут зьмяняецца. Я прыехаў, каб рабіць усё гэта бясплатна, бо грошы, якія сабралі, былі проста сьмешныя. Бо тыя ж 100 даляраў — для мяне часта сымбалічныя, я іх там і пакінуў. А тут для людзей гэта важна. І я іх цудоўна разумею — на нешта трэба жыць. Таму сабрацца разам і нешта зрабіць — цяпер гэта досыць праблематычна.

Сумесны праект Аляксандра Растопчына і Алега «Джагера» Мінакова

— То бок, быт забівае творчасьць?

— У мяне заўсёды былі ідэі, сюды прыяжджаючы, наладзіць нейкае супрацоўніцтва. Але з кожным новым прыездам графік гэтага супрацоўніцтва, тэмпэратура зацікаўленьня ўвесь час — уніз, уніз і ўніз. А ў гэты раз я прыехаў — увогуле нікому нічога не патрэбна. Што Казлоўскі, што Філатаў творчасьцю, па вялікім рахунку, не займаюцца. То бок, яны не займаюцца ні новымі песьнямі, ні новымі альбомамі. Яны працуюць, зарабляюць грошы, і гэта раўнасільна таму, што чэсна працаваць, атрымліваць прыбытак на жыцьцё. У прынцыпе, як за станком. Ніхто нават ня скажа: «Эй, пайшлі на джэм-сэйшн, сыграем рок-н-рол!». Гэтага ўжо не адбываецца. Неяк гаварыў, што было б нядрэнна ў родным РТІ сыграць, проста бясплатна зрабіць канцэрт. Думаю, што гэта было б нескладана і цікава. Але падобна, што гэта папросту нікому не патрэбна. У гэты прыезд нават не спрабаваў нешта ініцыяваць, бо ўсе мае знаёмыя з музычнага бізнэсу ці да яго блізкія, працуюць, як Філатаў, у рэстарацыі. А ў іх там няма традыцыі джэмаў ці чагосьці падобнага. Ну, няма і ўсё! Дапусьцім, у Нью-Ёрку шмат у якіх клюбах раз на тыдзень арганізуецца джэм. Нехта прыяжджае — заўсёды можна туды схадзіць, некага яшчэ запрасіць. Тут я такога ня ўбачыў. Можа дзесьці і ёсьць, але, як я ўжо казаў, тэмпэратура ніжэй, ніжэй і цяпер гэта ўжо блізка да абсалютнага нуля. Энтузіязму няма, асабліва ў маім пакаленьні. У прынцыпе, зразумела: ва ўсіх дзеці, унукі; трэба карміць, нейкія жыльлёвыя ўмовы ствараць.

— Асабіста вы зарабляеце ў тым ліку музыкай? Маю на ўвазе ня толькі продаж ці рамонт абсталяваньня.

— Як за станком? Вядома, зарабляю, але ня як за станком, бо ў мяне ёсьць магчымасьць выбару. Дапусьцім, тое, што мне падабаецца, тым я займаюся. Калі не падабаецца — я тым не займаюся. Зрэшты, калі не падабаецца, але вельмі добра плацяць, у прынцыпе, таксама магу ўзяцца, бо ў рэшце рэшт да працэсу падыходжу творча. Напрыклад, калі для кагосьці запісваю гітарную партыю, я ў любым выпадку пастараюся яе запісаць так, як уяўляю сам. Калі мне не падабаецца сама музыка ў кампазыцыі — гэта ўжо справа іншая, справа густу. Але калі да мяне зьвяртаюцца, просяць дапамагчы, адношуся заўсёды з павагай. Таму, па вялікім рахунку, можна параўнаць са станком, але зь іншага боку, я ў гэтую працу ўкладваю душу таксама. А ў дадатак да ўсяго, ня гледзячы на паважны ўзрост, я заўсёды стараюся займацца, скажам так, творчасьцю. То бок, намагаюся стварыць нешта новае, удасканальваць нейкія рэчы, выдаваць новыя гітарныя гукі. Нешта ў галаве пастаянна варыццца.

— Каб лёс склаўся інакш — не ад’ехалі ў Амэрыку, а засталіся тут — гэтаксама было б наканавана змагацца б з бытам?

— Пытаньне цікавае, але я адкажу адразу: таму я і ня тут. Я мог бы быць, скажам, зь «Беларускімі песьнярамі» і, дарэчы, атрымліваць нават больш, чым маю ў Нью-Ёрку. Можа, і не, проста не выключаю. Але ёсьць і іншыя рэчы, апроч грошай — таму, яшчэ раз паўтару, я і не тут. Справа ў тым, што ў пэўны момант я ўсё ж вырашыў, што здабыць незалежнасьць і рабіць тое, што ты хочаш, — гэта надзвычай важна. Калі ўрэшце разумееш, што няма ніякага жаданьня рабіць тое, што табе не падабаецца, нават крыху, то ўсё становіцца на свае месцы. Я хачу рабіць тое, што мне падабаецца, хачу рабіць так, як мне падабаецца. Гэтая незалежнасьць, яна нялёгкая, яна не free, як кажуць, не свабодна даецца. За гэта трэба змагацца, працаваць, рабіць розныя рэчы, якія не зусім прыемна часам рабіць. Але здабытая такім чынам незалежнасьць яшчэ больш дарагая.

Падчас выступу на адкрытай пляцоўцы
Падчас выступу на адкрытай пляцоўцы

— Вы ў Беларусі да канца лета — няўжо так і ня ўдасца пачуць знакамітую гітару Растопчына?

— Так, буду тут да 27 жніўня. Але ня думаю, што ўдасца недзе выступіць, хоць, вядома, сыграў бы з задавальненьнем. Гэтым трэба займацца, арганізоўваць. Таму цяперашні прыезд я прысьвяціў якраз таму, з чаго мы і пачалі нашу гутарку, — «машыне часу». Я зьезьдзіў у свой горад дзяцінства, у Магілёў, зараз намагаюся пабачыць усіх сваіх блізкіх сяброў. Апроч таго, у мяне тут унук нарадзіўся — у Менску жыве старэйшы сын Аляксандар. Ваньку ўжо год, а я яго так і ня бачыў, таму трэба і яму вылучыць час. Такі, як кажуць, збольшага сямейны візыт.

Кожная гітара — як жонка
Кожная гітара — як жонка

— Аляксандар, вы па ходу гутаркі абяцалі расказаць гісторыю, зьвязаную з Радыё Свабода. Хто ў ёй галоўнымі героямі?

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:14 0:00
Наўпроставы лінк

— У маладыя гады мяне тата называў «контра». Бацька, як і паложана, быў камуніст, загадчык катэдры начартальнай геамэтрыі. Пры гэтым чалавек прагрэсіўны, моцна мяне не ганяў, разумеў, што і чаму адбываецца. У гэтым пляне пашанцавала, гвалту не было. Але ўсё роўна напаўжартам гаварыў: «Ты — контра». Таму што я заўсёды слухаў Радыё Свабода, Бі-Бі-Сі і «Голас Амэрыкі». Быў у мяне прымач «Беларусь-59», і на кароткіх хвалях я гэта ўсё лавіў — пры ўсім глушэньні знаходзіў Свабоду на 31 мэтры, потым глушаць, перастройваешся на 25, такі быў пастаянны пошук. Бацькі літаральна рэлігійна адмаўлялі ўсё, што адтуль перадавалі — няпраўда, паклёп і г.д. Дый бальшыня людзей так думалі, нездарма ж «варожыя галасы».

Сканцэнтраваны і засяроджаны
Сканцэнтраваны і засяроджаны

І вось у адзін цудоўны дзень уключаю Радыё Свабода з Мюнхэну: паслухаў навіны і раптам перадаюць інтэрвію з рускім паэтам Навумам Каржавіным, які зьехаў з Масквы ў Нью-Ёрк. А Навум Каржавін — сябра маіх бацькоў. Ягоная жонка была блізкай сяброўкай маёй мамы яшчэ па Казахстане, яны вучыліся разам у мэдычным інстытуце ў Карагандзе, дзе Каржавін быў у высылцы. Сам Навум уваходзіў у кола элітарных маскоўскіх паэтаў, быў сябрам, калі не памыляюся, Ахматавай. Потым мы да іх езьдзілі ў госьці ў Маскву, у мяне яшчэ нават ёсьць зробленыя татам 8-мілімэтровыя здымкі, дзе мы з Каржавіным катаемся на цеплаходзе па Маскве-рацэ. Дык вось, калі я пачуў знаёмы голас і сапраўдную гісторыю Каржавіна, усялякае дапушчэньне, што на галасах суцэльная брахня і чухня, адпалі самі сабой. Я калі бацькам потым расказаў, яны былі шакаваныя — ня будзеш жа аспрэчваць факт, што чалавек зьехаў. А ўжо потым, праз шмат гадоў, калі я сам прыехаў у Штаты, я зь ім сустрэўся. Ён ладзіў у былым «савецкім доме» ў Нью-Ёрку (цяпер там «расейскі дом») вечар сустрэчы са сваімі прыхільнікамі. Зусім ужо дзядок, расказваў пра жыцьцё, чытаў свае вершы, дарэчы, клясныя. Было гэта падчас «адлігі» 1990-х, ён ужо быў паважаны чалавек, яго ўжо не лічылі «ворагам народа». І я зь ім пагаварыў: памятаеце Івана і Тамару з Магілёва? Ён узрадаваўся: «Вядома! Усё памятаю!». Так кола замкнулася: ад Радыё Свабода — да сустрэчы ў Нью-Ёрку. Як выявілася, незадоўга перад ягонай сьмерцю. Вось такая гісторыя.

______________________________________

Аляксандар Растопчын нарадзіўся 9 студзеня 1957 году ў тагачаснай сталіцы Казахстану Алма-Аце. У 1964-м пераехалі на радзіму маці ў Магілёў, дзе Аляксандар пайшоў у 1 клясу спэцыялізаванай школы з ангельскім ухілам. 1979-м скончыў Менскі радыётэхнічны інстытут па спэцыяльнасьці «дызайн і тэхналёгія радыёэлектроннай апаратуры». Пачынаў інжынэрам-дызайнэрам на заводзе электронных вылічальных машын імя Арджанікідзе, паралельна граў у гурце «Унівэрсытэт» Аляксея Казлоўскага. Ад 1982-га па 1984-ы выступаў у хард-рок гурце «Сузор’е». Цягам 1984-85 гадоў — у ансамблі «Тоніка», дзе атрымаў запрашэньне ўзмацніць гітарную групу ансамбля «Песьняры». Пад кіраўніцтвам Уладзімера Мулявіна працаваў да самага ад’езду ў ЗША ў 1993 годзе.

Жыве ў Нью-Ёрку, дае прыватныя ўрокі як гітарыст, выступае ў блюзавых клюбах, вырабляе прыстасаваньні для апрацоўкі гуку, наладжвае музычную апаратуру. У ЗША запісваўся і выступаў з такімі калектывамі і выканаўцамі, як Фрэнкі Пэрыс, Дзюран Дэніэл, Дэвід Грос, Джон Макалуза, Глен Бранка, Лора Берман, Роберт Чарльз, «Average White Band», «Mark The Harper», «Moose and The Bulletproof Blues Band» ды многімі іншымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG