Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распад «сацыяльнай дзяржавы»


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Калі я ў апошні дзень мінулага году напісаў блог пад назвай «Сардэчна запрашаем у нестабільнасьць», які быў перадрукаваны іншымі інтэрнэт-парталамі, то «Советская Белоруссия» абрынулася на мяне з рэзкай крытыкай аж у двух матэрыялах. Маўляў, усё гэта лухта, аўтар скажае сьветлае аблічча беларускай сацыяльнай мадэлі.

Прайшло няшмат часу. У панядзелак 23 лютага ў перадачы «Форум» тэлеканалу «Беларусь 1» першы віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі адзначыў, што эканоміка Беларусі ўступае ў пэрыяд турбулентнасьці.

Вось урад распрацаваў праграму сваёй дзейнасьці, якая прадстаўлена 25 лютага Палаце прадстаўнікоў і зацьверджана дэпутатамі. Урадоўцы прапануюць тры сцэнары разьвіцьця падзеяў у эканоміцы ў залежнасьці ад усясьветных цэнаў на нафту і абменнага курсу расейскага рубля. У такіх умовах ні пра якую стабільнасьць і гаварыць не выпадае.

Праграма практычна ня ўтрымлівае канкрэтных лічбавых паказчыкаў. Увогуле, называць прапанаваны дакумэнт праграмай цяжка. Гэта набор добрых пажаданьняў, і ня больш за тое. Але цяжка чакаць ад ураду нечага іншага. Бо ён не вызначае эканамічнай палітыкі, гэтая функцыя застаецца за Лукашэнкам. А той заявіў на нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі, што пакуль ён займае пасаду прэзыдэнта, то ніякіх рэформаў у краіне ня будзе. Кола замкнулася.

Варта зьвярнуць увагу на такі нюанс. Ідэалягічны канструкт пра Беларусь як сацыяльную дзяржаву — адно з галоўных прапагандысцкіх клішэ. Але па меры скарачэньня рэсурсаў, пагаршэньня эканамічнага становішча элемэнты сацыяльнасьці паступова зьнікаюць. І ў адукацыі, і ў ахове здароўя доля платных паслугаў толькі расьце. Калі параўноўваць з эўрапейскімі суседзямі, то, фактычна, у Беларусі да праяваў «сацыяльнай дзяржавы» можна аднесьці толькі нізкія камунальныя тарыфы, невысокія кошты грамадзкага транспарту і адносна невялікі ўзровень беспрацоўя, абумоўлены тым, што дзяржпрадпрыемствам было забаронена звальняць супрацоўнікаў. То бок дзяржаўны сэктар выконваў ня толькі эканамічную, але і сацыяльную функцыю, забясьпечваючы насельніцтва працай.

Масавае беспрацоўе для Беларусі — новая зьява

Але факты сьведчаць пра тое, што гэтая апошняя функцыя дзяржаўных прадпрыемстваў ліквідуецца. Не да жыру. Паводле Deutsche Welle, пачалося значнае скарачэньне штатаў на флягманах беларускай прамысловасьці. За дзевяць месяцаў мінулага году колькасьць работнікаў МАЗа зьменшылася на 10%, гэта 2000 чалавек. З «Гродна-Азоту» звольнілі 2,4 тысячы работнікаў — пятую частку ўсіх занятых. На 15% — на 1 тысячу працоўных — скараціўся пэрсанал «Магілёўхімвалакна».

Масавае беспрацоўе для Беларусі — новая зьява. Што варта было б рабіць уладам у такой няпростай сытуацыі? Найперш, не пагаршаць, не абвастраць праблему.

Насамрэч жа ўсё робіцца з дакладнасьцю да наадварот. Напрыклад, кампанія барацьбы з «дармаедамі» («тунеядцами») магла б мець хоць нейкі эканамічны сэнс, калі б у краіне быў дэфіцыт рабочых рук. Калі ж усьлед за прыватным сэктарам пачалі скарачаць работнікаў і дзяржпрадпрыемствы, спроба прымусіць працаваць незанятае насельніцтва ператвараецца ў абсурд.

Ці вось барацьба ўлады з індывідуальнымі прадпрымальнікамі (ІП). Гэтыя людзі ня толькі забясьпечваюць сябе працай, але трымаюць і найманых работнікаў. А прэзыдэнцкі ўказ № 222 фактычна пазбаўляе іх магчымасьці працаваць, разбурае іхні бізнэс. У выніку ІП папоўняць шэрагі беспрацоўных. Гаворка ідзе пра дзясяткі тысяч людзей.

Каму і навошта гэта трэба? Ствараецца ўражаньне, што ўлады штучна, уласнымі рукамі штурхаюць краіну да сацыяльнай нестабільнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG