Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Клімавічах расфармавалі сямейны дзіцячы прытулак


Частка вялікай сям’і Ірыны Моцнай
Частка вялікай сям’і Ірыны Моцнай

На Магілёўшчыне ў райцэнтры Клімавічы расфармавалі дзіцячы дом сямейнага тыпу. Прытулак у ім мелі сямёра прыёмных дзяцей. Іхную маму-выхавацельку Ірыну Моцную адхілілі ад працы рашэньнем райвыканкаму. Яна лічыць, што звольнена, бо наважылася паскардзіцца ў адміністрацыю прэзыдэнта на мясцовую ўладу, якая, як заяўляе жанчына, ігнаравала просьбы дапамагчы прытулку ў вырашэньні гаспадарчых праблемаў.

Паводле Ірыны Моцнай, сямейны прытулак, які стварылі яна з мужам, быў адным зь першых у Клімавічах. Акрамя семярых прыёмных дзяцей, яны гадавалі яшчэ дваіх сваіх дзетак і дзяўчынку, якую ўдачарылі. Ініцыятыва стварыць прытулак паходзіла ад чыноўнікаў. Заўвагаў да выхаваньня прыёмнай дзятвы не было, зазначае цяпер ужо звольненая мама-выхавацелька. Жыла вялікая сям’я ў доме, збудаваным паводле прэзыдэнцкай праграмы «Дзеці Беларусі».

«Першы канфлікт у нас пачаўся з уладамі, калі ў доме пацёк дах, — апавядае пра гісторыю ўзаемадачыненьняў з уладай Ірына Моцная. — Вада цякла дзеткам на галовы. Паўгода я засыпала мясцовыя ўлады лістамі — ніякіх дзеяньняў. Прыйдуць, паглядзяць дый пайшлі. Я ня вытрымала. Праходзіў неяк прэзыдэнцкі маніторынг, і я туды зьвярнулася. Выйшаў скандал. Дах адрамантавалі. Але нехта мне сказаў, што могуць помсьціць. Але было ўсё спакойна.

Мінула чатыры гады. Зноў хадзіла ды прасіла. Для дзяцей ні аздараўленьня не давалі, нічога. Адзін піянэрскі лягер прапаноўвалі заўжды. Усё, што маглі, мы рабілі, але ці многа мы можам сваімі сіламі? Спадзяваліся на дапамогу, бо ў нас жа дзіцячы дом сямейнага тыпу — нам жа ўсё ж нечым трэба дапамагаць. Я зноў ня вытрымала і пайшла на прыём сёлета ў траўні да памочніка прэзыдэнта. Пасьля гэтага пачалі да нас чыноўнікі хадзіць».

У чэрвені ў сям’і, кажа Ірына Моцная, здарылася трагедыя — муж скончыў жыцьцё самагубствам. Празь месяц ёй стала вядома, што на яе паскардзілася бабуля аднаго з прыёмных дзяцей. У заяве гаварылася, што мама-выхавацелька б’е гадаванцаў. Што напісана было ў скарзе, заяўляе Ірына Моцная, яна ня ведае, бо ёй ліст не паказваюць.

«12 ліпеня мне пазванілі і сказалі, што я ўжо не выхавацелька і ня маю права на дзяцей. Выйшла пастанова райвыканкаму: „за неналежнае выкананьне сваіх службовых абавязкаў — расфармаваць дзіцячы дом сямейнага тыпу“, а мяне звольнілі паводле артыкула 47. Я дагэтуль ня ведаю, што гэта за артыкул, бо дакумэнтаў мне не паказвалі. У загадзе аддзелу адукацыі напісана — за „праступак“. Што гэта за „праступак“ мне ніхто нічога ня кажа. Дзяўчатак вазілі на мэдагляд — зь імі ўсё нармальна».

Органы апекі ўжо спрабавалі забраць дзяцей, але тыя адмовіліся падпарадкоўвацца. Была ў іх гістэрыка, кажа Ірына Моцная: «Яны кусаліся, біліся, крычалі, што ня пойдзем. Дзяцей так і не змаглі забраць. І дагэтуль ня могуць. Дзеці пакуль у мяне».

Ірына Моцная заяўляе, што чыноўнікі ёй помсьцяць за тое, што яна спрабавала шукаць справядлівасьці:

«Толькі з помстай зьвязваю ўсё, што са мной адбылося. Праз мае скаргі ў райвыканкаме мяне недалюблівалі. Мы самі высадзілі сад. Паставілі лазьню. Муж зрабіў майстэрню. З хлопчыкамі займаўся. Ён быў майстрам па дрэве. Я цяпер у такой разгубленасьці, што ня ведаю, куды падацца. Мне даслалі паперу, каб мы высяляліся з дому. У нас ёсьць свой дом, але ён патрабуе капітальнага рамонту. Патрэбны час. Вось так хваліліся, што такая сям’я шчасьлівая, і раптам нас штурханулі ў сьпіну, каб мы ўпалі на карачкі».

Дом, зь якога зьбіраюцца выселіць вялікую сям’ю
Дом, зь якога зьбіраюцца выселіць вялікую сям’ю

У аддзеле адукацыі Клімавіцкага райвыканкаму не камэнтуюць сытуацыю з закрыцьцём дзіцячага дому, якім апекавалася сям’я Моцных. «Пакуль мы камэнтарыяў не даём, бо пытаньнем займаецца абласная пракуратура. Можа, па сканчэньні праверкі, пазьней», — заявіла начальнік аддзелу Натальля Глушакова.

У Ірыны Моцнай вышэйшая пэдагагічная адукацыя. Пра ейную вялікую сям’ю ня раз пісала раённая газэта «Родная ніва». У 2012 годзе ў артыкуле, прысьвечаным Дню маці, Ірыну Моцную разам зь іншымі заслужанымі жанчынамі назвалі «сапраўднай зорачкай». У тым жа годзе раёнка ўзьнёсла згадвала, што сям’ю Моцных наведалі прадстаўнікі раённай арганізацыі «Белая Русь»: «Гасьцей, якія прыехалі зь віншаваньнямі і падарункамі, — пісала „Родная ніва“, — сустракалі ў доме, дзе пануе любоў і паразуменьне, мама Ірына Ўладзіміраўна з сваімі малодшымі дочкамі — Сьветай, Вікай і Віцем».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG