Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расею прызналі бокам канфлікту ў Данбасе — Касьцючэнка


©Shutterstock

©Shutterstock

Пра спыненьне агню і гуманітарную дапамогу акупаваным раёнам Данбасу плянуюць дамаўляцца ўдзельнікі трохбаковай кантактнай групы. У сераду, 24 сьнежня, у Менску ўсё гатова для сустрэчы для ўрэгуляваньня канфлікту на ўсходзе Ўкраіны, які доўжыцца ўжо больш за паўгоду. Экспэрты лічаць, што прарыву ў Менску чакаць ня варта, але ўказваюць на тое, што да Расеі на перамовах, верагодна, упершыню паставяцца як да боку канфлікту.

На сустрэчы трохбаковай кантактнай групы ў Менску плянуюць абмеркаваць чатыры блёкі пытаньняў: спыненьне агню, адвод цяжкой тэхнікі, абмен палоннымі і дастаўку гуманітарных грузаў на падкантрольныя баевікам тэрыторыі. Пра гэта заявіла прадстаўнік АБСЭ Хайдзі Тальявіні. «Я лічу, ёсьць некалькі пытаньняў, якія мы можам урэгуляваць пры наяўнасьці волі на тое ўсіх бакоў. Гэта дазволіла б нам дасягнуць пэўнага прагрэсу», — адзначыла яна.

Доўгачаканую сустрэчу ў Менску пацьвердзіў і міністар замежных спраў Украіны Павел Клімкін. Ён кажа: час прымаць канкрэтныя рашэньні і дзейнічаць. «Тое, што адбываецца цяпер, — пакуль вельмі крохкае, але тым ня менш спыненьне агню — гэта вынік выкананьня менавіта намі менскіх дамоўленасьцяў. І цяпер нам трэба, каб Данецк, Луганск і Расея выканалі сваю частку менскіх дамоўленасьцяў», — падкрэсьліў міністар.

Баевікі хочуць «асаблівы статус»

Свой удзел у пасяджэньні менскай групы пацьвердзілі і прадстаўнікі груповак «ДНР» і «ЛНР», хоць, кажуць, іх ніхто не запрашаў. Даты правядзеньня сустрэчы ў Менску на гэтым тыдні агучыў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка: пра 24 і 26 сьнежня па тэлефоне дамовіліся прэзыдэнты Украіны, Расеі, Францыі і канцлер Нямеччыны.

У групоўках «ДНР» і «ЛНР» кажуць: і далей будуць настойваць на «асаблівым статусе» для падкантрольных ім тэрыторыяў. Акрамя таго, па словах сэпаратыстаў, яны будуць патрабаваць для сябе амністыі і зьняцьця, як яны кажуць, «эканамічнай блякады».

Пра амністыю і асобы парадак самакіраваньня для некаторых раёнаў Данбасу кіраўніцтва Ўкраіны казала пасьля заключэньня так званага Менскага пратаколу ў верасьні гэтага году. Сытуацыю абвастрылі незаконныя «выбары» на падкантрольных баевікам тэрыторыях на ўсходзе Ўкраіны. У адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны так званае «галасаваньне» 2 лістапада назвалі грэбаваньнем менскімі дамоўленасьцямі, і ў рэшце рэшт Рада нацыянальнай бясьпекі падтрымала ня толькі адмену закона аб адмысловым парадку самакіраваньня, але і спыненьне банкаўскага абслугоўваньня падкантрольных сэпаратыстам тэрыторыяў, а Кабінэт міністраў замарозіў іх фінансаваньне зь бюджэту.

«Трэба вітаць любыя перамовы»

Экспэрт па пытаньнях бясьпекі Юры Касьцючэнка лічыць, спадзявацца на істотныя вынікі сустрэчы ў Менску, верагодна, няма сэнсу, бо дамоўленасьці, дасягнутыя на папярэдніх такіх сустрэчах, як правіла, не выконваліся. У той жа час, на яго думку, важны сам факт перамоваў.

«Трэба вітаць любыя перамовы, тым больш, у цяперашняй сытуацыі, калі пагрозы залежаць ад мноства фактараў, у першую чаргу, міжнароднага ўплыву. Здольнасьць агрэсара дамаўляцца залежыць ад міжнароднай каньюнктуры», — лічыць ён.

Здольнасьць агрэсара дамаўляцца залежыць ад міжнароднай каньюнктуры

За апошні час, на думку экспэрта, гэтая міжнародная каньюнктура зьмянілася: рыторыку Крамля аб недатычнасьці да падзеяў ва Ўкраіне ніхто ўсур’ёз не ўспрымае, і Расею дэ-факта прызнаюць бокам канфлікту. Доказам гэтаму — узгадненьне даты правядзеньня чарговай менскай сустрэчы, што адбылося без удзелу сэпаратысцкіх груповак, у тэлефоннай размове лідэраў Украіны, Расеі і Эўразьвязу.

«Аб’ектыўна любыя перамовы спрыяюць зьніжэньню ўзроўню пагрозаў, хоць нейкія вялікія надзеі з гэтай нагоды мець, мабыць, няма сэнсу», — адзначае экспэрт.

У сваім сьвежым дакладзе Міжнародная крызісная група называе перамовы паміж бакамі канфлікту на ўсходзе Ўкраіны адзіным прымальным цяпер спосабам улагодзіць сытуацыю. Аналітыкі гэтай няўрадавай арганізацыі таксама ўказваюць на набліжэньне гуманітарнай катастрофы ў падкантрольных баевікам раёнах Данбасу і падкрэсьліваюць, што бакам неабходна як мага хутчэй дамовіцца пра падтрымку там грамадзянскага насельніцтва, пакуль зіма не перайшла ў найбольш суровую сваю фазу.

XS
SM
MD
LG