Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве мода на расейскія сьцяжкі


У Магілёве глуханямыя працягваюць прадаваць расейскія сьцяжкі кіроўцам. Іх улюбёнае месца — на скрыжаваньні праспэкту Касманаўтаў і вуліцы імя Лазарэнкі.

Жыхар райцэнтру Бялынічы Алег Мяцеліца сёньня засьпеў двух маладых людзей, якія прапаноўвалі аўтамабілістам такую прадукцыю. Паводле спадара Мяцеліцы, паводзілі хлопцы сябе нахабна. Адзначае, што ледзьве не на паўтулава ўлазілі ў салён машыны, абы ў іх купілі сьцяжкі.

У руках яны трымалі сьцяжкі афіцыйныя беларускія і расейскія, кажа Алег Мяцеліца. Да машын падыходзілі, калі тыя спыняліся на чырвонае сьвятло.

«Калі я падышоў да іх, то яны і мне прапанавалі. У сваіх паводзінах яны нічога кепскага, як высьветлілася, ня бачаць. На мігі паказваюць, што проста прадаюць. Я ім тады напісаў, што яны ня толькі глуханямыя, але і сьляпыя. Дапісаў, што іх гандаль вядзе да вайны. Ня ведаю, ці зразумелі яны мяне, але, сабраўшы свае торбы, сышлі са скрыжаваньня».

Алег прызнаецца, што не падумаў выклікаць міліцыю. Кажа, што першая рэакцыя на продаж расейскай сымболікі была эмацыйная:

«Было жаданьне спыніць такога роду гандаль. І калі яны сышлі, то я супакоіўся. Хоць потым і падумаў пра міліцыю».

Адзін з глуханямых хлопцаў, які прадае сьцяжкі ў Магілёве
Адзін з глуханямых хлопцаў, які прадае сьцяжкі ў Магілёве

Машын з расейскай сымболікай у Магілёве нямала. Большая частка кіроўцаў прызнаецца, што набывае сьцяжкі без асаблівага ідэалягічнага абгрунтаваньня. Некаторыя кажуць, што цяпер модна такую сымболіку мець у салёне, бо многія яе чапляюць. Ёсьць і ідэйныя прыхільнікі расейскага сьцяга.

Не назіраецца болей расейскіх сьцяжкоў у кабінах кіроўцаў грамадзкага транспарту. Зьніклі яны пасьля скаргі, якую даслаў кіраўніцтву аўтобуснага парку сацыял-дэмакрат Ігар Барысаў. Яму падзякавалі за пільнасьць. Грамадзяне таксама званілі кіраўніцтву тралейбуснага дэпо з пратэстамі.

Дагэтуль шмат расейскай сымболікі возяць магілёўскія маршрутнікі. На заўвагі яны не рэагуюць. Заяўляюць, што гэтая сымболіка ім падабаецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG