Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі крызіс і беларускія выбары


Эканамічная сытуацыя ў Расеі значна пагоршылася і працягвае ўскладняцца. Як гэта можа паўплываць на выбарчую кампанію 2015 году ў Беларусі, якая пачнецца і будзе праходзіць якраз на тле вострага эанамічнага крызісу ў Расеі?

Намесьнік старшыні партыі БНФ, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году Рыгор Кастусёў кажа, што не чакае афіцыйнага старту прэзыдэнцкай кампаніі, а ўжо цяпер выкарыстоўвае становішча ў Расеі падчас працы з насельніцтвам:

Рыгор Кастусёў, архіўнае фота
Рыгор Кастусёў, архіўнае фота

«Ва ўсялякім разе я гэта ўвесь час скарыстоўваю. Каля мільёна беларусаў падзарабляюць на жыцьцё ў Расеі. І яны ўжо пачулі пра пагаршэньне сытуацыі. Як для прыкладу, вось такая рэч: калі чалавек атрымліваў на месяц 30 тысяч рублёў, то ў Беларусь ён пераводзіў амаль тысячу даляраў. А цяпер з гэтых жа 30 тысячаў засталося дзесьці 650 даляраў. І для беларускіх сем’яў гэта стала вельмі адчувальным.

Я часта сустракаюся з такімі людзьмі. Асабліва ў рэгіёнах, у малых гарадах. І яны пра гэта ўжо адкрыта кажуць. А некаторыя кідаюць працу ў Расеі, таму што шмат грошай растрачваецца там на жыцьцё, і дамоў цяпер ужо прывозяць мізэр. Праўда, пакуль яшчэ ня ўсе гэта зразумелі. Бо пакуль захоўваецца назапашаны „тлушч“. Але ў 2015-м годзе гэта адназначна праявіцца. І таму беларускім дэмакратычным палітыкам, у тым ліку і з партыі БНФ, гэта трэба будзе абавязкова скарыстоўваць».

Першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч лічыць: пагаршэньне сытуацыі ў Расеі можа быць на руку дэмакратычным сілам у Беларусі, калі добра спрагназаваць, як гэта адаб’ецца на становішчы ў Беларусі:

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

«Мой прагноз, што ў хуткім часе нас чакае дэвальвацыя беларускага рубля. Наша эканоміка завязаная ў значнай ступені на Расею. Ня можа існаваць моцны беларускі рубель, калі ў Расеі ідзе поўны абвал і валюты, і рынку. Натуральна, гэта можа прывесьці да значных эканамічных цяжкасьцяў унутры Беларусі. І тады рэжыму давядзецца змагацца ня толькі з палітычнымі апанэнтамі, але і з грамадзтвам, якое будзе моцна незадаволенае сытуацыяй.

На што ў гэтым выпадку пойдзе рэжым, невядома. Тут могуць быць розныя варыянты. Аптымістычны прагноз — што ён пагодзіцца на паляпшэньне адносінаў з Захадам у абмен на крэдыты і пойдзе на пэўныя саступкі ў пляне палітвязьняў і дэмакратычных зьменаў. А пэсымістычны — працягнецца гандаль беларускай незалежнасьцю, і будуць здавацца кавалкі эканомікі ў абмен на стабілізацыю ў Беларусі».

Аляксандар Дабравольскі
Аляксандар Дабравольскі

«Тэарэтычна сытуацыю з абвалам расейскага рубля скарыстаць можна, — гаворыць Свабодзе сябра палітрады АГП Аляксандар Дабравольскі. — Але практычна гэта выглядае так. Страчаныя ўсе магчымасьці самарэгуляцыі. І зьнішчаныя ўсе дэмакратычныя мэханізмы. Свабодных выбараў ужо гадоў 15 як не было. І таму магчымасьцяў дэмакратычных сілаў (у самых розных, нават у любых канфігурацыях) будзе недастаткова для таго, каб зьмяніць сытуацыю.

Таму, акрамя, напрыклад, падрыхтоўкі выбарчай праграмы, стварэньня нейкіх аб’яднаньняў, якія ўжо ні на што не ўплываюць, трэба ўжо цяпер прагназаваць, як будуць разьвівацца падзеі. Магчыма ў наступным годзе Лукашэнка ня здолее павялічыць заробкі, як ён заўсёды рабіў перад выбарамі. Болей за тое, магчымы і вялікі фінансавы крызіс, паколькі ў Расеі зьявіліся свае вялікія праблемы. І яна ня зможа традыцыйна дапамагчы».

Алег Манаеў
Алег Манаеў

«Скарыстаць расейскую сытуацыю можна. Але я баюся, што беларуская апазыцыя зробіць гэта вельмі прымітыўна, — прагназуе заснавальнік Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных дасьледаваньняў доктар сацыялёгіі Алег Манаеў. — Магу адразу сказаць. Глядзіце, што з Расеяй: імпэрыя развальваецца. Яна сама сябе пажырае. Таму, беларусы, трымайцеся ад яе далей. Вось што будзе, калі казаць коратка. Калі так будзе рабіцца (а найхутчэй, так яно і будзе), то тады ніякіх плюсаў гэта нашай апазыцыі не дадасьць».

Карэспандэнт: «А як трэба зрабіць правільна?»

«Я — не паліттэхноляг. Але калі, зноў жа, казаць коратка, то ўсе вынікі апытаньняў за гадоў 25 паказваюць, што пераважная бальшыня беларусаў, як мінімум, ляяльна ставіцца да Расеі. А некаторыя сапраўды ставяцца да яе як да сяброўскай, брацкай, блізкай краіны.

Таму тут трэба, як кажуць, павярнуць на паўрумба і гаварыць: У Расеі эканоміка пачынае трашчаць. Людзі незадаволеныя. Чаму? — Таму што ў апошнія гады там усталявалася аўтарытарная ўлада. І яна шмат у чым ідзе беларускім шляхам. І калі ў маленькай Беларусі такое „праходзіць“, то за вялікай Расеяй назірае ўвесь сьвет. Таму ў нас разам з той часткай расейскага грамадзтва, якая імкнецца да дэмакратыі, свабоды, эўрапейскага шляху разьвіцьця, агульныя задачы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG