Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адток капіталу і падзеньне эканомікі — расейскія мэдыі пра ўплыў санкцый


Карыкатура Яўгеніі Алійнык

Карыкатура Яўгеніі Алійнык

Падаўжэньне эўрапейскіх санкцый будзе мець нэгатыўныя наступствы для эканомікі Расеі. Яны выявяцца ў выглядзе дадатковага падзеньня ВУП да 1,5% і адтоку капіталу, кажуць экспэрты.

22 чэрвеня міністры замежных спраў краін ЭЗ працягнулі дзеяньне эканамічных санкцый супраць Расеі да 31 студзеня 2016 году. Гэтае падаўжэньне санкцый можа прывесьці да дадатковага падзеньня ВУП на 1–1,5%, сказаў РБК дырэктар Цэнтру каньюнктурных дасьледаваньняў Вышэйшай школы эканомікі Георгій Астапковіч:

«Падзеньне ВУП у сёлета складзе каля 3%. Такім чынам, калі санкцыі падаўжалі без узмацненьня жорсткасьці, падзеньне ВУП па выніках году можа скласьці 3,5-4% ВУП. Максымальнае падзеньне магчыма ў выпадку, калі пагоршыцца коштавая каньюнктура на вуглевадародную сыравіну і спрацуе шэраг іншых, напрыклад, інфляцыйных, чыньнікаў».

Паводле дырэктара Цэнтру макраэканамічных дасьледаваньняў Ашчадбанку Юліі Цяпляевай, санкцыі прычыняюцца і да адтоку капіталу:

«У мінулым годзе адток капіталу склаў каля $ 150 млрд, зь іх адток $ 100 млрд быў справакаваны санкцыямі».

Згодна з прагнозам расейскага Міністэрства эканамічнага разьвіцьця, чысты адток капіталу ў 2015 годзе можа скласці каля $ 110 млрд.

Cёньня ўрад РФ унёс у адміністрацыю прэзыдэнта дакумэнт аб працягу харчовага эмбарга ў адказ на санкцыі ЭЗ. Пра гэта паведаміла журналістам прэс-сакратарка прэм’ер-міністра Расеі Натальля Цімакова, перадае ТАСС.

«Што тычыцца пераліку тавараў, на якія мяркуецца падоўжыць эмбарга, то ён застаецца практычна нязьменным, за выключэньнем раней абмеркаваных пазыцый, якія патрэбныя для рэалізацыі праграмы імпартазамяшчэньня. Напрыклад, такіх, як біяматэрыялы, маляўкі ды лічынкі для гадоўлі рыб і вустрыц», — патлумачыла Цімакова.

XS
SM
MD
LG