Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея скарачае пастаўкі нафты ў Беларусь. «У нас гібрыдныя дамоўленасьці», — экспэрт


Віцэ-прэмʼер Расеі Аркадзь Дварковіч

Віцэ-прэмʼер Расеі Аркадзь Дварковіч

Беларусь няпоўнасьцю разьлічылася з Расеяй за пастаўлены газ, таму пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь будуць скарочаныя.

Пра гэта журналістам заявіў віцэ-прэмʼер Расеі Аркадзь Дварковіч.

«Беларускія сябры нам, на жаль, не даплачваюць за газ. Гэта адбіваецца, у тым ліку, на бюджэце. Бо „Газпром“ зьяўляецца буйным падаткаплатнікам. Вядома, вымушаныя шукаць кампэнсацыі», — цытуе Дварковіча ТАСС.

Раней міністар энэргетыкі Расеі Аляксандар Новак заявіў, што пастаўкі нафты ў Беларусь у трэцім квартале могуць быць паменшаныя.

Ён патлумачыў, што гэта зьвязана з магчымасьцямі, сярод іншага, газанафтаправоднай сыстэмы.

Паводле «Газпрому», доўг беларускіх спажыўцоў за газ перад «Газпром трансгаз Беларусь» перавысіў $200 млн.

«Газпром трансгаз Беларусь» зьвярнуўся ў міжнародны арбітражны суд у сувязі зь недаплатай беларускімі субʼектамі гаспадараньня за пастаўкі расейскага газу.

Міністар энэргетыкі Беларусі Ўладзімер Патупчык заявіў, што Беларусь ня мае ніякага доўгу перад «Газпромам».

Беларускі бок лічыць справядлівай цану на расейскі газ у $73 за 1 тыс. кубамэтраў. Міністар энэргетыкі Расеі заявіў, што цана на расейскі газ для Беларусі складае $132 за 1 тыс. кубамэтраў.

Ці можа цяперашняя сытуацыя выклікаць нафтавую вайну?

Камэнтуючы сытуацыю карэспандэнту Свабоды кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук сказаў:

«Гэта не вайна. У нас паміж краінамі няма такой сытуацыі, калі кожная дамова дзейнічае незалежна, а канфлікты вырашаюцца ў судзе. У нас асымэтрычнасьць альбо гібрыдныя дамоўленасьці. І таму вырашае Крэмль, як можна спагнаць грошы альбо ня даць зарабіць Беларусі. Таму скарачэньне паставак нафты — гэта, безумоўна, яшчэ больш пагаршае становішча з нашым плацёжным балянсам, яшчэ меней у нас будзе валютнай выручкі, яшчэ большым будзе падзеньне экспарту.

І калі такое скарачэньне будзе ня толькі ў трэцім, а і ў чацьвёртым квартале, то мы можам атрымаць адзін-два працэнтныя пункты падзеньня ВУП. Таму гэта сапраўды сурʼёзная справа. Пад Усебеларускі народны сход для Лукашэнкі гэта дрэнны падарунак. І Лукашэнка мусіць гэту сытуацыю неўзабаве пракамэнтаваць».

XS
SM
MD
LG